Прыём з камфортам | Дзяннiца

Прыём з камфортам

Версия для печатиВерсия для печати

Прыкладна паўгода доўжыліся рамонтныя работы ў жаночай кансультацыі раённай паліклінікі. І вось нядаўна, напярэдадні Кастрычніцкага свята, медработнікі і пацыенты зноў вярнуліся, як кажуць, у свой куток – цяпер ужо абноўлены, прыгожы і ўтульны.
     – На рамонт кабінетаў і іншых памяшканняў, на замену вокнаў і мэблю выдаткавана прыкладна 360 мільёнаў рублёў, – гаворыць галоўны ўрач УАЗ “Шчучынская ЦРБ” Станіслаў Георгіевіч Амбрушкевіч. – Асноўныя работы выканалі будаўнікі ТАА “СаланСтройОпт”. А чысціню і парадак навялі самі работнікі – сярэдні і малодшы медыцынскі персанал.

     На сцяне ў калідоры – “букет” рознакаляровых шароў, як прыкмета нядаўняга наваселля, і мілыя постэры з усмешлівымі дзеткамі – напамін пра адно з галоўных прызначэнняў гэтага структурнага падраздзялення паліклінікі. Сапраўды, менавіта ў жаночай кансультацыі будучыя мамы знаходзяцца пад самым пільным медыцынскім наглядам, каб іх сыны і дочкі нарадзіліся здаровымі.
     – Стала так утульна, – дзеліцца жыхарка Шчучына Лілія Лава, якая прыйшла да ўрача. – Прыём вядзецца па талонах, што таксама зручна.
     Пагаджаюцца з маладой гараджанкай і іншыя пацыенткі. Ды і самі медработнікі задаволены добрымі зменамі. У прыватнасці, мае поўнае права параўнаць, як было ўчора і што ёсць сёння, медсястра А.Б. Гаеўская. У жаночай кансультацыі яна працуе ўжо 47(!) гадоў. “Пачынала яшчэ ў старой паліклініцы за возерам, – узгадвае Алена Баляславаўна. – Працаваць з  маладымі калегамі вельмі прыемна, а ў такіх цудоўных умовах – тым больш”. Падтрымлівае яе і акушэрка  Данута Іосіфаўна Бальцэвіч – вопытны спецыяліст з 32-гадовым стажам работы ў кансультацыі.
     Прашу дазволу зайсці ў адзін з урачэбных кабінетаў. Яго інтэр’ер выкананы ў светлых колерах, ад новых шафаў і сталоў сыходзіць ледзь улоўны фабрычны пах... Урач акушэр-гінеколаг Людміла Аляксандраўна Антановіч і акушэрка Алена Віктараўна Куроўская, якія вядуць тут прыём, успрымаюць перамены з адабрэннем і пагаджаюцца, што вартым дапаўненнем для абноўленых памяшканняў стане новае медабсталяванне.
     – Пытанні мацярынства і дзяцінства, павелічэння нараджальнасці – сярод прыярытэтных у сістэме аховы здароўя, – кажа загадчыца жаночай кансультацыі Алена Іванаўна Кургун. – Таму мы – вельмі важнае звяно ў медыцынскім абслугоўванні насельніцтва раёна. Лячэнне, кансультацыя, прафілактыка захворванняў, планаванне цяжарнасці – усё гэта актуальна ў адносінах да нашых пацыентак. Пра здароўе жанчын усіх узростаў клапоцяцца чатыры ўрачы, пяць акушэрак і працэдурная медсястра. За дзень на прыём у кансультацыю прыходзяць да 200 чалавек. Цяпер іх знаходжанне ў гэтых сценах будзе камфортным, зрэшты, як і ўмовы працы нашых работнікаў. Вялікі дзякуй адміністрацыі ЦРБ за разуменне мэтазгоднасці такога рамонту і фінансавае забеспячэнне.
     Дарэчы, услед за жаночай кансультацыяй рыхтуюцца справіць паслярамонтныя ўлазіны медперсанал і пацыенты неўралагічнага аддзялення Шчучынскай ЦРБ.
     Таццяна ПАЛУБЯТКА.
     Фота аўтара.