Жывёлавод па прызванні, прафесіянал па жыцці

На ферме па адкорме буйной рагатай жывёлы “Клешнякі” ААТ “Васілішкі” дабіваюцца вельмі высокіх вытворчых паказчыкаў. С самага пачатку яе заснавання працоўны калектыў жывёлаводаў узначальвае О.С. Рамашкевіч – чалавек адказны, мэтанакіраваны, па-сапраўднаму ўлюбёны ў сваю прафесію. Осіп Станіслававіч ужо размяняў восьмы дзясятак, аднак не страціў бадзёрасці і аптымізму і па-ранейшаму з задавальненнем спяшаецца на працу.

– Я нарадзіўся ў вёсцы Мякішы ў шматдзетнай сялянскай сям’і: акрамя мяне, падрасталі брат і дзве сястры, – гаворыць Осіп Станіслававіч Рамашкевіч. – Пракарміцца ў пасляваенны час было няпроста, даводзілася шмат працаваць. З дзяцінства дапамагаў бацькам па гаспадарцы. Асабліва падабалася даглядаць хатнюю жывёлу, што і паўплывала на далейшы выбар прафесіі. 
Будучы старанным і кемлівым хлопчыкам, Осіп паспяхова закончыў восем класаў у Барэйшышкаўскай школе, а затым яшчэ тры – у Васілішкаўскай СШ. 
– Яшчэ падлеткам пайшоў працаваць у калгас “Іскра”, – кажа Осіп Станіслававіч. – Рэзаў сечку, карміў буйную рагатую жывёлу. А яшчэ даглядаў кароў аднавяскоўцаў: набіраў статак да 20 галоў і пасвіў увесь сезон. За кожную рагулю людзі давалі мне па 2-3 пуды зерня. Я яго малоў на муку, і мы пяклі духмяны хлеб. 
У 1967 годзе юнака забралі ў армію. Служыць давялося спачатку ў ракетных, а затым у танкавых войсках. Дэмабілізаваўшыся, Осіп паступіў і паспяхова закончыў Ваўкавыскі заатэхнічны тэхнікум, дзе асвоіў прафесію заатэхніка. 


