Жыць здорава ў любым узросце | Дзяннiца

Жыць здорава ў любым узросце

Версия для печатиВерсия для печати

 У аграгарадку Ражанка адкрыўся стацыянарны сацыяльны пункт

     – Ён ужо пяты ў нашым раёне, – расказвае А.А. Касцевіч, загадчыца аддзялення тэрміновага сацыяльнага абслугоўвання ТЦСАН. – У раёне такія пункты размешчаны ў г.п. Астрына,  у Шчучыне ў аддзяленні дзённага знаходжання для інвалідаў, упраўленні па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама. А на базе тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцва працуе “Салон міласэрнасці”. Галоўная мэта гэтых аб’ектаў – пашырыць ахоп сацыяльнай падтрымкай грамадзян, якія апынуліся ў складанай жыццёвай сітуацыі.

     Стацыянарны сацыяльны пункт у аграгарадку Ражанка размясціўся ў адміністрацыйным будынку сельвыканкама. І гэта невыпадкова. Сюды часта звяртаюцца грамадзяне. Іх заўжды гатова выслухаць Т.І. Новік,  сацыяльны работнік аддзялення тэрміновага сацыяльнага абслугоўвання. У гэтай сферы жанчына працуе ўжо два гады, яна мясцовая жыхарка, а таму добра ведае людзей, іх патрэбы. 
     – Часцей   па дапамогу звяртаюцца людзі пажылога ўзросту, – адзначае Тарэса Іосіфаўна. – Камусьці патрэбна купіць прадукты, дапамагчы прыгатаваць стравы, прыбраць дома, іншым – аплаціць камунальныя паслугі, схадзіць у аптэку па лякарствы і г.д.  Такія разавыя паслугі мы аказваем як на платнай, так і на бясплатнай аснове.
     Ужо першыя дні работы пункта даказалі яго запатрабаванасць у мясцовых жыхароў, сюды паступілі 8 зваротаў. Усяго на тэрыторыі Ражанкаўскага сельсавета размешчана 37 населеных пунктаў, тут пражываюць 1500 грамадзян пажылога ўзросту, з іх 969 – адзінокіх і адзінокапражываючых. Людзі звяртаюцца з самымі рознымі пытаннямі: як атрымаць  тэхнічныя сродкі рэабілітацыі, матэрыяльную дапамогу або аформіцца на сацыяльны ложак, спадзяюцца на вырашэнне іншых сваіх праблем. Па кожнаму пытанню Т.І. Новік дае падрабязную кансультацыю.
     Для таго, каб разнастаіць будні сяльчан, на базе стацыянарнага сацыяльнага пункта створаны клуб людзей “залатога ўзросту” “Жыць здорава!”  На днях адбылося яго першае пасяджэнне.
     –  Павышэнне юрыдычнай граматнасці, фарміраванне здаровага ладу жыцця, азбука бяспекі – гэтым і многім іншым аспектам будуць прысвечаны заняткі клуба, – адзначыла Святлана Уладзіміраўна Шанчук, дырэктар тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, якая прымала ўдзел у мерапрыемстве. – Сюды мы будзем запрашаць юрыстаў, работнікаў раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях, медыкаў і іншых спецыялістаў.  Так, наступная сустрэча пройдзе з удзелам псіхолага.
     У планах таксама цікавыя вандроўкі і падарожжы.
     – У свой час я выкладала геаграфію ў школе, а таму вельмі люблю падарожнічаць, –  дзеліцца Рыма Уладзіміраўна  Куклова, удзельніца клуба. – У бліжэйшы час плануем адправіцца па цікавых гістарычных маршрутах  нашай Шчучыншчыны: убачыць сонечны гадзіннік у вёсцы Ішчална, геадэзічны знак Дугі Струвэ, многія храмы з непаўторнай архітэктурай. Заняткі клуба ўзбагацяць нас духоўна, дапамогуць атрымаць новыя веды і новыя эмоцыі.
     – А самае галоўнае, яны кампенсуюць дэфіцыт зносін, які мы ў той ці іншай ступені адчуваем пасля выхаду на пенсію, – уступае ў дыялог Ванда Антонаўна Яцкевіч. – Я з нецярпеннем чакаю заняткаў, якія будуць прысвечаны здароваму ладу жыцця, бо сама прытрымліваюся правільнага харчавання, цікаўлюся аздараўленчай гімнастыкай.
     Адным з накірункаў дзейнасці клуба з’яўляецца і абучэнне  цырульніцкаму майстэрству. Тарэса Іосіфаўна Новік, якая ў свой час працавала цырульнікам, будзе праводзіць майстар-класы, вучыць жанчын, як правільна даглядаць за валасамі. Плануецца, што заняткі клуба будуць ладзіцца раз у месяц.
     – Назва клуба “Жыць здорава!” стала для нас сапраўдным дэвізам, – гаворыць Марыя Міхайлаўна Стэфановіч, удзельніца пасяджэння. – Я 35 гадоў працавала ў Ражанкаўскай СШ настаўнікам рускай мовы і літаратуры, зараз на пенсіі, а значыць, з’явілася шмат вольнага часу. Стварэнне такога клуба – гэта цудоўная магчымасць зносін, абмену жыццёвым вопытам і думкамі. У нас многа планаў і цікавых задумак, упэўнена, што мы зможам іх рэалізаваць.
     Усе ўдзельнікі клуба людзі творчыя, актыўныя, з пазітыўным успрыняццем свету. 
     – Мы ўсе жывём у аграгарадку і ведалі адна адну і раней, аднак клуб дапамог нам стаць не проста знаёмымі, а сапраўднымі сяброўкамі,  – дзеляцца Т.В. Піліпчык і Н.М. Стромская. – Мы гатовы выступаць і ў якасці валанцёраў, дапамагаць тым, хто мае патрэбу. 
     – У нашай прафесіі надзвычай важна ўмець знайсці падыход да кожнага чалавека, – адзначае Т.І. Новік. – Работа з людзьмі патрабуе асаблівых якасцей. Галоўнае, каб людзі ведалі, што ў любой  жыццёвай сітуацыі яны не застануцца сам-насам са сваёй праблемай. У стацыянарным сацыяльным пукце іх заўсёды гатовы выслухаць, прыйсці на дапамогу, а таксама разнастаіць іх вольны час.
     Вольга ЦІШКО.
     Фота Алёны ЭЛЬЯШЭВІЧ.


     Дарэчы
     У стацыянарным сацыяльным пункце размешчана ўся неабходная інфармацыя аб аказанні сацыяльнай дапамогі, атрымаць адказ на цікавячае пытанне можна і па тэлефоне, набраўшы нумар  49-3-95. Гэты сацыяльны аб’ект працуе штодзень, акрамя выхадных, з 14 да 16 гадзін.