Жыву табою, хлебная ніва!

Кожны дзень, перад тым як прыступіць да ўборкі хлебнай нівы, патомны механізатар ААТ “Васілішкі” Юрый Іосіфавіч Жолік успамінае добрую бацькаву традыцыю: зрывае залаты колас, расцірае яго ў магутных далонях і спрабуе на смак зерне новага ўраджаю. Гэтага вопытнаму хлебаробу дастаткова, каб вызначыць, ці гатова збожжа да абмалочвання.

Мы падаспелі акурат да пачатку ўборкі новага ўчастка. Камбайнер Ю.І. Жолік хрумкнуў зернем і задаволена кіўнуў галавой, маўляў, можна ўбіраць.

– Штогод я і араю, і сею, і збіраю ўраджай, – гаворыць Юрый Іосіфавіч. – Аднак жніво для мяне – асаблівая пара: менавіта тады можна ацаніць якасць праведзенай работы. Бягучая ўборачная кампанія для мяне 24-ая! Безумоўна, ніводная вясна не бывае аднолькавая з папярэдняй. Ды і лета не падобна адно да аднаго. Сёлета, да прыкладу, мы сутыкнуліся з анамальнай спёкай, якая нядаўна саступіла месца ліўням. Усё гэта негатыўна адбілася на выспяванні азімых культур. А вось яравая пшаніца і ячмень атрымалі ўдосталь вільгаці, каб як след наліць свае каласы.

Ю.І. Жолік сядае за штурвал камбайна, і машына нібы ажывае: размерана рухаецца па полі, пакідаючы пасля сябе свежаўбраную паласу раллі. Чыста зрэзаныя каласы падхапляюцца шнэкам і па нахільным транспарцёры падаюцца ў малацільны апарат. Камп’ютар паведамляе камбайнеру аб абаротах барабана і ступені запаўняльнасці бункера. У кабіне працуе кандыцыянер, што робіць працу механізатара болей камфортнай. Юрый Іосіфавіч спакойна трымае рукі на джойсціку кіравання з кнопкамі, перыядычна кранаючы рычаг пераключэння хуткасцей. Педалі счаплення, газу і тормазу націскае машынальна. Таму з боку можа падацца, што камбайн рухаецца на аўтапілоце.

– Думаеце, усё так проста? – папярэджвае нас Юрый Іосіфавіч. – Нягледзячы на тое, што большасць вытворчых працэсаў у кабіне камп’ютарызаваныя, многае залежыць і ад самаго камбайнера. Кожная культура, кожнае поле патрабуюць індывідуальнай настройкі жняяркі, якую я правожу ўручную. У маёй галаве працуе свой камп’ютар, таму дакладна ведаю, калі неабходна павялічыць абароты барабана і адрэгуляваць іншыя вытворчыя працэсы. Хоць мая машына і не касмічны карабель, але каб вывучыць яго работу дасканала – патрэбна шмат часу.

Калі з рукава камбайна ў кузаў грузавіка хлынула залацістая рака, сэрца, прызнацца, затрапятала. Упэўнены, кожны, хто бачыў гэту карціну, не застанецца раўнадушным: незабыўны водар хлеба розносіцца над полем, а навокал кружыць мноства буслоў.

– Часам мне здаецца, што вось для гэтых імгненняў я і працую, – зазначае Ю.І. Жолік. – Майму камбайну ідзе ўжо 15 сезон, аднак ён не падводзіць. Даглядаю за ім, як за сваім аўто, таму тэхніка ў выдатным стане. За дзень убіраю да 20 гектараў, намалочваю да 100 тон.

На асабістым рахунку камбайнера шмат перамог. Так, у мінулым годзе яго агульны намалот перавысіў дзве тысячы тон. Васілішкаўскі хлебароб не раз прымаў удзел у абласных і рэспубліканскіх дажынках. За высокія дасягненні ўзнагароджваўся граматамі і каштоўнымі падарункамі.

І няхай праца на зямлі не з лёгкіх, Юрый Іосіфавіч прызнаўся, што ні на якія скарбы не прамяняе гэту бацькоўскую спадчыну. Кожны выхад у поле для яго асаблівы. Залатая ніва дорыць пачуццё ўпэўненасці і спакою.

– Дык кажуць, што адзін у полі не воін? – пытаюся я.

– Працаваць талакою, безумоўна, весялей… Але часам даводзіцца і сам-насам заставацца. З полем мы не ваюем, а сябруем, таму і справа ладзіцца.

Як сапраўдны гаспадар Юрый Іосіфавіч хвалюецца за якасць уборкі і ўраджайнасць, стараецца, каб ніводнае зярнятка не прапала. За клопат поле аддзячвае шчыра – кладзецца ў засекі адборным зернем.

Падчас жніва працаваць даводзіцца ад ранку да позняга вечара. Дадому Юрый Іосіфавіч вяртаецца, калі ў суседніх дамах святло ў вокнах ужо не гарыць… Жонка Наталля Антонаўна на мужа за спазненне не крыўдуе. Яна сама працуе ў гаспадарцы і як ніхто іншы разумее, што падчас уборкі кожная хвіліна на вагу золата. Разам Жолікі выхавалі дзвюх дачок-прыгажунь, якія ў хуткім часе стануць дыпламаванымі ўрачамі. Хутка выраслі дзеці. Юрый Іосіфавіч успамінае, як некалі браў іх з сабой на працу ў поле. Можа таму ў гэтай дружнай сям’і асабліва шануюць хлеб.

Колькі заважыць сёлетні каравай – яшчэ не вядома, аднак калі за работу бяруцца такія вопытныя, сэрцам адданыя сваёй справе прафесіяналы, то будзем з хлебам! Дарэчы, сёння Ю.І. Жолік адзначае свой 45-гадовы юбілей! З Днём нараджэння, хлебароб!

Аляксандр КАСПЯРЧУК.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!