Жыхарка вёскі Прудцы Каменскага сельсавета стала ўдзельніцай рэкламнай гульні “Шчаслівы ўклад” і выйграла прыз – залаты мерны злітак наміналам 5 грамаў

Жыхарка в. Прудцы Каменскага сельсавета Ірына Мацвееўна Вінча стала ўдзельніцай рэкламнай гульні “Шчаслівы ўклад” і выйграла прыз – залаты мерны злітак наміналам 5 грамаў коштам чатырыста восемдзесят беларускіх рублёў.

– Безумоўна, вельмі абрадавалася такой навіне, – расказвае 83-гадовая бабуля. – Прыемна, што мне ўсміхнулася ўдача. Я ж за ўсё жыццё ніколі нічога не выйгравала. А гэта адкрыла ўклад у аддзяленні “Аграпрамбанка” ў Шчучыне, і ён аказаўся шчаслівым! 
Як расказала Ірына Мацвееўна, пакуль яна жыве ў пляменніцы ў Шчучыне. Таму вельмі здзівілася, што аднойчы ў кватэры зазваніў тэлефон, і ёй паведамілі, што яна выйграла злітак. У бліжэйшы час шчаслівая ўдзельніца гульні павінна была атрымаць пісьмо-пацвярджэнне. З гэтым пісьмом бабуля і накіравалася ў банк за больш падрабязнымі тлумачэннямі.
– Якія прыемныя і тактоўныя людзі тут працуюць! – шчыра дзякавала Ірына Мацвееўна намесніку начальніка ЦБУ №411 у г. Шчучыне Ліліі Станіславаўне Балдзінай і галоўнаму спецыялісту па абслугоўванні прыватных кліентаў Аляксандру Яўгеньевічу Казлову. –Усё мне расказалі, патлумачылі. Толькі вось узнікла адна праблема: па прыз трэба было ехаць у Мінск. Я так ім адразу і сказала, што на аўтобусе не даеду. Няхай гэты злітак застаецца дзяржаве. Дык яны і тут дапамаглі: арганізавалі транспарт, каб з’ездзіць у сталіцу. Вялікі ім дзякуй, так уважылі бабулю!
– Рэкламная гульня “Шчаслівы ўклад” праводзіцца з 1 жніўня 2018 года па 10 красавіка 2019 года, – расказвае Аляксандр Яўгеньевіч. – Прыняць удзел у гульні могуць фізічныя асобы, якія зрабілі тэрміновы безадзыўны ўклад з 1 жніўня 2018 па 31 студзеня 2019 года ўключна на першапачатковы тэрмін ад 185 дзён на вызначаную суму. Галоўны прыз –адна аднапакаёвая кватэра ў г. Мінску. Уладальнік галоўнага прыза вызначыцца 13 лютага 2019 года. Акрамя таго, разыгрываюцца і 50 заахвочвальных прызоў, якія складаюцца з аднаго залатога мернага злітка наміналам 5 грамаў. Розыгрыш заахвочвальных прызоў будзе праходзіць у пяць этапаў, у кожным з якіх вызначацца па 10 шчасліўчыкаў. Ірына Мацвееўна і стала адным з такіх шчасліўчыкаў. 
Як распарадзіцца выйгрышам, Ірына Мацвееўна пакуль не вырашыла. Але што ён стаў выдатным падарункам на хуткае 84-годдзе, дык гэта адназначна!
Ганна РУДСКАЯ.
Фота аўтара. 

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!