Зялёны дэсант ад Чырвонага Крыжа – па вуліцы Заводскай ля новых дамоў закладзена “Алея дабрыні”

Ініцыятыву праявілі актывісты раённай арганізацыі Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа і валанцёры атрада “Твой выбар” першай гарадской школы. 
 – 60 саджанцаў маладых рабін нам выдзеліў для пасадкі Шчучынскі лясгас, дзе, дарэчы, актыўна працуе пярвічка “чырвонакрыжаўцаў”, – гаворыць старшыня раённай арганізацыі ГА БТЧК Галіна Станіславаўна Мацюк. – Дапамагаюць нам сёння і прадстаўнікі пярвічкі раённага цэнтра культуры і народнай творчасці. Удзячна кіраўніку валанцёрскага атрада Алене Уладзіміраўне Крачко, з якой плённа супрацоўнічаем і якая ўмее натхніць падлеткаў на добрыя справы.


Сапраўды, хлопцы і дзяўчаты вельмі стараліся.
 – Так склалася, што сёння я саджу першае дрэва ў сваім жыцці, – прызналася васьмікласніца Надзея Лях. – Вельмі сімвалічна, што мая рабінка будзе квітнець сярод іншых на “Алеі дабрыні”, стане часцінкай маладога сквера, які падрасце і абароніць зялёнымі кронамі жылы квартал ад дарогі. Упэўнена, што гэта толькі пачатак, і я пасаджу яшчэ не адно прыгожае дрэва, каб квітнела наша зямля.


Работу энтузіястаў курыравала майстар-азеляняльнік РУП ЖКГ Марына Юр’еўна Сянчыла. Маладыя дрэўцы акуратна падвязалі, паабяцалі арганізаваць іх рэгулярны паліў. Дарэчы, у гэтым сезоне ў межах гарадской рысы ўжо пасаджана 1 тысяча зялёных насаджэнняў. Надзвычай важна беражліва аднесціся да іх, працягваць даглядаць маладыя пасадкі, каб Шчучын наш сапраўды ператварыўся ў горад-сад.
Таццяна СТУПАКЕВІЧ.
Фота аўтара.