З.С. Рудзько: “Геаграфію мы вывучалі не толькі па школьных падручніках” | Дзяннiца

З.С. Рудзько: “Геаграфію мы вывучалі не толькі па школьных падручніках”

Версия для печатиВерсия для печати

Яна вучылася ў адным класе з унучкай легендарнага беларускага пар­ты­за­на дзеда Талаша, у 22 гады стала завучам Каменскай школы, кіравала ра­ён­най секцыяй географаў, была дэпутатам раённага і абласнога Савета дэ­пу­та­таў. Выдатніку народнай асветы БССР і СССР, былой настаўніцы геаграфіі СШ №1 г. Шчучына Зінаідзе Самуілаўне Рудзько споўнілася 90 год.

Да гэтай пары помню  ўрокі Зінаіды Самуілаўны і яе з указкай, якой яна эле­ган­т­на вадзіла па вялізнай карце свету, захопліваючы нас цікавымі апо­вя­да­мі пра далёкія краіны, таямнічыя астравы, старажытныя гарады. Прыз­на­ю­ся, мы, вучні, асабліва дзяўчынкі, глядзелі на карту, а заадно разглядвалі пры­го­жую сукенку настаўніцы, умела аздобленую някідкімі пацеркамі ці брошкай. “Геаграфічка”  ўваходзіла ў клас заўсёды ў добрым настроі, модна апранутая, вы­лу­ча­ла асаблівы шарм. І мы ўсе старанна вучылі геаграфію, бо такой нас­таў­ні­цы было проста сорамна дрэнна адказваць урок.
Зямлячка дзеда Талаша
Размова з Зінаідай Самуілаўнай напярэдадні яе юбілею праходзіла ў цёплай, ду­шэў­най абстаноўцы. Я была ўражана яе выдатнай памяццю, пазітыўным поглядам на жыццё. Са шчырага аповеду раскрылася шмат цікавых фактаў з яе біяграфіі.
– Я ж родам з Палесся, з Петрыкава,  з радзімы дзеда Талаша, ён у Навасёлках жыў, гэта за 10 кіламетраў, – з гонарам канстатавала Зінаіда Самуілаўна. – Між ін­шым, з яго ўнучкай у адным класе вучылася. Памятаю, прыслалі ў школу ма­ладзе­нь­кую настаўніцу гісторыі Феню Фёдараўну. Аднойчы вядзе яна ўрок, а ў дзверы заг­ляд­вае дзед Талаш і падміргвае ўнучцы, маўляў, выйдзі. Дзяўчынка паднялася і на­кі­ра­ва­ла­ся да дзвярэй. Мы ўжо прывыклі да такіх нюансаў, смяемся. А настаўніца абу­ра­ец­ца: вось дык дысцыпліна! Мы патлумачылі, што да чаго, яна выбегла з класа – ха­це­ла папрасіць прабачэння ў Талаша, але яго і след прастыў…
Назаўсёды застаўся ў памяці маёй настаўніцы першы дзень вайны. Яна была дзяў­чын­кай актыўнай, энергічнай, удзельнічала ва ўсіх школьных мерапрыемствах. У суботу, 21 чэрвеня 1941 года, у школе праходзіла раённая алімпіяда, і Зіна бадзёра ад­к­ры­ва­ла яе  радкамі аптымістычнага верша пра цудоўнае дзяцінства. Вынікі алім­пі­я­ды вельмі парадавалі дзяўчынку: вучні яе школы сталі пераможцамі і па­він­ны былі ехаць у воб­ласць. Аднак  усе планы парушыла вайна…
Бацька Зіны пайшоў з жыцця яшчэ да вайны. Ён быў суднавым майстрам, бу­да­ваў баржы. Аднойчы атрымаў цяжкую траўму, пяць гадоў правёў у ложку, так і не пад­няў­ся… Маці адна выхоўвала траіх дзяцей – у Зіны былі яшчэ сястра і брат. Жы­лі бедна, карміліся са сваёй гаспадаркі, спаўна зведалі жахі фашысцкай акупацыі, але, нягледзячы ні на што, выжылі, выстаялі.
Пасля вайны Зінаіда закончыла Пінскі настаўніцкі інстытут, а пазней – ге­аг­ра­фіч­ны факультэт Магілёўскага педагагічнага інстытута. Пасля вучобы ў Пінску па на­кі­ра­ван­ні прыехала працаваць у наш раён.
–  Першы запіс у маёй працоўнай кніжцы зроблены ў 1947 годзе, – адкрыла да­ку­мент Зінаіда Самуілаўна. – Уяўляеце, у 22 гады мяне прызначылі завучам Ка­мен­с­кай сярэдняй школы?! Гэта ж такая адказнасць, я вельмі старалася апраўдаць давер кі­раў­ніц­т­ва і  калег. Праз год мяне перавялі ў Ражанкаўскую школу, дзе таксама бы­ла завучам і выкладала геаграфію.
Работа мне падабалася, але ўсё ж цягнула на радзіму. У 1951 годзе я  на­ме­ры­ла­ся пакінуць Шчучыншчыну, аднак тагачасны загадчык райана В.М. Александрэнкаў уга­ва­рыў застацца. У гэтым жа годзе мяне перавялі працаваць у райцэнтр, у ся­рэд­нюю школу № 1, дзе я прарабіла ажно да 1987 года, да выхаду на заслужаны ад­па­чы­нак. Між іншым, давялося працаваць ажно з шасцю дырэктарамі.


