Жалудоцкія выпускнікі помняць сваю школу! Сёння - вечар сустрэчы школьных сяброў

Сёння – першая субота лютага, а гэта значыць, што з усіх куточкаў нашай краіны і з замежжа спяшаюцца ў свае родныя школы выпускнікі – на традыцыйны вечар сустрэчы. Гэта непарыўная сувязь паміж любімай альма-матэр і былымі школьнікамі, якім яна дала пуцёўку ў жыццё, не губляецца ніколі. Менавіта за партамі ў такіх знаёмых класах яны зноў становяцца Дзімамі, Ленамі, Ванямі і ў думках вяртаюцца ў сваё шчаслівае бесклапотнае дзяцінства… І сама школа нібы маладзее, сустракаючы сваіх самых дарагіх гасцей.
Сёлетні год для Жалудоцкай СШ імя В. Урублеўскага – асаблівы: у канцы лютага яна адзначыць сваё 60-годдзе. Тысячы выпускнікоў атрымалі тут грунтоўныя веды. І ўсімі сваімі вучнямі школа вельмі ганарыцца.

 

Валерый Тадэвушавіч ПАШУК,
дырэктар Гродзенскага медыцынскага каледжа, выпускнік 1980 года:

 

– Пра школу і пра маю малую радзіму ў мяне засталіся толькі самыя цёплыя ўспаміны. Я вельмі ўдзячны ўсім сваім педагогам, асабліва класнаму кіраўніку – настаўніцы матэматыкі Марыі Вікенцьеўне Дуброўнік. Яна не толькі выхоўвала любоў да свайго прадмета, але і рыхтавала нас да дарослага жыцця. Усю сваю душу ўкладвала ў сваіх вучняў настаўніца біялогіі Аліна Іпалітаўна Стома – без астатку адданы сваёй прафесіі чалавек, якая навучыла нас працаваць на зямлі.
Да гэтага часу падтрымліваю сувязі са сваімі былымі аднакласнікамі, не раз збіраліся разам на вечарах сустрэчы.

 

Што хачу пажадаць сваёй любімай школе? Развіцця і далейшага працвітання, паспяховых, мэтанакіраваных вучняў. Наш выпуск – гэта тры класы па 25 чалавек. Дык вось няхай з кожным годам у школе гучыць усё больш дзіцячых галасоў – менавіта за моладдзю будучыня і Жалудка, і ўсёй нашай краіны. Радасна ад таго, што ў апошнія гады школа значна змяніла свой як унутраны, так і знешні выгляд: сённяшняе кіраўніцтва працягвае справу сваіх папярэднікаў – Аляксея Аляксеевіча Дрыка, Яна Францавіча Прускага і іншых былых дырэктараў школы.

 

Люцыя Чаславаўна МІХАЛЬЧУК,
начальнік аддзела па арганізацыі харчавання Нацыянальнага інстытута адукацыі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, выпускніца 1984 года:

 

– У мінулым годзе наш дружны 10 “А” пабываў у роднай школе на вечары сустрэчы з выпускнікамі – мы адзначалі 35-гадовы юбілей нашага выпуску. Сабраліся нават аднакласнікі, якія вучыліся ў школе толькі восем класаў. Прыемна было ўбачыць адзін аднаго, даведацца, як у каго склалася жыццё.
Пасля заканчэння школы я адразу паступіла ў Ленінградскі інстытут савецкага гандлю на інжынерна-тэхналагічны факультэт. Дзякуючы педагогам школы атрымала такі багаж ведаў, што дастойна вытрымала экзамены ў прэстыжную ВНУ. А ўжо з дыпломам па размеркаванні паехала ў Ноўгарад. Затым многа год працавала ва ўпраўленні адукацыі Гродзенскага аблвыканкама. Мне вельмі прыемна, што я мела дачыненне да будаўніцтва ў Жалудоцкай СШ новай сталоўкі і актавай залы.

 

Наш клас быў вельмі дружным. Мы часта станавіліся пераможцамі розных конкурсаў і спаборніцтваў. Аднойчы занялі першае месца ў спаборніцтве па зборы макулатуры і былі ўзнагароджаны паездкай у Ленінград. На экскурсіі ў гэтым горадзе былі нават двойчы.

 

Не памылюся, калі ад сябе асабіста і ад імя сваіх аднакласнікаў скажу вялікі дзякуй нашаму класнаму кіраўніку Яніне Міхайлаўне Дуброўнік і ўсім настаўнікам за тое, што зрабілі ўсё магчымае, каб мы сталі дастойнымі людзьмі. Мы заўсёды з цеплынёй успамінаем і нашага настаўніка фізкультуры Віктара Валяр’янавіча Пятрашку, які выхаваў з нас сапраўдных спартсменаў. Дарэчы, ён выкладаў у нас і гісторыю, вучыў жыццю. А роднай школе – новых поспехаў і дасягненняў! Хачу звярнуцца да ўсіх выпускнікоў: ніколі не забывайце сваю школу, педагогаў і аднакласнікаў. Абавязкова прыходзьце адзін аднаму на дапамогу і ў любой сітуацыі заставайцеся людзьмі.

 

Андрэй Мікалаевіч ШАЎЧЭНКА,
палкоўнік у адстаўцы, былы намеснік начальніка па ўзбраенні Ваеннай акадэміі Рэспублікі Беларусь, выпускнік 1985 года:

 

– Я ганаруся тым, што вучыўся менавіта ў Жалудоцкай СШ: па сваім адукацыйным узроўні я ні ў чым не саступаў выпускнікам любой гарадской школы. Пачатковую ваенную падрыхтоўку ў нас выкладаў Вацлаў Пятровіч Дуброўнік, па прыкладзе якога я і вырашыў стаць ваенным. Паступіў у адну з прэстыжных навучальных устаноў на той час саюзнага значэння, дзе быў конкурс 12 чалавек на месца, – Мінскае вышэйшае інжынернае зенітна-ракетнае вучылішча.

 

Заўсёды добрым словам успамінаю Яна Францавіча Прускага, які на той час быў завучам і выкладаў у нас фізкультуру, нашага класнага кіраўніка – настаўніцу матэматыкі Лілію Іванаўну Прускую, дырэктара школы і настаўніка фізікі Аляксея Аляксеевіча Дрыка, настаўніцу рускай мовы і літаратуры Валянціну Сцяпанаўну Глазунову і многіх, многіх іншых педагогаў.

 

Жадаю педагагічнаму калектыву школы ніколі не затрымлівацца на месцы, а крочыць толькі наперад. Няхай вашы вучні будуць заўсёды паспяховымі, каб слава пра нашу родную Жалудоцкую школу гучала далёка за межамі раёна і нават рэспублікі.

 

Гутарыла Ганна РУДСКАЯ.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!