Веды пра ВІЧ – першы крок, каб не дапусціць распаўсюджанне віруса | Дзяннiца

Веды пра ВІЧ – першы крок, каб не дапусціць распаўсюджанне віруса

Версия для печатиВерсия для печати

У мінулым годзе ў Гродзенскай вобласці было зарэгістравана 75 выпадкаў ВІЧ-інфекцыі, за 10 месяцаў сёлета – ужо 106. Усяго ў рэгіёне жывуць 838 чалавек, якія з’яўляюцца носьбітамі ВІЧ. Сумнае “лідарства” ўтрымліваюць гарады Гродна, Ліда і Слонім. Павелічэнне колькасці ВІЧ-пазітыўных людзей адзначаецца і ў цэлым па рэспубліцы: на 1 кастрычніка бягучага года зарэгістравана 19 406 выпадкаў ВІЧ-інфекцыі. Увогуле кожны дзень у Беларусі дабаўляюцца 3-4 новыя выпадкі інфіцыравання вірусам імунадэфіцыту.

     Такія лічбы і факты, якія характарызуюць  эпідсітуацыю, назвала ўрач-эпідэміёлаг – загадчык аддзела прафілактыкі ВІЧ/СНІД Гродзенскага абласнога цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Н.Б. Кашлей. У гэтай установе ў мінулую сераду прайшоў абучаючы семінар з элементамі трэнінгу для журналістаў, якія пішуць на тэмы ВІЧ/СНІДу. Аўдыторыя была выбрана невыпадкова, бо веды пра ВІЧ – першы крок на шляху да зніжэння тэмпаў распаўсюджання і негатыўных наступстваў ВІЧ-інфекцыі. У нашым грамадстве запатрабавана і выклікае давер інфармацыя СМІ па гэтай тэме. Сутнасць і напрамкі інфармацыйна-прафілактычнай работы вызначаны ў Інфармацыйнай стратэгіі па ВІЧ/СНІДу, якая прынята і дзейнічае ў Беларусі. 
     Праблема ВІЧ/СНІДу застаецца вострай. У апошні час у рэспубліцы назіраецца тэндэнцыя заражэння ВІЧ-інфекцыяй палавым шляхам, падкрэсліла Н.Б. Кашлей. У Гродзенскай вобласці сёлета праз сексуальныя кантакты заразіліся 82% зарэгістраваных ВІЧ-пазітыўных пацыентаў. Адзначаецца і рост заражэння шляхам унутрывеннага ўвядзення наркатычных рэчываў (сёлета такіх 17%). Калі ў 2000 годзе асноўнай групай насельніцтва, інфіцыраванага ВІЧ, былі асобы ва ўзросце 20-29 гадоў (75%), то сёлета стала пераважаць катэгорыя ад 30 гадоў і старэйшыя.
      “Увогуле ВІЧ-інфекцыя не мае ўзросту, – акцэнтавала ўвагу Ніна Баляславаўна Кашлей. – Вірус можа патрапіць у арганізм і 15-гадовых падлеткаў, і пажылых людзей. На Гродзеншчыне ёсць факт, калі ВІЧ выявілі ў 75-гадовага мужчыны”.
      Дыягназ “ВІЧ-інфекцыя” ўсё часцей выстаўляецца жыхарам сельскай мясцовасці, падкрэсліла ўрач. Сёлета гэта тэндэнцыя характэрна для мяжуючых са Шчучыншчынай Лідскага і Воранаўскага раёнаў. Заражэнне пераважна адбывалася на тэрыторыі пражывання. Высветлілася, што ў 57% выпадкаў перадачы віруса палавым шляхам ВІЧ-станоўчыя пацыенты мелі больш за трох партнёраў. Групавы фактар адзначаецца ў 100% выпадкаў заражэння пры ўнутрывенным ужыванні наркотыкаў. Пры гэтым доля выяўленых “завозных” выпадкаў таксама пастаянна расла.
       Павялічваецца колькасць ВІЧ-інфіцыраваных жанчын. У мінулым годзе ад ВІЧ-пазітыўных мам у нашай вобласці нарадзілася 9 дзяцей, а за 10 месяцаў сёлета – 15: усе яны знаходзяцца на дыспансерным назіранні. Усяго ад жанчын, якія жывуць з вірусам у арганізме, за перыяд з 1987 года па кастрычнік 2015-га з’явілася на свет 123 дзіцяці, з іх 11 пастаўлены дыягназ “ВІЧ-інфекцыя”. Вельмі актуальнай з’яўляецца медыкаментозная прафілактыка перадачы ВІЧ-інфекцыі ад маці да дзіцяці, пераканана Н.Б. Кашлей. Шэраг мерапрыемстваў накіраваныя на тое, каб дзіця нарадзілася здаровым у ВІЧ-пазітыўных жанчын. Дарэчы, у нашай краіне забяспечаны доступ да бясплатнага лячэння ВІЧ-інфекцыі ўсім, хто мае ў гэтым патрэбу.