“Паміраць не страшна, страшна страчваць сяброў…”


Салідны стос грамат і падзяк, значкі выдатніка народнай асветы БССР і СССР, дэ­пу­тац­кія пасведчанні, памятныя падарункі сведчаць аб працоўных поспехах і гра­мад­с­кай актыўнасці настаўніцы. Дарэчы, адзін падарунак для Зінаіды Самуілаўны асаб­лі­ва дарагі: на адной з абласных урачыстасцей знака­міты старшыня калгаса “Прагрэс” Аляксандр Дубко уручыў ёй прыгожую коўдру. Памятная рэч служыць да гэ­тай пары.
–  У Шчучыне жыву амаль семдзесят гадоў, мяркую, штосьці карыснае зрабіла для горада, ці не так? – з усмешкай пытаецца юбілярка і на хвілінку задумваецца. – Бу­ду­чы дэпутатам абласнога Савета, адстойвала інтарэсы сваіх выбаршчыкаў, якія ха­це­лі, каб Шчучын рос і развіваўся. І райцэнтр  будаваўся. З’явіліся кінатэатр, 9-па­вяр­хоў­кі, новая бальніца, школа, стаў расці новы мікрараён. А цяпер горад увогуле не пазнаць…
Нібы перакручвала кадры кінахронікі – успамінала свае лепшыя гады Зінаіда Са­му­і­лаў­на.
– Непаседлівая я была, ні сабе не дазваляла спакойна жыць, ні акружаючым,  – вы­нес­ла шчырае рэзюме мая суразмоўца.
Сапраўды, толькі заканчваўся вучэбны год, настаўніца з вучнямі адпраўлялася ў паходы і экскурсіі. Брэст, Мінск, Вільнюс, Юрмала, азёры Нарач,  Свіцязь – вось то­ль­кі некаторыя іх маршруты. Палюбіліся дзецям і вандроўкі па сваім раёне – з на­чоў­ка­мі на беразе Нёмана, з песнямі ля кастра. А сама Зінаіда Самуілаўна аб’ездзіла ўсю Еўропу, Прыбалтыку, бачыла Карпаты і Эльбрус, плавала на цеплаходзе па Вол­зе і Дняпры…
Невыпадкова яе ўрокі так захаплялі вучняў – яна расказвала пра тое, што ба­чы­ла і чым была ўражана сама. Аднойчы дзеці спыталі, што ўяўляе сабой Бер­лін­с­кая сцяна? Настаўніца расказала, што ведала, а летам купіла тур у Германію, на свае во­чы ўбачыла знакамітую славутасць, прывезла фатаграфіі і паштоўкі. Дапытлівыя хлоп­чы­кі і дзяўчынкі слухалі яе тады, як зачараваныя.
– Вучні любілі мяне слухаць, – прызнаецца юбілярка. – А расказаць было што. Я ўсе водпускі праводзіла ў паходах і паездках. Спорт любіла. Зімой не развітвалася з лыжамі і канькамі, а летам – з веласіпедам, бадмінтонам. Усё кудысьці спяшалася, не было калі пра сям’ю падумаць…
Апошняя выпадковая фраза выдала глыбока затоены боль адзіноцтва. Па во­се­ні жыцця ўсведамляць гэта нялёгка, асабліва калі падводзіць здароўе і трапляеш у па­лон чатырох сцен. Канешне, завітваюць суседзі, былыя вучні, маладзейшыя ка­ле­гі, па быце дапамагае сацыяльны работнік З.І. Цыбульская. Аднак…
– Усё трэба ўспрымаць, як належнае, час жыць – час паміраць, – мудра раз­ва­жае настаўніца. – А паміраць не страшна, страшна страчваць сяброў… Сумна, што ня­ма побач дарагіх для мяне людзей, калег і сяброў – Зоі Аляксандраўны Глаз, Веры Іва­наў­ны і Фёдара Іванавіча Багамазавых, Ліліі Іванаўны Астроўскай… Гэтым летам не стала маёй вернай сяброўкі Яўгеніі Кузьмінічны Абрамовіч. Для мяне вялікая стра­та…


“Я вучылася ў Рудзько і як вучаніца, і як настаўніца”


Такое прызнанне прагучала з вуснаў вядомай і паважанай у Шчучыне жан­чы­ны, настаўніцы гісторыі першай гарадской школы, захавальніцы створанага ёю му­зея баявой славы Ліліі Мікалаеўны Хрыптовіч, якая разам са старшакласніцамі – чле­на­мі савета музея –  прыйшла павіншаваць сваю настаўніцу-юбілярку. Дарэчы, у зна­мя­на­ль­ны для Зінаіды Самуілаўны дзень да яе завіталі з падарункамі былыя вуч­ні, калегі, ад ветэранскай “пярвічкі” настаўнікаў прыйшла павіншаваць яе старшыня Люд­мі­ла Іванаўна Кічко. Былі цёплыя, удзячныя словы, добрыя пажаданні, і ка­неш­не ж, успаміны.
– І цяпер трымаю сувязь з Вольгай Нікольнікавай, Наталляй Абрамовіч, Розай Чар­надзе­да­вай, – зазначыла юбілярка. – Гэта мае першыя выпускнікі, а ўсяго было ча­ты­ры выпускі. Вось Алена Лісоўская, Аня Адашчык – гэта мой апошні выпуск. І яны мяне не забылі,  прыгожа павіншавалі.
Дарэчы, вельмі многія вучні З.С. Рудзько сталі педагогамі. Мяркую,  гэта са­мая вялікая радасць для настаўніка.
Ала УЛАДЗІМІРАВА.
Фота аўтара.