Жывуць у Зарэччы людзі працавітыя...Знаёмцеся з людзьмі, пра якіх можна пісаць хоць цэлыя аповесці

– У нашым сельсавеце ў кожнай вёсцы ёсць людзі, пра якіх можна пісаць хоць цэлыя аповесці, – на маю просьбу падказаць, куды накіравацца, каб знайсці чарговых герояў для праекта, запэўніў старшыня Шчучынскага сельвыканкама Станіслаў Яўгенюшавіч Возны. – А сёння мы наведаемся ў Зарэчча. Мясцовыя жыхары, з якімі сустрэнемся, усё сваё жыццё добрасумленна працавалі, за работу плённую былі адзначаны шматлікімі ўзнагародамі, заслужылі павагу сваіх аднавяскоўцаў, і кожны з іх пражыў душа ў душу са сваёй “палавінкай” не адно дзесяцігоддзе. 

У вёсцы Зарэчча – 44 жыхары. Больш за ўсіх – амаль 88 гадочкаў – пражыла на гэтым свеце яе старэйшая жыхарка Марыя Каролеўна Герасімчык. А самая юная зараччанка, якой усяго толькі 3,5 гадкі, – Палінка Варцаба. Назву гэта вёсачка, а прытуліліся да яе блізкія і далёкія хутары, атрымала за сваё месцазнаходжанне – за ракой Яцвязянкай, як яе называюць карэнныя вяскоўцы. Раней гэта рака была даволі вялікай, а зараз стала маленькім ручайком, які бярэ свой пачатак з мясцовых крыніц. 

Душа ў душу – да сапфіравага вяселля

Казімір Іосіфавіч і Ганна Людвікаўна Сільвановічы крыху больш чым праз два месяцы адзначаць 45 год сумеснага жыцця. Абодва кажуць, што гэты час праляцеў як адно імгненне. Казімір Іосіфавіч з 15 год пачаў працаваць у Барташах на ферме: бацька пайшоў з жыцця рана і яму трэба было дапамагаць маці і сёстрам. Закончыў Вярбілкаўскую школу і ў Ражанцы вывучыўся на трактарыста. Увесь працоўны стаж Казіміра Іосіфавіча – 44 гады, з іх 30 сезонаў правёў за штурвалам камбайна. Быў узнагароджаны медалём “За працоўную доблесць”.
Больш за дваццаць год Казімір Іосіфавіч – стараста вёскі. Людзі яго паважаюць за спакойны, ураўнаважаны характар, за тое, што нікому і ніколі не адмовіў у дапамозе. Калі сіл было больш, летам браў у рукі касу – і ў вёску. І адзінокім бабулькам надворкі абкосіць, і ўздоўж платоў па цэнтральнай вуліцы. І на сваёй сядзібе заўсёды парадак. Абавязкова загляне да аднавясковак, якія самі не заўсёды дойдуць да аўталаўкі: можа хлеб патрэбны або іншыя прадукты. 
Сваю Ганну Людвікаўну сустрэў, калі прыехаў у суседні калгас дапамагаць капаць бульбу. Спраўная, жвавая дзяўчына запала ў душу хлопцу з Поплава. Неўзабаве і вяселле згулялі. Шэсць год маладая сям’я жыла ў бацькоўскім доме Казіміра Іосіфавіча, а калі іх дачцэ Ірыне трэба было ісці ў першы клас, купілі хату і перабраліся ў Зарэчча. 
Ганна Людвікаўна нарадзілася ў мнагадзетнай сям’і – у яе бацькоў было дзесяць дзяцей. Таму і працаваць прыходзілася многа. 
– Помню, прыйду са школы і бягу на калгаснае поле за маму бульбу капаць, – расказвае Ганна Людвікаўна. – Капалі тады ўручную, матыкай. За кожны накапаны кошык давалі цэтлік, каб потым падлічыць, хто колькі зарабіў. 
Бацька Ганны Людвікаўны быў сталяром адмысловым. Гэта майстэрства пераняў у свайго бацькі, перадаў дзецям і ўнукам. 
Сама Ганна Людвікаўна больш за дваццаць год працавала даяркаю на ферме. Па 12 кароў прыходзілася даіць рукамі. Цяпер матуліну справу працягвае дачка – яна даярка на ферме “Жылічы”. 
– Усяго было амаль за паўвека нашага сумеснага жыцця, – разважае Казімір Іосіфавіч. – Увесь час пражылі ў працы. Трэба было і хатнюю гаспадарку даглядаць, і ў калгасе з рання да позняга вечара працаваць. З усім можна справіцца, але галоўнае – паважаць адзін аднаго і падтрымліваць. І з людзьмі абавязкова агульную мову знаходзіць.

Адной сцяжынай крочаць па жыцці

 Кошт сваім мазалём заробленага хлеба Іван Баляслававіч Бакун адчуў у зусім юным узросце: з 12 год ён ужо хадзіў працаваць да малатарні ў мясцовую гаспадарку “Радзіма”. Закончыў восем класаў Барташоўскай школы, вывучыўся на трактарыста ў Ражанцы і пайшоў служыць у армію. Тры гады правёў у Стаўрапалі Куйбышаўскай вобласці. Вярнуўшыся на сваю малую радзіму, зноў уладкаваўся ў калгас трактарыстам. Паколькі Іван Баляслававіч добра разбіраўся ў тэхніцы, яго перавялі ў механікі. Нават выйшаўшы на пенсію, яшчэ некалькі год быў цялятнікам, малаказборшчыкам. Працаваць умеў і не цураўся ніякай работы. Таму ў свой час і медаль атрымаў “За працоўную доблесць”.