– Пасля атрымання дымлома мне прапанавалі пасаду галоўнага заатэхніка ў калгасе “Перамога”, што на Слонімшчыне, – дзеліцца Осіп Станіслававіч Рамашкевіч. – Аднак я адмовіўся: вельмі цягнула дадому. Тады мяне накіравалі ў калгас імя Леніна ў Васілішкі. Тут я і пачаў сваю прафесійную дзейнасць.
Маладому спецыялісту даверылі малочнатаварную ферму “Аляксандраўка”, дзе ўтрымлівалася 130 кароў дойнага статка. Абслугоўвалі рагуль чатыры даяркі.
Менавіта на малочнатаварнай ферме “Аляксандраўка” Осіп Станіслававіч сустрэў сваю другую палавінку – Раісу Паўлаўну, якая працавала тут фельчарам. Каханне аказалася ўзаемным, і маладая пара хутка згуляла вяселле.
У снежні 1976 года была здадзена ў эксплуатацыю новая малочнатаварная ферма “Клешнякі” ў суседнім калгасе “Іскра”. Узначаліць яе прапанавалі О.С. Рамашкевічу, і той адразу згадзіўся, бо размяшкаўся вытворчы аб’ект блізка ад бацькоўскай хаты, якая на той час пуставала. Супругі пераехалі і хутка абжыліся на новым месцы.
– Калі я прыняў ферму, тут працаваў толькі адзін кароўнік, дзе “стаялі” 200 рагуль, – дзеліцца Осіп Станіслававіч. – Дойны статак абслугоўвалі 9 даярак, на кожную з якіх прыходзілася па 25 галоў. Сярэднясутачны надой складаў прыкладна 8 літраў малака. З уводам у эксплуатацыю яшчэ аднаго кароўніка пагалоўе кароў вырасла ўдвая, як і колькасць работнікаў на ферме. Усяго за два гады мы павялічылі сярэднясутачны надой да 13 літраў малака.
У 1977 годзе на ферме “Клешнякі” пабудавалі новы цялятнік, куды прывезлі 236 бычкоў. Павелічэнне нагрузкі Осіпа Станіслававіча зусім не напужала. Болей таго, пад яго ўмелым кіраўніцтвам мясцовыя жывёлаводы дабіліся высокай сярэднясутачнай прывагі быкоў – 900 грамаў.
– Мы цалкам выканалі ўсе даведзеныя вытворчыя паказчыкі, і кіраўніцтва гаспадаркі выдала нам прэмію: кожнаму жывёлаводу – па бычку, – успамінае Осіп Станіслававіч Рамашкевіч. – І такую “надбаўку” да зарплаты за сваю працавітасць мы атрымлівалі не адзін год! 
У 2004 годзе калгас “Іскра” ўвайшоў у склад ААТ “Васілішкі”. На ферму “Клешнякі” стаў паступаць больш якасны корм з дабаўленнем кансервантаў, што станоўча адбілася на надоях: раней тут за год ад кожнай рагулі атрымлівалі па 3 тысячы літраў малака, а пасля гэта лічба вырасла да 6 тысяч.
– У 2014 годзе быў здадзены ў эксплуатацыю новы малочнатаварны комплекс “Кронькі”, і каб яго цалкам укамплектаваць, мы ўвесь свой дойны статак перавялі туды, – гаворыць Осіп Станіслававіч. – Прызнацца, у той час думаў пайсці на заслужаны адпачынак, але дырэктар гаспадаркі Уладзімір Часлававіч Серахан пераканаў мяне застацца, сказаў што такія спецыялісты патрэбны ў сельгаспрадпрыемстве. І я яму за гэта вельмі ўдзячны, бо не ўяўляю сваё жыццё без працы! Увогуле, пад кіраўніцтвам Уладзіміра Часлававіча працаваць вельмі камфортна: ён сапраўдны прафесіянал, які дасканала ведае ўсе вытворчыя працэсы і неабыякава ставіцца да людзей. Дзякуючы яго намаганням на ферме “Клешнякі” была праведзена рэканструкцыя, і мы сталі займацца выключна вырошчваннем бычкоў. Зараз тут іх утрымліваецца 400, а з увядзеннем яшчэ аднаго цялятніка павялічым іх колькасць да 600 галоў.
 Даглядаць статак Осіпу Станіслававічу Рамашкевічу дапамагаюць жывёлаводы Гендрых Вацлававіч Вашчыла, Іосіф Вацлававіч Саўко і Станіслаў Юзэфавіч Салкевіч, якія бездакорна выконваюць свае абавязкі. Разам яны дасягаюць высокіх вытворчых паказчыкаў. Да прыкладу, сярэднясутачная прывага быкоў на ферме перавышае 940 грамаў.
За сваю працоўную кар’еру О.С. Рамашкевіч быў не раз удастоены ўзнагарод рознага ўзроўню, а ў 2016 годзе яму было прысвоена ганаровае званне “Заслужаны калгаснік”. Сёлета надчас святкавання Дня работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці ў Шчучыне Пісьмо-падзяку перадавіку ўручыў старшыня райвыканкама Сяргей Васільевіч Ложэчнік.
– Пасля працы я заўсёды спяшаюся дадому, дзе мяне чакае любімая жонка Раіса Паўлаўна. – Разам мы дастойна выхавалі дачку Наталлю, якая даўно пайшла з бацькоўскага гнязда і цяпер працуе сацыяльным педагогам у Васілішкаўскай сярэдняй школе. Мой асаблівы гонар – унучка Маргарыта, якая вучыцца ў 10 классе. Мы часта збіраемся ўсёй сям’ёй, і такія сустрэчы даюць мне неабходны зарад бадзёрасці, які не дазваляе сэрцу старэць!
Аляксандр КАСПЯРЧУК.
Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!