Жнівеньскі шопінг: што, дзе, па колькі?

Яшчэ з дзяцінства помню, з якім нецярпеннем заўсёды чакала апошні месяц летніх канікулаў, калі мы з мамай набывалі ўсё неабходнае для чарговага навучальнага года. У выніку паходаў па магазінах на маім стале з’яўляліся стосы новых сшыткаў, рознакаляровая папера, фламастары і многія іншыя школьныя прылады. А колькі разоў на дзень прымяралася новенькая школьная форма! 
Што прапануюць школьнікам і іх бацькам гандлёвыя кропкі нашага горада, калі да першага верасня засталося толькі тры тыдні? Пачаць гэты своеасаблівы маніторынг вырашыла з магазіна “Дзіцячы свет”.

Перад уваходам – нечаканы “сюрпрыз”: магазін зачынены па тэхнічных прычынах. Аказалася, “Дзіцячы свет” больш не працуе ўвогуле, а ўвесь тавар “пераехаў” у Дом гандлю. Канцылярскія прылады і цацкі размясціліся там на першым паверсе, а для адзення і дзіцячага абутку знайшлося месца на другім. Увесь тавар яшчэ ўпарадкоўваўся, таму даведацца, што ёсць у продажы, мне так і не ўдалося. Прыйшлося абмежавацца наведваннем палаткі “Школьны базар”, якая традыцыйна працавала перад уваходам у Дом гандлю. 
Не магу сказаць, што выбар адзення і абутку там разнастайны. Прадстаўлены некалькі мадэляў школьнай формы як для хлопчыкаў, так і для дзяўчынак. Вытворцы – беларускія. Напрыклад, салігорская “Калінка” прапануе для дзяўчынак камізэлькі 122 размеру за 32 рублі 18 капеек, спадніцы – за 15 рублёў 82 капейкі, жакеты – за 27 рублёў 50 капеек, блузкі, у складзе якіх крыху больш за 60 працэнтаў бавоўны, – за 25 рублёў 20 капеек. 
Што тычыцца адзення для хлопчыкаў, напрыклад, штаны, рост 146, вытворчасці Навагрудскай фабрыкі каштуюць больш за 30 рублёў, у саставе – толькі сінтэтыка. Гомельскія вытворцы ж прапануюць свой тавар – штаны для хлопчыка ростам 170 см, вырабленыя з тканіны, у склад якой уваходзіць трэцяя частка віскозы, а астатняе – поліэстр, амаль за 40 рублёў. 
Туфлі для дзяўчынкі 34 размеру беларускай фабрыкі “Марка” можна набыць амаль за 44 рублі, а гродзенскай фабрыкі “Нёман” 32 размеру для хлопчыка –  прыкладна за 70 рублёў. 
Цэны на сшыткі нізкімі не назавеш: 23 капейкі каштуюць сшыткі на 12 лістоў у клетку і ў лінейку, сшыткі агульныя на 96 лістоў – 1 рубель 76 капеек, на 48 лістоў – 1 рубель 40 капеек.
Акрамя гэтага, ёсць у продажы і іншы тавар: алоўкі, ручкі, фламастары, пластылін, лінейкі… Дарэчы, асартымент школьных ранцаў вытворчасці беларускай “Галантэі” і кітайскіх фабрык даволі разнастайны. А цэны вагаюцца ад 20 рублёў і вышэй. Тут ужо ад бацькоў залежыць, наколькі зручны ранец яны хочуць набыць для свайго дзіцяці. 
У магазіне MiniMax, які адкрыўся ў Шчучыне адносна нядаўна, было мнагалюдна.  Хтосьці выбіраў школьную форму, хтосьці абутак, а многія адразу накіроўваліся да канцылярскіх тавараў. 


