Цяпло снежаньскага дня | Дзяннiца

Цяпло снежаньскага дня

Версия для печатиВерсия для печати

Сёння адзначаецца Дзень інвалідаў. Яго не хочацца называць святам, ён існуе для таго, каб звярнуць увагу грамадства на людзей з абмежаванымі магчымасцямі,  дапамагчы ім адаптавацца ў жыцці і адчуваць сябе паўнапраўнымі грамадзянамі. У нашым раёне больш за 3180 чалавек маюць групу інваліднасці. З іх 302 чалавекі аб’яднала раённая арганізацыя ГА “Беларускае таварыства інвалідаў”.
     Цёплай і душэўнай атрымалася сустрэча, якую арганізавала для сваіх падапечных праўленне раённай арганізацыі “БелТІ”. Шчыра вітала гасцей старшыня  Р.А. Сарока.

Удзел у мерапрыемстве прынялі старшыня Гродзенскай абласной арганізацыі Беларускага таварыства  інвалідаў  В.В. Лукашэвіч і галоўны спецыяліст гэтай арганізацыі Л.У. Маціеўская, начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Шчучынскага райвыканкама А.П. Новік, дырэктар ТЦСАН С.У. Шанчук, кіраўнікі падраздзяленняў цэнтра.
     Як падкрэсліла Рэгіна Адольфаўна Сарока, іх грамадскае фарміраванне яднае і падтрымлівае людзей з абмежаванымі магчымасцямі, хаця існуе за кошт членскіх узносаў, ахвяраванняў  і спонсарскай дапамогі. Сёлета рады арганізацыі папоўнілі 13 чалавек. Жыццё тут бурліць, падапечныя прымаюць удзел у конкурсах, выставах, экскурсіях. Старшыня падзякавала кіраўнікам многіх арганізацый за плённае супрацоўніцтва.
     Аб мерах дзяржаўнай падтрымкі  людзей з абмежаванымі магчымасцямі расказалі В.В. Лукашэвіч і А.П. Новік. Як падкрэсліла Алена Пятроўна, у нашым раёне 14 аб’ектаў абсталяваны пандусамі і поручнямі, больш за 2 млрд. рублёў выдзелены з раённага бюджэту на дапамогу інвалідам, пяць маладых людзей з абмежаванымі магчымасцямі працаўладкаваны, трое праходзяць адаптацыю да працоўнай дзейнасці. 
     Арганізатары мерапрыемства паклапаціліся пра смачныя пачастункі для гасцей, цікавыя забавы. Хвалюючай была цырымонія ўзнагароджання актывістаў  граматамі і падзячнымі пісьмамі праўлення абласной арганізацыі ГА “БелТІ”. А цудоўным падарункам для ўсіх стала канцэртная праграма, якую падрыхтавалі самадзейныя артысты Каменскага Дома культуры.
     Ніхто з удзельнікаў  сустрэчы не застаўся без увагі. За гэта і за магчымасць пабыць у крузе сяброў яны шчыра дзякавалі Р.А. Сарока і ўсім, хто дапамог  арганізаваць такое цудоўнае мерапрыемства.
     Ала УЛАДЗІМІРАВА.
     Фота аўтара.