     Найбольш уразлівыя групы: жанчыны секс-бізнесу, мужчыны, якія маюць секс з мужчынамі, і спажыўцы ін’екцыйных наркотыкаў. Толькі апошніх на наркаўліку ў рэспубліцы знаходзілася летась звыш 10 з паловай тысяч чалавек. На аднаго зарэгістраванага прыходзіцца 6 незарэгістраваных. Расце колькасць спажыўцоў наркотыкаў з ВІЧ-інфекцыяй. 
     Цікавы рэжым работы семінара прапанавала журналістам і ўрач-валеолаг абласнога ЦГЭГЗ Л.М. Валкуновіч. Веды журналіста па праблеме ВІЧ-інфекцыі, яго ўласнае ўспрыманне і асэнсаванне вельмі важныя для таго, як і якімі моўнымі сродкамі будзе раскрыта гэта тэма, пераканана Людміла Міхайлаўна. Трэба не толькі інфармаваць, а прапагандаваць пэўныя мадэлі бяспечных паводзін. Спецыяліст дала шэраг каштоўных парад, а важныя веды па тэме ВІЧ/СНІД прапанавала засвоіць з дапамогай прэзентацый і відэаролікаў, інтэрактыўных гульняў і гульнявых практыкаванняў. Як аказалася, гэта вельмі змястоўныя і даступныя для ўспрымання формы атрымання інфармацыі.
     У прыватнасці, яркі відэаролік даходліва расказаў, што вірус імунадэфіцыту чалавека (ВІЧ) жыве толькі ў арганізме чалавека і паступова аслабляе яго імунную сістэму. Калі чалавек заразіўся і не прымае адпаведныя лякарствы, у яго можа развіцца СНІД. Дарэчы, часам праходзіць некалькі гадоў, перш чым у інфіцыраванага ВІЧ праяўляюцца першыя прыкметы хваробы. Доўгі час ён выглядае здаровым. ВІЧ-пазітыўным можа стаць любы, хто практыкуе рызыкоўныя формы паводзін: ужывае ін’екцыйныя наркотыкі і ўступае ў бязладныя палавыя сувязі. Праз бытавыя прадметы, поціск рукі ці абдымкі, пасцельныя прылады, пры карыстанні басейнам і г.д. вірус не перадаецца, гэтак жа як і праз укусы насякомых. На аднаразовых медыцынскіх інструментах яго проста не можа быць. 
     Ведаеце пра гэту праблему, але спадзеяцеся ці нават перакананы, што яна вас не закране? Памятайце: вірусу без розніцы вашы ўзрост, пол, прафесія, нацыянальнасць і г.д. Таму быць добра інфармаваным – сапраўды актуальна.
     Таццяна ПАЛУБЯТКА.
     Фота аўтара.


     Праяві ініцыятыву – прайдзі тэст на ВІЧ  
     У жыхароў вобласці ёсць адзіны спосаб даведацца пра свой ВІЧ-статус – здаць кроў на ВІЧ-інфекцыю. Для гэтага трэба звярнуцца ў любую лячэбна-прафілактычную ўстанову, дзе ёсць працэдурны кабінет. 
     Атрымаць кансультацыю спецыяліста і прайсці дабравольнае абследаванне на ВІЧ-інфекцыю таксама можна, звярнуўшыся ў аддзел прафілактыкі ВІЧ/СНІД ДУ “Гродзенскі абласны цэнтр гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя” (г. Гродна, пр-т. Касманаўтаў, 58, каб №9). Тэлефон “гарачай лініі”: (80152) 755748.
     Абследаванне на ВІЧ праводзіцца на аснове дабравольнасці, ананімнасці і канфедэнцыяльнасці. У вас возьмуць невялікую колькасць крыві і даследуюць яе ў лабараторыі. Вынікі тэсціравання чалавек зможа атрымаць толькі асабіста.