Да пабачэння, фестываль! | Дзяннiца

Да пабачэння, фестываль!

Версия для печатиВерсия для печати

Сёння Васілішкаўскі цэнтр культуры прымаў удзельнікаў VII абласнога фестывалю творчасці маладых інвалідаў “Калі мы разам – мы мацней!”. Амаль 200 маладых, таленавітых, мэтанакіраваных, цвёрдых духам людзей з усіх раёнаў Гродзеншчыны прыехалі на фестываль і прадэманстравалі, што хоць у іх абмежаваны фізічныя магчымасці, але ў  творчасці, дабрыні, шырыні іх душы няма межаў.
Удзельнікаў і гасцей фестывалю віталі старшыня камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Гродзенскага аблвыканкама  А.К. Зімнавода і намеснік старшыні Шчучынскага райвыканкама Г.С. Хвядзюк. Яны адзначылі, што фестываль нарадзіўся на Ашмяншчыне  і ўжо сёмы год крочыць  па гродзенскай зямлі і адкрывае ўсё больш талентаў. Удзельнікам вялікага свята выступоўцы пажадалі натхнення, удачы і поспехаў.

 На добрыя выступленні благаславіў прадстаўнікоў усіх раёнаў дэкан Шчучынскага дэканата Гродзенскай дыяцэзіі Рымска-Каталіцкай Царквы ў Беларусі Станіслаў Пыцель.
     І вось ажыла фестывальная сцэна.  Загучалі музычныя папуры, песні, вершы, здзіўлялі гледачоў кранаючыя гісторыі, весялілі казачныя і жартоўныя пастаноўкі, сцэнкі з вядомых рэтра-фільмаў. У зале панавала атмасфера дабрыні і душэўнага цяпла. Гледачы гарачымі апладысментамі падтрымлівалі артыстаў.
Два аддзяленні фестывалю праляцелі, як адно імгненне. Вельмі радасным і ўрачыстым момантам стала ўзнагароджанне ўдзельнікаў дыпломамі і каштоўнымі падарункамі. Госці, сярод якіх былі намеснік начальніка аддзела ўпраўлення арганізацыі сацыяльнай дапамогі камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Гродзенскага аблвыканкама В.Г. Сядзельнік, дырэктар Гродзенскага абласнога аддзялення Беларускага дзіцячага фонду Т.А. Чарвякова, старшыня Гродзенскага абласнога аддзялення Беларускага фонду міру А.А. Карней, спецыяліст праўлення абласной арганізацыі Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа А.С. Мядкоўская і іншыя, адзначылі высокае майстэрства выканаўцаў і дастойную арганізацыю мерапрыемства. 
     Ала УЛАДЗІМІРАВА.
     Фота аўтара.​