Да Кастрычніцкага свята – абноўленае аддзяленне | Дзяннiца

Да Кастрычніцкага свята – абноўленае аддзяленне

Версия для печатиВерсия для печати

     Сёння ў Шчучынскім псіханеўралагічным доме-інтэрнаце для састарэлых і інвалідаў пасля капітальнага рамонту ўрачыста адкрылася адно з аддзяленняў – восьмае па ліку, дзе цяпер створаны надзвычай камфортныя ўмовы для людзей, пра якіх тут клапоцяцца, і работы персаналу. 
     Грошы на добрую справу – 196 мільёнаў рублёў – выдзеліла дзяржава, а аўтарамі і выканаўцамі цяперашняй прыгажосці сталі самі работнікі сацыяльнай установы. Справа іх рук – усе падрыхтоўчыя і асноўныя рамонтныя работы: тынковачныя, шпаклёвачныя, малярныя, сантэхнічныя, за выключэннем усталявання электраправодкі. Рамонт праведзены за пяць месяцаў.

Цяпер тут усё -- ад падлогі да столі -- новае: сантэхніка, ложкі і бялізна, у тон сцен падабраны гардзіны на вокнах. Паклапаціліся і пра бяспеку насельнікаў: у аддзяленні ўсталяваны вогнеахоўныя дзверы.
     Вялікую ўдзячнасць за старанне і майстэрства выказаў калектыву дырэктар дома-інтэрната І.І. Каранкевіч. Задаволены зробленым і старшыня камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Гродзенскага аблвыканкама А.К. Зімнавода, які прыехаў, каб раздзяліць радасць наваселля з работнікамі дома-інтэрната. “У гэтага рамонту – асаблівая цана, бо ён зроблены сваімі рукамі, – адзначыў Анатоль Казіміравіч. – Усім вялікі дзякуй”. Старшыня камітэта выказаў упэўненасць, што Шчучынскі дом-інтэрнат пасля поўнага завяршэння рамонту стане адной з лепшых сацыяльных устаноў вобласці.
      На ўрачыстасцях прысутнічалі таксама начальнік аддзела па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Шчучынскага райвыканкама А.П.Новік і дырэктар ТЦСАН раёна С.У. Шанчук. Алена Пятроўна Новік падзякавала калектыву за работу ад імя кіраўніцтва раёна.
     – Мы вельмі стараліся завяршыць рамонтны працэс да 7 лістапада, каб ён стаў своеасаблівым падарункам да дзяржаўнага свята, – гаворыць дырэктар дома-інтэрната І.І. Каранкевіч. – Так сышлося, што сёння ў краіне асаблівы дзень – праходзіць інаўгурацыя Прэзідэнта. Менавіта Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка вызначыў клопат аб людзях, якія з-за хваробы маюць патрэбу ў дапамозе, адным з галоўных напрамкаў сацыяльнай палітыкі дзяржавы.
     Дарэчы, рамонт і абнаўленне ў гэтым доме-інтэрнаце працягваюцца на працягу апошніх гадоў і ўжо набліжаюцца да завяршэння. Да прыкладу, толькі ў 2013 годзе на гэтыя мэты было выдаткавана звыш 12 мільярдаў рублёў. Адрамантаваны фасад будынка і сталовая, устаноўлены шклопакеты, новае абсталяванне з’явілася ў лазні і пральні. Рамонт у васьмі з дзевяці аддзяленняў праведзены выключна гаспадарчым спосабам, што дазволіла зэканоміць бюджэтныя сродкі. Цяпер тут заканчваюць добраўпарадкаванне тэрыторыі. На наступны год намечана абнавіць медыцынскую часць: ужо закуплена абсталяванне на суму 137 мільёнаў рублёў.
     Таццяна ПАЛУБЯТКА.
     Фота аўтара.