Злавіць рыбу голымі рукамі і разжыцца пеўнем можна было на шчучынскім кірмашы

Вуліца Леніна ажыла і загаманіла з самага ранку. Кірмаш – той дзень, калі вёска горад корміць. Для гараджан гэта цудоўная магчымасць  выгадна набыць сельскагаспадарчую прадукцыю, а для мясцовых гаспадарак, прадпрыемстваў і фермераў – зарабіць рубель.

Па садавіну і агародніну спяшаліся цэлымі сем’ямі. Многія закуплялі прадукцыю на ўсю зіму. Агульная сума за  пакупкі ў многіх выходзіла не малая, аднак гараджане прызналіся, што загадзя спланавалі свае расходы і  адклалі грошы  на кірмаш.  Кошт на ўсю сельскагаспадарчую  прадукцыю на кірмашы быў дэмакратычным, а капейка, як кажуць, рубель беражэ.

 Нават самыя патрабавальныя пакупнікі засталіся задаволенымі асартыментам тавару. Асаблівым попытам карысталіся збожжа, бульба, капуста, цыбуля, мяса і мясныя вырабы, рыба, яйкі, мёд, кветкі. А вось стаўку на яблыкі у гэтым годзе не варты было рабіць: іх урадзіла ў кожным садзе.

 На свяце панаваў асаблівы настрой. Было ўсё: сельскагаспадарчая латарэя, вясёлыя песні ды танцы, конкурсы, атракцыёны, юмарыстычная рыбалка. Актыўна працавалі разнастайныя падворкі і выязны гандаль. Сваімі рукатворнымі вырабамі радавалі народныя ўмельцы.   

Адметна, што сёлета  падчас кірмашу на стадыёне першай гарадской школы ўпершыню прайшоў конкурс “Шчучынскі пікнік”. У спаборніцтвах прынялі ўдзел 7 прадпрыемстваў і арганізацый раёна. Замест звыклага спортінвентару ўдзельнікі выкарыстоўвалі…  сельскагаспадарчую прадукцыю! Няпростыя конкурсы “Гарачая бульба”, “Снайпер ”, “Скрыня” , “Асілак”, “Боўлінг”, ”Беларускія пінгвіны”, “Баі падушкамі” і іншыя прыйшліся даспадобы і ўдзельнікам і гледачам. У выніку вызначылася тройка пераможцаў.  Першае месца ў каманды філіяла “Жалудоцкі агракомплекс”, другое – ў ААТ “АграГЖС”. Замкнула тройку лідараў каманда РУП ЖКГ.

Больш падрабязна пра восеньскае свята чытайце ў бліжэйшым выпуску газеты “Дзянніцы”.

Ганна КАСПЕР.

Фота аўтара i Аляксандра КАСПЕРЧУКА.

                     

 

Добавить комментарий

CAPTCHA
Этот вопрос задается для того, чтобы выяснить, являетесь ли Вы человеком или представляете из себя автоматическую спам-рассылку.
Fill in the blank.