Год моладзі завяршаецца, але праца з моладдзю працягваецца | Дзяннiца

Год моладзі завяршаецца, але праца з моладдзю працягваецца

Версия для печатиВерсия для печати

У гімназіі г. Шчучына адбылася сустрэча навучэнцаў з дэпутатамі раённага Савета дэпутатаў – дырэктарам ААТ “Шчучынаграпрадукт” Б.М. Куцам, начальнікам аддзела адукацыі, спорту і турызму У.Р. Дубком, ветэранам Узброеных Сіл, грамадскім актывістам В. М. Анашкіным. 
Па словах Наталіі Янаўны Лебедзь, у гімназіі лічаць за гонар прымаць такіх паважаных людзей. Дарэчы, статус народнага абранніка заслужана мае і сама дырэктар. Усе госці-дэпутаты актыўна працуюць кожны ў сваёй галіне, вядомы добрымі справамі. Таму адкрыты дыялог стаў цікавым і досыць разнапланавым па тэматыцы. 

У Год моладзі і 70-годдзя Вялікай Перамогі кіраўнік РА ГА “Беларускі Саюз афіцэраў”, намеснік старшыні раённай ветэранскай арганізацыі В.М. Анашкін палічыў патрэбным пагаварыць з гімназістамі пра патрыятызм і пачэсны абавязак быць абаронцам Радзімы. Віктар Мікалаевіч заклікаў памятаць, што за мірны сённяшні дзень заплачана мільёнамі жыццяў. Свой след на цяжкіх франтавых дарогах пакінуў і яго бацька – сяржант Мікалай Анашкін, узнагароджаны за гераізм у барацьбе з ворагам ордэнам Чырвонай Зоркі.
Б.М. Куц расказаў маладой аўдыторыі пра развіццё эканомікі раёна, сённяшнія працоўныя справы вялікага калектыву, якім ён кіруе вось ужо 23 гады. У “біяграфіі” сельгаспрадпрыемства многа слаўных старонак і значных перамог. Эфектыўнае развіццё не спыняецца. Днямі ў аграгарадку Ражанка здалі новы чатырохкватэрны дом, да Новага года навасёлаў прыме яшчэ адзін. Ідзе падбор кадраў для работы на МТФ “777”, якая будуецца. Барыс Міхайлавіч лічыць, што шукаць сваё месца ў жыцці моладзі трэба настойліва, а авалодваць новымі ведамі ніколі не позна. Так, ён сам ва ўзросце “за 40”  скончыў аспірантуру і абараніў дысертацыю. Закрануў кіраўнік-дэпутат і сваю грамадскую дзейнасць. “Уважліва адносіцца да людзей”, – так вызначыў Б.М. Куц уласную і іншых народных абраннікаў пазіцыю.
Аказалася, што В.М. Анашкін і Б.М. Куц яшчэ і творчыя асобы: прадэкламавалі аўдыторыі ўласныя вершы.
Галоўны настаўнік раёна У.Р. Дубок павёў з гімназістамі сур’ёзную размову пра сістэму ўлады ў краіне, паўнамоцтвы Прэзідэнта, месца і ролю органаў кіравання і самакіравання і г.д.. Выказаў і свае адносіны да ўстановы, дзе адбывалася сустрэча: “Я шчучынскай гімназіяй ганаруся!”. Уладзімір Раманавіч падкрэсліў, што высокі рэйтынг гімназіі ў рэспубліцы дасягнуты нястомнай працай навучэнцаў і педагогаў.
“Сустрэча цікавая і павучальная. Людзі адкрыліся па-новаму”, – выказалася дырэктар гімназіі Н.Я. Лебедзь і запрасіла дэпутатаў райсавета прыходзіць часцей.
Таццяна ПАЛУБЯТКА.
Фота аўтара.


З першых вуснаў
І.Ю. Сакалоўскі, старшыня раённага Савета дэпутатаў:

– Пачынаючы з сярэдзіны лістапада, на Шчучыншчыне праходзяць сустрэчы  нашых дэпутатаў з навучэнцамі ўстаноў адукацыі. Такім чынам было вырашана пашырыць фармат работы з прадстаўнікамі маладога пакалення, якому прадстаіць вызначаць будучае нашай краіны. 
Так, са старшакласнікамі Ражанкаўскага дзіцячага сада-школы мелі гутарку старшыня мясцовага сельвыканкама Віктар Валянцінавіч Бурдзей і дырэктар Шчучынскага філіяла Гродзенскага племпрадпрыемства Антон Станіслававіч Салкевіч. Дырэктар завода “Аўтапровад” Генадзій Віктаравіч Скітаў пабываў у СШ №2 г. Шчучына, а дырэктар РУП ЖКГ Дзмітрый Вячаслававіч Казаноўскі і выкладчык дзіцячай школы мастацтваў Артур Пятровіч Місюк – у першай гарадской школе. Асабіста я застаўся задаволены размовай з вучнямі і настаўнікамі ў аграгарадку Скрыбаўцы. Увогуле сустрэчы праходзяць у асноўным на тэрыторыі тых выбарчых акруг, дзе нашым дэпутатам быў аказаны давер прадстаўляць інтарэсы людзей у раённым Савеце. 
Такія сустрэчы карысныя для абодвух бакоў. Час хуткацечны. Многія з сённяшніх старшакласнікаў стануць нашымі пераемнікамі на кіраўніцкіх пасадах, у тым ліку ў органах дзяржаўнай улады. Таму вельмі цікава, чым жывуць, якім патэнцыялам валодаюць маладыя людзі, якой бачаць сваю ролю ў развіцці дзяржавы і грамадства. Што да дэпутатаў раённага Савета – а гэта людзі вопытныя і аўтарытэтныя – ім ёсць што расказаць пра сацыяльна-эканамічнае развіццё, сістэму ўлады ў краіне, ролю органаў мясцовага кіравання і самакіравання ў рэгіёне. Падчас такіх дыялогаў і выказаных прапаноў магчыма нараджэнне новых ідэй, якія будуць карысныя для ўсіх.