Карабель выратавання | Дзяннiца

Карабель выратавання

Версия для печатиВерсия для печати

 21 лістапада царква Святога Архангела Міхаіла ў Шчучыне адзначае 150-гадовы юбілей

  Мемарыяльная дошка, устаноўленая ў храме, сведчыць аб тым, што царкву Архангела Міхаіла ў Шчучыне пабудавалі ў 1864-1865 гадах і асвяцілі 22 кастрычніка 1865 года. Царкву ўзводзілі для таго, каб умацаваць праваслаўе ў заходніх рэгіёнах Расійскай імперыі, бо паўстанне пад кіраўніцтвам К. Каліноўскага 1863-1864 г.г., хоць і было падаўлена, але распаўсюдзіла ідэю  адраджэння на беларускіх землях уніяцкай царквы.

  Работамі па ўзвядзенні храма кіраваў царкоўна-будаўнічы камітэт у складзе прадстаўнікоў царскай адміністрацыі. Мураваная царква абышлася ў 4 651 рубель 64 капейкі казённых грошай і была разлічана на 200 чалавек. У 1887 годзе Шчучынскі праваслаўны прыход ахопліваў мястэчкі Шчучын, Ражанка і 23 вёскі, усяго каля 500 душ.
  На патрэбы Шчучынскай царквы збіралі грошы нават у Тамбоўскай губерніі. У 1872 годзе на сродкі старасты Шчучынскай царквы Паўла Аляксандравіча Балагоўскага вакол храма была пастаўлена агароджа. Будавалася царква ў час праўлення імператара Аляксандра ІІ. Адметна, што цар і яго сям'я не абышлі ўвагай   невялікі Шчучын, размешчаны на ўскрайку Расійскай імперыі. Да гэтага часу ў храме беражліва захоўваюцца найвышэйшыя іх дары.
  Першым Шчучынскім благачынным (з 1861 па 1876 гады) быў свяшчэннік  Мікалай Іванавіч Тэадаровіч. А за ім – Мікалай Пічулеўскі, Віктар Плаўскі, Іосіф Давідовіч, Платон Станкевіч (на тэрыторыі храма пахавана яго маці), Пётр Семянткоўскі. Некаторы час у храме не было пастаяннага настаяцеля і службы перыядычна вёў ракавіцкі свяшчэннік айцец Уладзімір Флораў.
  З 1935 па 1951 год настаяцелем Свята-Міхайлаўскай царквы быў протаіерэй Пётр Агіцкі. Айцец Пётр і матушка Вольга Агіцкія пахаваны на тэрыторыі храма. Іх сын Дзмітрый Пятровіч Агіцкі закончыў Віленскую духоўную семінарыю, наведваў Віленскі ўніверсітэт, вучыўся ў семінарыі ў Жыровічах. З 1964 года пачаў працаваць у Маскоўскіх духоўных школах, дзе абараніў магістарскую дысертацыю, стаў прафесарам і загадчыкам аспірантуры. Пасля выхаду на пенсію пражываў у Шчучыне, у доме сваіх бацькоў. Памёр восенню 1996 года. Пахаваны каля шчучынскага храма побач з бацькамі.
  З 1951 па 1984 год настаяцелем Свята-Міхайлаўскай царквы быў протаіерэй Канстанцін Мяцеліца. З 1884 па 1993 год там служыў іерэй Пётр Каліноўскі, з 1993 па 1998 год – Мікалай Гмір. Дзякуючы яго намаганням пачала працаваць нядзельная школа, у храм было праведзена ацяпленне, перакрыты дах. 
  Новае дыханне царква атрымала, калі Шчучынскае благачынне ўзначаліў і стаў настаяцелем протаіерэй Міхаіл Велісейчык. У храме былі адрэстаўрыраваны ўсе іконы і набыта шмат новых, зроблены рамонт, добраўпарадкавана тэрыторыя каля храма. Усюды, дзе ні глянь, след руплівых рук айца Міхаіла і матушкі Валянціны. Праслужылі яны ў гэтай царкве з 1998 па 2013 год. 
  З 2001-га ў сувязі з павелічэннем колькасці прыхаджан сталі служыць два свяшчэннікі. Айцу Міхаілу па чарзе дапамагалі іерэі Георгій Субаткоўскі, Яўгеній Павельчук, Аляксандр Свістун, Аляксандр Пасцерняк. Зараз настаяцелем храма і благачынным Шчучынскай акругі з'яўляецца Аляксандр Пасцерняк, другі свяшчэннік – іерэй Сергій Сямашка. 
  Сённяшні настаяцель Аляксандр Пасцерняк актыўна працягвае добрыя справы айца Міхаіла Велісейчыка. 
  Юбілейныя даты прымушаюць нас глыбей пазнаваць і асэнсоўваць нашу гісторыю. Мы павінны помніць стваральнікаў храмаў і з удзячнасцю маліцца за іх. Яны – творцы найвялікшага духоўнага багацця, якім шчодра падзяліліся з намі. 
  Марыя ЧАРНЕЙ.


