Жыхар аграгарадка Ражанка Леанід Васільчык лічыць, што для сапраўднага дэсантніка няма нічога немагчымага

Жыхар аграгарадка Ражанка Леанід Леанідавіч Васільчык не па чутках ведае, что такое пад’ём па трывозе, начны марш-кідок у поўнай баявой выкладцы, а таксама скачкі з парашутам з вышыні 800 і 1200 метраў. Таму Дзень паветрана-дэсантных войск для яго не проста дата ў календары, а сапраўднае свята. 

– Мой старэйшы брат Сяргей служыў дэсантнікам у Каўнасе, – гаворыць Л.Л. Васільчык. – Другі брат Аляксандр – таксама дэсантнік, якому давялося прайсці праз Афганістан. Калі я заканчваў школу, то цвёрда вырашыў, што, як і браты, буду насіць блакітны берэт.


Атрымаўшы атэстат, Леанід Леанідавіч запісаўся на вадзіцельскія курсы ў ДТСААФ і паспяхова асвоіў прафесію шафёра-механіка. А перад самым прызывам… ажаніўся.
– Вельмі закахаўся ў маладую дзяўчыну Раісу, якая жыла ў суседняй вёсцы, – гаворыць Л.Л. Васільчык. – Вось і прапанаваў ёй руку і сэрца. Яна згадзілася, і мы распісаліся. А ўжо ў маі 1989 года мяне забралі ў армію. Я паспяхова прайшоў медкамісію і быў накіраваны ў заходнюю групу войскаў у Германскую Дэмакратычную Рэспубліку. Служыць давялося ў асобнай дыверсійнай роце спецыяльнага прызначэння, якая дыслацыравалася ў горадзе Стэндаль. Мы былі практычна засакрэчанымі і падпарадкоўваліся толькі штабу арміі і напрамую Маскве. 
З першых дзён Леанід Леанідавіч зразумеў, што служыць у паветрана-дэсантных войсках даволі складана, але вельмі цікава. Навабранцаў вучылі страляць з розных відаў зброі, знаёмілі з устройствам гранат і мін, праводзілі тактычную і інжынерную падрыхтоўку, тлумачылі асновы тапаграфіі. Раз у тры месяцы салдаты здавалі залік, дзе дэманстравалі атрыманыя навыкі. 
– Нас рыхтавалі як прафесіянальных разведчыкаў, – расказвае Леанід Леанідавіч. – Штодзень мы бегалі двухкіламетровы крос, а ў канцы тыдня рабілі дзесяцікіламетровы марш-кідок на стрэльбішча. Бегчы даводзілася ў поўнай баявой выкладцы, а гэта ні многа ні мала 25 кілаграмаў. “Дзясятку” я пераадольваў за 50 хвілін. Улічваючы, што акрамя складнога ўкарочанага аўтамата Калашнікава я дадаткова нёс на сабе ручны супрацьтанкавы гранатамёт, які важыць 7,5 кг, – гэта вельмі добры вынік.
Не раз роту, дзе служыў Леанід Леанідавіч, падымалі па трывозе і накіроўвалі на заданне. За ноч разведчыкі пераадольвалі па 60-70 кіламетраў. Неяк падчас пераправы праз рэчку згубілі аўтамат. Усёй ротай ныралі і адшукалі пад вадой зброю.
– Я добра памятаю свой першы скачок з парашутам, – прызнаецца наш суразмоўца. – Вельмі хваляваўся, каб зрабіць усё правільна. Усё прайшло выдатна, прызямліўся ўдачна. У асноўным мы ляталі на верталётах МІ-8 і МІ-6 і скакалі з вышыні 800 метраў. А аднойчы мне пашчасціла ажыццявіць зацяжны скачок з вышыні 1200 метраў. Усяго на маім рахунку 28 скачкоў з парашутам.


Л.Л. Васільчык не раз прымаў удзел у вучэннях, якія былі арганізаваны ва ўмовах, максімальна набліжаных да баявых.
– Аднойчы нас паднялі ноччу па трывозе і далі загад сабраць разведдадзеныя аб колькасці верталётаў, якія павінны знаходзіцца ў вызначаным квадраце, – успамінае Леанід Леанідавіч. – Мы і падумаць не маглі, што нашы афіцэры дамовіліся з кіраўніцтвам суседняй верталётнай часці правесці начны марш-кідок. Салдатам, якія стаялі ў каравуле ля верталётаў, далі аўтаматы з халастымі патронамі, аднак яны аб гэтым не ведалі. Адным словам, усё было арганізавана нібы рэальная дыверсійная вылазка ў тыл праціўніка. І мы справіліся з пастаўленай задачай! Падчас яшчэ адных вучэнняў шукалі ў лесе зенітна-ракетныя комплексы, ролю якіх ігралі гумовыя макеты.
Дэмабілізаваўшыся, Л.Л. Васільчык вярнуўся дадому і ўладкаваўся на працу спачатку ў “Райсельгастэхніку”, а потым на Шчучынскі рамзавод, дзе растачваў каленчатыя валы. Пазней асвоіў прафесію матарыста і зараз займаецца рамонтам рухавікоў. Да ўсяго Леанід Леанідавіч выконвае абавязкі інструктара-метадыста ў Ражанкаўскім сельсавеце: арганізоўвае трэніроўкі па футболе, валейболе і баскетболе, заахвочвае аднасяльчан займацца спортам.


– Для сапраўднага дэсантніка няма нічога немагчымага! – упэўнены Л.Л. Васільчык. – Менавіта па такім прынцыпе я і жыву, таму і дабіваюся многага. Захапляюся гіравым спортам: мой асабісты рэкорд – 230 падняццяў 24-кілаграмовай гіры за 10 хвілін. І я абавязкова яго паб’ю! Яшчэ люблю спаборнічаць у перацягванні каната. Усяго ў маёй скарбонцы каля 100 медалёў і больш за 20 кубкаў.
У Дзень паветрана-дэсантных войскаў Леанід Леанідавіч будзе прымаць віншаванні ад жонкі Раісы Іванаўны, сына Аляксандра, дачкі Раісы і іх сем’яў. Абавязкова прыедуць у госці да дзядулі-волата ўнук Захар і ўнучка Васіліса. А калі ўся сям’я ў зборы – ці гэта не свята?
Аляксандр КАСПЯРЧУК.
Фота аўтара. 

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!