Малая радзіма яго жонкі Валянціны Іосіфаўны – вёска Цейкаўшчына Ражанкаўскага сельсавета. Са сваім будучым мужам яна пазнаёмілася, калі пасля заканчэння Ашмянскага тэхнікума як малады спецыяліст прыехала працаваць у калгас “Радзіма”. Маладую ды прыгожую адразу запрыкмеціў Іван Баляслававіч. Пажаніліся. Дом, у якім жывуць да гэтай пары, некалі купілі і перанеслі з хутара ў вёску. Абое з мнагадзетных сем’яў, у якіх было па пяцёра дзяцей, і самі выхавалі двух сыноў і дачку. Радуюцца, калі іх адведваюць унукі, а іх у бабулі і дзядулі пяцёра. 
Валянціна Іосіфаўна 37 год адпрацавала ў калгасе бухгалтарам. І па хатняй гаспадарцы ўсё паспявала: дзве каровы, цяляты, свінні, гусі – усю жывёліну трэба было дагледзець. Праўда, муж заўсёды дапамагаў. Акрамя таго, стараўся ўсё зрабіць сваімі рукамі. 
Цяпер Іван Баляслававіч і Валянціна Іосіфаўна жывуць удваіх. Сын з сям’ёй – у Барташах, а дачка – у Гродне. Яшчэ адзін іх сын, на жаль, ужо пайшоў з жыцця. У апошні час Валянціну Іосіфаўну крыху пачало падводзіць здароўе. Але ж трымаецца малайцом. І пра сваё жыццё згадзілася расказаць. 
Не так доўга засталося чакаць, калі збярэцца ў доме Бакуноў уся іх сям’я: на Вялікдзень абавязкова прыедуць да бацькоў дзеці. Канечне ж, будзе гатаваць Валянціна Іосіфаўна розныя смакоты, каб пачаставаць сваіх самых дарагіх гасцей. Хіба ж можа быць што-небудзь больш важнае ў жыцці, чым сям’я?

Бацькоўскі дом – надзейны прычал 

На днях Данута Іванаўна Серахан адзначыць сваё 70-годдзе. На юбілей да любімай матулі і бабулі з’едуцца дзеці і ўнукі. Яны ўсе вельмі любяць бываць у бацькоўскім доме, дзе іх заўсёды чакаюць. А ўнукі да пачатку канікулаў дзянькі лічаць, каб прыехаць сюды. Дык гэта і зразумела! Вацлаў Іосіфавіч і Данута Іванаўна Серахан жывуць на хутары – вось дзе прастора! А летам яшчэ і прыгажосць! Дом, у якім збіраецца ўся вялікая сям’я – трое дзяцей і шасцёра ўнукаў – стаіць не адно дзесяцігоддзе, менавіта тут вырас Вацлаў Іосіфавіч. Яго мама рана пайшла з жыцця, а браты і сёстры, пакуль ён служыў у арміі, раз’ехаліся, і бацька застаўся адзін. Не мог яго пакінуць самы малодшы з дзевяцярых дзяцей. Толькі і бацька, а пры жыцці ён быў выдатны і вельмі паважаны ў гаспадарцы каваль, ненадоўга затрымаўся на гэтым свеце. 
– Ведаеце, як кажуць, не было б шчасця, ды няшчасце дапамагло, – гаворыць Данута Іванаўна. – Мы ж і пажаніліся чыста выпадкова. З сястрою майго мужа я разам працавала на будоўлі ў Гродне. А якраз жаніўся іх брат. Я прыехала на вяселле, дзе і пазнаёмілася са сваім Вацлавам. А ён толькі з арміі прыйшоў. У мяне ў той час вялікае няшчасце здарылася – згарэў бацькоўскі дом ў Старой Падражанцы. А ў Вацлава памёр бацька. Гора нас і аб’яднала. 

Няпроста было расціць ім чацвярых дзяцей, але ўсіх выхавалі дастойнымі людзьмі. Некалькі год таму адзін сын раптоўна пайшоў з жыцця. Яму было толькі трыццаць… Працавалі Вацлаў Іосіфавіч і Данута Іванаўна ў мясцовай гаспадарцы. Вацлаў Іосіфавіч – у будаўнічай брыгадзе, потым на трактары, даглядаў цялят на ферме. Сорак год – як адзін дзень праляцелі за работай. А Данута Іванаўна два дзесяцігоддзі працавала цялятніцай. 
– А да ўсяго яшчэ і гектар буракоў абраблялі, – дадае жанчына. – І на сваім гародзе заўсёды многа ўсяго садзілі, і гаспадарку вялікую трымалі. Цяпер дзіўлюся, як толькі і паспявалі. А на работу на коніку дабіраліся. І сёння ён наш першы памочнік па гаспадарцы. Для дзяцей усю садавіну і гародніну вырошчваем, і бульбачку яны ніколі не купляюць – усё сваё.
Мы шчыра павіншавалі гаспадыню з хуткім юбілеем і ад душы пажадалі здароўя ёй і ўсім яе блізкім. Ужо ад’язджаючы, убачылі, як Данута Іванаўна дастала з паштовай скрыні нашу “Дзяннічку”.
– Муж не можа без навін, – патлумачыла нам, і паспяшалася аддаць Вацлаву Іосіфавічу свежы нумар “раёнкі”.
…І на гэты раз мне пашанцавала з суразмоўцамі. Шчырыя, простыя, адкрытыя людзі, якіх цяпер сустракаецца ўсё менш. Нялёгкае жыццё не песціла іх. Але выпрабаванні, што выпалі на іх долю, толькі загартавалі іх і надзялілі яшчэ большай жыццёвай мудрасцю і разважлівасцю. 
Ганна РУДСКАЯ.
Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!