  У тэму
  Архангел Міхаіл – адзін з найвышэйшых анёлаў, які прымае самы непасрэдны ўдзел у лёсах Царквы. Імя Міхаіл на яўрэйскай мове азначае "Хто, як Бог". Архангел Міхаіл у Пісанні называецца "князем" і паказваецца як галоўны змагар супраць д'ябла і ўсялякага беззаконня сярод людзей. Адсюль яго царкоўная назва "архістраціг", г.зн. старшы воін, правадыр. 
  Царква Міхаіла Архангела ў Шчучыне пабудавана ў псеўдарускім стылі. План царквы нагадвае кампазіцыю старажытных зрубных храмаў. У царквы – шатровае пакрыццё з адным купалам. Званіца, якая ўзвышаецца над уваходам у храм, таксама ўвенчана купалам. Два купалы храма сімвалізуюць дзве існасці Ісуса Хрыста – божую і чалавечую. Калі ўгледзецца, сама канструкцыя храма нагадвае карабель, які нібыта ратуе хрысціян ад грахоўнага патопу сярод бурных хваляў жыццёвага мора. 
  З першых вуснаў
  Святлана ІВАНЬКО:

  – У Шчучыне я жыву з 1989 года. Аднойчы праходзіла міма храма і мне вельмі захацелася туды зайсці. Я пераступіла парог якраз у той момант, калі з амвону гучала пропаведзь свяшчэнніка. Паслухаўшы, адчула, што свяшчэннік гаворыць пра тое, чаго мне так не хапала многія гады. Я стала пастаянна хадзіць у храм, спачатку нават не разумеючы сэнсу службы. Кожная пропаведзь была для мяне сапраўдным адкрыццём. Я пазнаёмілася з духоўнай літаратурай, пра існаванне якой раней нават не здагадвалася. 
  У храме я сустрэла цудоўных людзей, спявала ў царкоўным хоры. Мае дзеці наведвалі нядзельную школу. Самыя значныя падзеі майго жыцця звязаны з гэтым храмам: тут я вянчалася, хрысціла сына, адпявала мужа. А самае галоўнае – я іду сюды са сваімі жыццёвымі клопатамі і турботамі і заўсёды атрымліваю разуменне, падтрымку і дапамогу. 
  Вольга КІРЫЛАВА:
  – Так склалася ў маім жыцці, што паняцці "царква", "хрышчэнне" прыйшлі да мяне ўжо ў дарослым узросце. Я помню сваё хрышчэнне ў храме Архангела Міхаіла, помню айца Пятра, які прывёў мяне ў царкву. Потым было вянчанне, хрышчэнне маіх дзяцей. 
  Страшнае гора напаткала нашу сям'ю: памерла наша любімая мама. Мы былі ў роспачы, не ведалі, што рабіць. Менавіта ў гэты момант Гасподзь паслаў нам на дапамогу айца Міхаіла і матушку Валянціну. Яны змаглі знайсці словы, каб суцешыць нас, дапамагчы, і сталі нашымі Настаўнікамі ў веры Хрыстовай. 
  Прыходзячы ў царкву, міжволі забываеш пра ўсе свае клопаты і праблемы. Тут заўсёды пануюць любоў, мір і спакой. На ўсе праваслаўныя святы мы стараемся памаліцца ў храме ўсёй сям'ёй.
  Ніна, прыхаджанка:
  – У святочныя дні я люблю хадзіць у царкву Архангела Міхаіла. Кожная служба кранае сэрца. Малітвы святароў, захапляючыя спевы пеўчых і прыхаджан ствараюць такое суладдзе, як быццам трапляеш у іншы свет, дзе забываюцца беды і няўдачы, дзе пануюць радасць, надзея, любоў. 
  Нягледзячы на тое, што царква наша невялікая па памерах, людзей заўсёды прыходзіць многа. Наш храм існуе для людзей. Тут мы молімся за мір і спакой у краіне, просім ва Ўсявышняга благадаці для кожнага з нас.