Жыццёвы баланс Галіны Васевіч

У сярэдзіне студзеня Шчучынскі раён адзначыць 80-гадовы юбілей. Знакавая дата – выдатная нагода сказаць добрае слова пра людзей, якія аддалі шмат сіл, ведаў і здольнасцей для развіцця рэгіёна, яго эканамічнай стабільнасці, сацыяльнага камфорту і культурнага росквіту. З іх ліку і Галіна Васільеўна Васевіч. Амаль 40 год, з 1970-га па 2009-ы, яна працавала ў фінансавым аддзеле райвыканкама, дзе і завяршыла прафесійны шлях на пасадзе намесніка начальніка.

Двойчы выдатніца

Дзяўчынка з Аленкаўцаў Галя Субач не марыла стаць фінансістам. Магла ісці ў любую прафесію: гуманітарныя і дакладныя прадметы даваліся аднолькава добра. Скончыла Скрыбаўскую (на той час Гардзееўскую) школу з залатым медалём і падала дакументы ў фінансавы тэхнікум. “Медалістаў бралі туды без экзаменаў, – тлумачыць яна сёння свой крок. – І, лічу, патрапіла куды трэба”. Здольная навучэнка выйшла са сцен тэхнікума з глыбокімі ведамі і дыпломам з адзнакай. Размеркавалася ў Шчучын, эканамістам у фінансавы аддзел. Адразу ж паступіла на “завочку” ў даволі прэстыжны “наргас”. І тут яе чакаў поспех: усе выпускныя экзамены студэнтка Васевіч (на той момант была ўжо замужам) здала на выдатна! “А магла стаць добрым адвакатам, бо па характары абаронца, – усміхаецца субяседніца. – Але ніколі не шкадавала, што выбрала менавіта фінансавую сферу”.

Каб фінансы не спявалі рамансы

– У той час асобна падатковай службы ў раёне не было, – прыгадвае 1970-ы год, калі прыступіла да працы, Галіна Васільеўна. – Фінансавы аддзел кантраляваў і даходную частку бюджэту – колькі заплацілі падаткаў і збораў прадпрыемствы, установы і арганізацыі, і расходную – працэс іх фінансавання, найперш той жа камунальнай гаспадаркі, аўтапарка, бальніц, школ і г.д. Паколькі Мінфін быў адзіным кантралюючым органам, то работы было праз край. У кабінеце не заседжваліся: суцэльныя праверкі, баланс, даналічэнне ў бюджэт... Толькі калгасаў было ў раёне з трыццаць, і прадпрыемстваў – не менш. Дабіраліся на аўтобусе, на спадарожным транспарце, а то і пехатой. А ў кожнай праверкі – свае тэрміны. Так, да 1 красавіка належала праверыць усе балансы і напісаць справаздачы…
Галіна Васільеўна памятае свой першы выхад “у свет”: правярала камбінат бытавога абслугоўвання. Цяжкавата было, але справілася.
– Тады фінансавы аддзел складаўся з дзвюх інспекцый: дзяржаўных даходаў і па бюджэце, калектыў – больш за 20 чалавек. Я працавала ў інспекцыі дзярждаходаў. Прызнацца, не вельмі прэстыжная работа, бо фінансаваць і расходаваць любяць усе, а я збірала фінансавыя сродкі. Нагрузка была каласальная, дома чакала сям’я, таму даводзілася вытрымліваць баланс паміж работай і домам. Што да зарплаты, то пачынала я з 80 рублёў, а галоўныя бухгалтары, якіх правярала, атрымлівалі пад 300. Але на гэта не зважала, проста сумленна выконвала свае абавязкі. Даводзілася пастаянна ўнікаць у новыя сферы дзейнасці і новыя плацяжы ў бюджэт. Штодзень чытала інструкцыі, яны ішлі пачкамі і на папяровых носьбітах. А рабочы інструмент які?! Спачатку ручныя лічыльнікі з костачкамі, потым арыфмометры “Феліксы” і электронныя калькулятары. Гэта вам не камп’ютары з базамі дадзеных…

Кадры вырашаюць усё

Галіна Васільеўна з цеплынёй успамінае калектыў, які некалі прыняў яе ў свае рады, вучыў, падтрымліваў, апекаваў.
– Мне пашанцавала з калегамі, – запэўнівае яна. – Марыя Макараўна Шупаева, Зінаіда Міхайлаўна Бекіш, Яніна Іванаўна Сотнікава, Аляксандр Іванавіч Макарэвіч – сапраўдныя прафесіяналы і цудоўныя людзі. На жаль, многія ўжо скончылі свой зямны шлях. А маім настаўнікам стала Ніна Адамаўна Макарчыкава – і работнік ад Бога, і чалавек душэўны. Ёй цяпер 92 гады, часта гутарым па телефоне.
Галіне Васільеўне гады з два давялося працаваць пад кіраўніцтвам З.А. Новыша, а потым Ф.Б. Кузьміча – строгага і прынцыповага, калі справа датычылася інтарэсаў службы, справядлівага і клапатлівага ў адносінах да сваіх падначаленых. Калі ў пачатку 90-х падатковая інспекцыя выдзелілася ў асобную структуру, Фелікс Баляслававіч перайшоў туды. “А ў нас засталася расходная частка (фінансаванне), якую ўзначальвала М.А. Моцевіч, – тлумачыць субяседніца. – Ёй і даверылі аддзел. А намеснікамі сталі Людміла Рыгораўна Чашчэвік і я. Ад Марыі Аляксандраўны кіраўніцкую эстафету прыняла Аліна Іванаўна Бібікава. Усе гэтыя людзі многае зрабілі і для згуртавання калектыву, і для развіцця фінансавай сферы ўвогуле. Добрых слоў заслугоўвае і кантралёр-рэвізор В.В. Сакальчук – фанат сваёй справы, аб’ектыўная, прынцыповая і сумленная. Увогуле выпадковыя людзі ў фінаддзеле не затрымліваліся”.

Прафесія – сыну ў спадчыну

Дарэчы, некалі разам з дыпломам аб заканчэнні інстытута народнай гаспадаркі студэнтка Галіна Васевіч атрымала прапанову працаваць… у Міністэрстве фінансаў. Але прыняць яе не змагла, бо насіла пад сэрцам свайго першынца. І ўжо менавіта сын, калі вырас, выправіў гэту “несправядлівасць”. Аляксандр скончыў з залатым медалём школу, з чырвоным дыпломам (!) той жа, што і маці, прэстыжны БДЭУ, магістратуру і быў запрошаны на працу ў галоўнае фінансавае ведамства рэспублікі. Цяпер Аляксандр Вячаслававіч Васевіч – намеснік начальніка ўпраўлення падатковай палітыкі і даходаў бюджэту Мінфіна. Здольны фінансіст таксама закончыў Акадэмію кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь, дасканала валодае англійскай мовай. Галіна Васільеўна, безумоўна, ганарыцца сынам. Як, зрэшты, і малодшым Аляксеем, які жыве ў Шчучыне і паспяхова працуе спецыялістам па продажы на “РынаПластыку”. Не выключана, фінансістаў Васевічаў у будучым пабольшае – падрастаюць любімыя ўнукі.
Таццяна ПАЛУБЯТКА.
Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!