Збірай накрыўкі і дапамагай

Дабрачынны праект “Новае жыццё ў абмен на накрыўкі” атрымаў вельмі маштабную падтрымку, нягледзячы на тое, што дзейнічае ў Беларусі другі год. Яго кіраўніком з’яўляецца Наталля Кунцэвіч. На мінулым тыдні на старонках нашага выдання з’явілася інфармацыя пра яго асноўную ідэю і мэту, а таксама звесткі пра магчымасці рэалізацыі дабрачыннай акцыі ў нашым раёне. Мы сустрэліся з валанцёрам праекта Вольгай Зайко, каб даведацца, як ідзе збор накрывак у Шчучыне.

Вольга – чалавек вельмі пазітыўны і неабыякавы, таму імкнецца выкарыстаць любую магчымасць для дапамогі тым, каму яна больш за ўсё патрэбна. Убачыўшы інфармацыю па праекце ў сацыяльных сетках, жанчына вырашыла ўзяць ініцыятыву ў свае рукі і стаць яго валанцёрам. З яе дапамогай у нашым горадзе з’явіліся пункты збору накрывак, распаўсюджваецца інфармацыя сярод дзяцей і дарослых.
– У Еўропе ўжо нікога не здзівіш тым фактам, што збіраючы простыя пластыкавыя накрыўкі можна дапамагчы тым, хто мае ў гэтым патрэбу, – зазначае Вольга. – Напрыклад, на сродкі ад перапрацоўкі накрывак у Польшчы ў мінулым годзе набылі 10 інвалідных калясак. Але трэба ведаць, што праект у нашай краіне накіраваны на дапамогу хворым дзеткам. 


Стварыць пункт збору – справа нецяжкая, але вельмі карысная. Вольга заручаецца падтрымкай арганізацыі, магазіна або ўстановы адукацыі, і ў хуткім часе тут з’яўляецца спецыяльная скрыня для накрывак з падрабязнай інфармацыяй пра праект. Скрыню можна зрабіць самастойна, абклеіўшы паперай скарбонку. Калі накрывак збіраецца на цэлы мех, удзельнікі праекта звязваюцца з Вольгай і яна арганізоўвае дастаўку пластыку для перапрацоўкі ў Ліду. 
Вельмі зацікавіліся ідэяй школьнікі: яны нават спаборнічаюць паміж сабой за колькасць сабраных накрывак. Падтрымліваюць праект і іх бацькі, і настаўнікі. А Вольга імкнецца заахвочваць поспехі рабят падзякамі.
– Іншы раз я сутыкаюся з неразуменнем з боку некаторых людзей, – гаворыць валанцёр. – Але шмат і тых, хто жадае дапамагчы. Дарэчы, Аляксей Бочын з “Студыі 21” зрабіў для нас вельмі прыгожую і цікавую драўляную скрыню, якая знаходзіцца ў магазіне “Купалінка”. 

Дзе можна пакінуць накрыўкі 
(скрыні для збору):

дзіцячы гульнявы пакой “ФікСікі”,
другі паверх Дома гандлю, 
першая і другая гарадскія школы, 
цырульня “Ева”, 
будынак МПМК-167 (магазін “Купалінка”),
 “Студыя 21”.

Для пераапрацоўкі падыходзяць накрыўкі не толькі ад пластыкавых бутэлек, але і ад іншых прадуктаў харчавання, нават ад касметыкі. Таму іншы раз перад тым, як выкінуць пляшку ў сметнік, затрымайцеся і адкруціце накрыўку – магчыма, яна дапаможа атрымаць камусьці лекі, медабсталяванне або медінвентар.
Юлія ЦІМАШЧУК.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!