Жыццё бяжыць хутка, як кантрольная стужка

Прадуктовая крама “Родничок” Шчучынскага філіяла Гродзенскага аблспажыўтаварыства па вуліцы Заводскай ні на хвілінку не застаецца без пакупнікоў. Невялічкі будынак добра прыкметны з дарогі – сюды часта заглядаюць аўтаўладальнікі, спяшаюцца жыхары суседніх дамоў і нават іншых вуліц.

У краме наведвальнікаў шчыра вітае прадавец 6-га разраду Тарэса Станіславаўна Шываранкава. Пакупнік для яе – лепшы сябар, таму жанчына ніколі не адмаўляе ў парадзе. Як асабістай, так і прафесіянальнай. Тарэса Станіславаўна заўсёды дзеліцца з пакупнікамі тым, што з тавараў яна пакаштавала і ці спадабалася ёй. Ды і сама не забывае спытаць, ці прыйшоўся да смаку салодкі ды мяккі пірог або новы сорт каўбасы, абавязкова прапануе пачаставаць нешта новенькае.

– Прадавец прадстае перад пакупніком не толькі тым чалавекам, які можа прапанаваць тавар, але і псіхолагам, – расказвае Тарэса Станіславаўна. – Трэба ведаць яго пажаданні і прыкладаць ўсе намаганні, каб іх спраўдзіць. Цікаўлюся, што патрэбна нашым пакупнікам, таму пытанняў з заказамі ў пастаўшчыкоў не ўзнікае. Гляджу і на тое, што на сённяшні дзень танней.

Тавар разыходзіцца хутка, пратэрміна­ваных прадуктаў тут не сустрэнеш. Тарэса Станіславаўна разам з напарніцай пільна сочаць за тым, каб паліцы заўсёды былі застаўлены, тады пакупніку ёсць з чаго выбраць. Тут можна сустрэць прадукцыю розных пастаўшчыкоў – з Ашмян, Слоніма, Мастоў, Гродна, Ваўкавыска, Ліды і іншых.

У спажывецкай кааперацыі Тарэса Станіславаўна больш за трыццаць год. За гэты час давялося працаваць у розных гандлёвых кропках. Крама па вуліцы Заводскай за восем год стала амаль роднай.

А нарадзілася Тарэса Станіславаўна на станцыі Ражанка. Вучылася ў першай гарадской школе і з дзяцінства марыла звязаць сваё жыццё з музыкай. Доўгі час яна наведвала заняткі ў гарадскім Доме афіцэраў па класе акардэона. Атрымлівалася ў яе выдатна, але пры паступленні чагосьці не хапіла і яна стала шукаць новую прафесію. Знайшла сваё прызванне ў гандлі: вучылася ў Гродзенскім гандлёвым вучылішчы. Цяжкасцей тут не было – навучанне хутка скончылася і пачалася практыка.

– Калісьці смятану прадавалі на вагу, – успамінае свае першыя крокі ў прафесію Т.С. Шываранкава. – Слоік ставілі на чашу з аднаго боку, гіры – з другога і па неабходнасці прыбаўлялі прадукт у ёмістасць, а лішкі ўбіралі сурвэткай. Мала каму ўдавалася зрабіць усё хутка і акуратна, а ў мяне атрымлівалася адразу.

І сапраўды, назіраючы за работай жанчыны, не магла не заўважыць, як ладзіцца справа ў яе руках. Якасна вывераная выкладка тавараў, свежая выпечка кожны дзень і давер абавязкова схіляюць наведвальнікаў крамы да пакупкі.

Дома ў Тарэсы Станіславаўны заўсёды ўтульна і камфортна – у хатніх справах дапамагае муж. Градкі, парнікі, апрацоўка раслін дзякуючы яму ў ідэальным стане.

Доўгачаканая дачка хутка стала амаль дарослай – матуліна прызванне, відаць, перадалося і ёй, таму зараз яна атрымлівае вышэйшую адукацыю ў Гомельскім гандлёва-эканамічным універсітэце спажывецкай кааперацыі. Вучыцца дзяўчынка выдатна.

Тарэса Станіславаўна ніколі не адмаўляе ў дапамозе маладым калегам. Гэта можа быць і прафесіянальная падказка, і каштоўная жыццёвая парада. Таму кожны, хто працуе прадаўцом, а асабліва молодзь, уважліва прыслухоўваецца да жанчыны.

І ёсць на падставе чаго – на працягу ўсяго часу работы Т.С. Шываранкавай крама “Родничок” застаецца рэнтабельнай. 2017 год быў асабліва паспяховым – пры прагнозе 101% тэмп росту склаў 103,9%, а тавараабарот – больш за 260 тысяч рублёў. Сёлета Тарэса Станіславаўна ўзнагароджана нагрудным знакам “30 год працоўнай дзейнасці ў спажывецкай кааперацыі Беларусі”.

Юлія ЦІМАШЧУК.

Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!