Вектар добрых спраў і супрацоўніцтва | Дзяннiца

Вектар добрых спраў і супрацоўніцтва

Версия для печатиВерсия для печати

На прыватным прадпрыемстве "Вектар" створана прафсаюзная арганізацыя 

      На Шчучыншчыне дзейнічаюць 4 раённыя прафсаюзныя камітэты, якія аб’ядноўваюць 119 пярвічак. Новыя прафсаюзныя арганізацыі з’яўляюцца і на прыватных прадпрыемствах. 
     – Такой першай ластаўкай стала ў нашым раёне пярвічка ВПУП “Вектар”, якая  ўваходзіць у прафсаюзную арганізацыю Беларускага прафесійнага саюза работнікаў розных форм прадпрымальніцтва “Садружнасць”, – расказвае старшыня Шчучынскага раённага аб'яднання прафсаюзаў Юрый Тадэвушавіч Пашук. –Дарэчы, ініцыятарам гэтай справы быў дырэктар ВПУП “Вектар” Уладзіслаў Рамуальдавіч Сільвановіч. 

     Сёння гэта прадпрыемства ўпэўнена развіваецца, выпускае шырокі асартымент камплектуючых для машынабудоўлі. Прадукцыяй шчучынскага “Вектара” карыстаюцца больш за 300 беларускіх прадпрыемстваў, у тым ліку і такія гіганты, як МАЗ,  МТЗ, “Амкадор”, “ Гомсельмаш”. Сваю нішу нашы вытворцы занялі і на расійскім рынку – экспартуюць у краіну-суседку трубку ПВХ і гафрыраваную, паліваправоды, рамкамплекты да іх і іншае. 
     На прадпрыемстве дзейнічае цэх па вытворчасці трубак з ПВХ і цэх па  выпуску гафрыраванай трубкі і спіральнай стужкі, дзе, дарэчы, устаноўлена высокатэхналагічнае кітайскае абсталяванне. Ёсць свая атэставаная лабараторыя для іспытаў. Наладжана цесная сувязь з мясцовымі прадпрыемствамі. Так, частка трубак праходзіць выпрабаванне на заводзе “Аўтапровад”.
     ...У дзень нашага візіту на прадпрыемстве “Вектар” поўным ходам ішла работа. У вочы адразу кінуўся агрэгат, які  займаецца драбленнем сплаўленых кускоў пластмасы. Як высветлілася, гэта драбілка была закуплена сёлета. Яна дазваляе перапрацоўваць адходы і выкарыстоўваць іх для выпуску прыкладна 35% прадукцыі прадпрыемства.
     У другім памяшканні знаходзіцца агламерат, які дае другое жыццё старой цяплічнай плёнцы і іншым матэрыялам. Гэта другасная сыравіна трапляе ў Шчучын з мінскага і двух лідскіх прадпрыемстваў. Заключаны дагавор на перапрацоўку плёнкі і з Шчучынскім масласырзаводам. 
     – А вось для вытворчасці малочных шлангаў мы выкарыстоўваем гатовыя гранулы, – тлумачыць У.Р. Сільвановіч. – Раней выпускалі да 10 тон такой прадукцыі, але зараз па аб’ектыўных прычынах аб’ёмы скараціліся.  
     Перакананы, што ў бізнесе нельга стаяць на месцы, інакш цябе “абскачуць” канкурэнты. Таму ў бліжэйшы час плануем пашырыць асартымент выпускаемых запчастак да трактароў МТЗ. Да таго ж, ужо закуплены два энерганасычаныя такарныя станкі, якія  адначасова могуць упраўляцца аж з шасцю аперацыямі. 
     Ва Уладзіслава Рамуальдавіча да ўсяго гаспадарскі падыход. У планах – задзейнічаць пустуючыя сховішчы тэхнікі агульнай плошчай 1600 м. кв, якія знаходзяцца на тэрыторыі былой ваеннай базы ля Руткевічаў Для гэтага рыхтуецца інвестыцыйны праект  “Збор, сартыроўка і пераапрацоўка  адходаў пластмасы, якія ўзнікаюць на тэрыторыі Шчучынскага раёна і за яго межамі”. Дарэчы, пяць прадпрыемстваў ужо заключылі дагаворы на пастаўку сыравіны для ВПУП “Вектар”.
     Працоўны калектыў “Вектара” –  гэта 40 адданых сваёй справе людзей. Кожны работнік вырабляе ў месяц прадукцыі на 40 млн. рублёў. Плённа працуюць Уладзімiр  Мiхайлавiч Кiрдзюк, Вадзім Вячаслававіч Тарасевіч, Міхаіл Іосіфавіч Аліхвер, Уладзімiр Валянцiнавiч Мельнiкаў і іншыя.
     -- Мы стараемся стварыць усе належныя ўмовы для бяспечнай працы і адпачынку нашых работнікаў. Чарговым крокам у гэтым напрамку стала з’яўленне пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі, – гаворыць У.Р. Сільвановіч, які перакананы, што прафсаюзы сёння здольны вырашыць любыя задачы ў інтарэсах працоўных, замацоўваюць сацыяльныя гарантыі і льготы. Ці не таму ўсе работнікі “Вектара” адразу ўліліся ў прафсаюз?
     – Члены пярвічкі маюць магчымасць атрымаць матэрыяльную дапамогу пры нараджэнні дзіцяці, уступленні ў шлюб, з нагоды юбілеяў і дня нараджэння, у выпадку смерці блізкіх людзей і г.д., – расказвае старшыня прафкама Вадзім Вячаслававіч Тарасевіч. 
     Услед за ВПУП “Вектар” ажывілася грамадскае жыццё і ў іншых прыватных прадпрыемствах раёна. Арганізацыйныя сходы прайшлі ўжо на прадпрыемствах "Клубніка Плантс", ТДА “Вета” і “АрэолСтарт”,  ААТ “Праймілк” . Тут таксама маюць намер уліцца ў “Садружнасць”.
     – Адзначу, што ў гэтых і іншых прыватных арганізацыях ужо дзейнічалі сацыяльныя пакеты, –  гаворыць Юрый Тадэушавіч Пашук. – Цяпер для членаў прафсаюза прадугледжана яшчэ больш гарантый і льгот. Напрыклад, прафкамы будуць выдзяляць сродкі на правядзенне культмасавай работы, спартыўных мерапрыемстваў, на аздараўленне работнікаў і іх дзяцей. Не застануцца без увагі ветэраны вайны і працы, пажылыя людзі. 
     Ганна КАСПЕР.
     Фота аўтара.