Трэцякласніца Даша прыйшла сюды разам з мамай Вольгай. 
– У асноўным купляем рэчы на рынку або ў такіх  магазінах, дзе прымальныя цэны і практычна заўсёды ёсць зніжкі, – гаворыць Вольга. – Вось і зараз выбралі для Дашы блузку, якая ёй вельмі спадабалася. Практыкуем і паездкі ў Гродна на “Школьны базар” – там заўсёды шырокі асартымент самых розных тавараў. 
Таццяна Аляксееўна Зенчык прыйшла ў магазін са сваёй дачкой чацвёртакласніцай Сафіяй. Школьную форму яны ўжо набылі і абышлася яна ім прыкладна ў 100 рублёў.
– Засталося купіць толькі сшыткі, фламастары, фарбы і іншыя пісьмовыя прылады, – гаворыць Таццяна Аляксееўна. – Плануем укласціся рублёў у 50. Прыйшлі ў гэты магазін, таму што выбар тут шырокі, а цэны даступныя. 
– На даны момант мы прапануем сваім пакупнікам розныя тавары для школы, на многія з іх дзейнічаюць зніжкі, – расказвае таваразнаўца MiniMax Надзея Анатольеўна Казінец. – Напрыклад, школьныя кашулі для хлопчыкаў можна купіць па акцыі – дзве па цане адной, г. зн. за 22 рублі – дзве кашулі. Такія ж умовы дзейнічаюць і на абутак. Прадоўжыцца гэта акцыя да 14 жніўня. Распаўсюджваецца яна, дарэчы, і на некаторыя школьныя прылады. Акрамя гэтага, кожны панядзелак да 12 гадзін дня дзейнічаюць зніжкі на тавары ў памеры 15 працэнтаў, пасля апоўдня – дзесяць працэнтаў. Асартымент тавару папаўняецца кожны дзень. Адзенне вытворчасці фабрык Кітая, Пакістана, Кыргызскай Рэспублікі, канцылярыя практычна ўся належыць расійскім вытворцам. 


Што ж, пакуль я вывучала асартымент MiniMax, заўважыла, што практычна ніводны юны наведвальнік не пакінуў магазін без пакупкі. 
Наступным на маім маршруце стаў магазін “Ластык”. Галоўным пакупніком на той момант у магазіне аказалася старшыня раённага аддзялення Беларускага дзіцячага фонду Дзіна Яўгеньеўна Войцюль. Менавіта ў гэтай гандлёвай кропцы яна ў рамках праводзімай фондам акцыі вырашыла сабраць дзесяць першых партфеляў першакласнікам – дзецям, што выхоўваюцца ў сем’ях, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы. Прапанаваным таварам і яго коштам Дзіна Яўгеньеўна засталася задаволена. Школьныя ранцы аказаліся добрай якасці і каштавалі ад 25 да 45 рублёў. Прыемна здзівіў і цэннік на звычайных сшытках на 12 лістоў – усяго 12 капеек. Сшытак на 48 лістоў каштаваў 48 капеек, а на 96 – 80 капеек.  Хітамі продажу сталі ручкі і алоўкі – па 20 капеек. Выгадна можна было купіць клей, фарбы, фламастары, кардон, каляровую паперу, ластык і іншыя школьныя прылады. А альбом для малявання на 40 лістоў быў у продажы за 1 рубель 90 капеек. 


Што тычыцца адзення – асартымент блузак, касцюмаў для дзяўчынак і хлопчыкаў, кашуляў і іншага – даволі разнастайны. А вытворцы -- як айчынныя, напрыклад, гродзенская фабрыка “Ярон”, так і замежныя. Цэны нізкімі не назавеш. Напрыклад, блузка для дзяўчынкі ростам 146 см, каштуе 36 рублёў, у яе саставе 65 працэнтаў – бавоўна. Кашулю для школьніка ростам 140 см можна купіць за 29 рублёў, у яе складзе 95 працэнтаў – бавоўна. Амаль 40 рублёў прыйдзецца выкласці бацькам за камізэльку і спадніцу для дзяўчынкі ростам 128 см, вырабленыя цалкам з поліэстру у гродзенскім ТАА “Ярон”.
І напаследак вырашыла зазірнуць у miX. Школьныя прылады можна было купіць і там. А вось што прыцягнула маю ўвагу – скрыня для збору тых самых розных прылад для дзяцей, якім яны вельмі патрэбны. Сумесную акцыю па зборы такіх міні-падарункаў рабятам, якія аказаліся ў складанай жыццёвай сітуацыі, праводзяць магазін і раённая арганізацыя Чырвонага Крыжа. 


І што ў выніку? Каб сабраць сваё дзіця ў школу, варта ўзброіцца алоўкам і паперай і правесці такі ж маніторынг, у кожнай гандлёвай кропцы запісаўшы ўстаноўленыя цэны на тавар. А затым вырашыць, што і дзе купіць. Паверце, вы сэканоміце не адзін рубель, таму што кошт тавараў усюды розны. А што тычыцца поўнай экіпіроўкі, па вельмі прыблізных падліках, сабраць у школу вучня 5-6 класа будзе каштаваць бацькам дзесьці 200-250 рублёў. А можа ў вас атрымаецца менш?!
Ганна РУДСКАЯ. Фота аўтара. 

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!