Залог бяспекі – прафілактыка, узаемадзеянне і пільнасць

Тэма бяспекі жыццядзейнасці насельніцтва разгледжана на пастаянна дзеючым семінары са старшынямі сельскіх Саветаў дэпутатаў, выканкамаў і рабочай групай па арганізацыі і каардынацыі дзейнасці камісій па правядзенні агляду супрацьпажарнага стану жылых дамоў. Удзел у мерапрыемстве прынялі старшыня раённага Савета дэпутатаў Г.С. Хядзюк, намеснік старшыні райвыканкама А.В. Пасюта, кіраўнікі праваахоўных органаў.

 

Зыходным пунктам для сур’ёзнай размовы стала прадстаўленне пракуратуры раёна аб устараненні парушэнняў заканадаўства, накіраванага на прафілактыку ўчынення цяжкіх і асабліва цяжкіх злачынстваў супраць жыцця і здароўя грамадзян, прычын і ўмоў, якія ім садзейнічалі. Гэты акт рэагавання з’явіўся невыпадкова. У студзені ў адной з вёсак адбылося забойства. Расследаванне выявіла, што грамадзянін, які ў п’яным угары схапіўся за нож, – неаднаразова судзімы, нідзе не працаваў, піў, вёў асацыяльны лад жыцця. З такога ж “цеста” і іншыя ўдзельнікі застолля ў безгаспадарным доме, ператвораным у прытон. «Іх п’янства было відавочным для навакольных», – адзначаецца ў прадстаўленні. Між тым сітуацыя выпала з поля зроку ўчастковага інспектара міліцыі, антысанітарыя і беспарадак у доме засталіся па-за ўвагай агляднай камісіі сельвыканкама. Беспакаранасць за амаральныя і супрацьпраўныя паводзіны, адсутнасць належнага кантролю, непрыняцце мер суб’ектамі прафілактыкі былі толькі на руку мясцовым лайдакам і выпівохам.

 

 

– Трэба прыняць меры для ўхілення выяўленых правапарушэнняў, прычын і ўмоў, якія ім спрыяюць, – падкрэсліў пракурор раёна А.У. Дзямідаў. – А таксама забяспечыць няўхільнае выкананне Закона Рэспублікі Беларусь «Аб асновах дзейнасці па прафілактыцы правапарушэнняў», актывізаваць работу па выяўленні асоб, якія злоўжываюць алкаголем, не працуюць, вядуць асацыяльны лад жыцця.

 

 На пасяджэнні быў зроблены аналіз стану правапарадку на тэрыторыі раёна ў 2019 годзе, абмеркавана, як не дапусціць крымінал у наша жыццё. Па словах намесніка начальніка РАУС А.М. Гележы, аператыўная абстаноўка знаходзіцца пад кантролем. Праблемай застаецца рэцыдыўная злачыннасць, вырашэнню якой могуць паспрыяць прывентыўныя меры ў адносінах да раней судзімых грамадзян. А каб мінімізаваць крымінал і правапарушэнні, учыненыя непаўналетнімі і пры іх саўдзеле, трэба заняць падлеткаў карыснымі справамі, арганізаваць для іх змястоўны культурны адпачынак. “Суб’ектам прафілактыкі неабходна цесна ўзаемадзейнічаць і ладзіць для моладзі мерапрыемствы якасныя, глыбокія па зместу. Сапраўднымі маладзёжнымі цэнтрамі павінны стаць установы культуры раёна”, – адзначыла намеснік старшыні райвыканкама Алена Васільеўна Пасюта. За разумны і прадуманы падыход да арганізацыі вольнага часу моладзі выказалася старшыня райсавета дэпутатаў Ганна Станіславаўна Хвядзюк і іншыя ўдзельнікі семінара.

 

 

Параджае праблемы і вялікая колькасць апусцелых дамоў, падкрэсліў начальнік раённага аддзела Следчага камітэта А.Я. Кізілевіч. Як прыклад – ваяж членаў адной сям’і па вёсках: на закінутых сядзібах яны кралі металалом. Такія злачынствы носяць сістэмны характар, адзначыў Аляксандр Янавіч, таму вельмі важна, каб мясцовыя жыхары паведамлялі аб з’яўленні ў населенных пунктах чужых людзей. Пільнасць – залог бяспекі. У тэму выказаўся і пракурор раёна А.У. Дзямідаў: “Есць у дома гаспадар – злодзею цяжка ўкрасць. Але многія людзі доўгі час не наведваюць бацькаўшчыну. Таму органам улады трэба больш актыўна разбірацца з закінутай “спадчынай” у адпаведнасці з указам №357”.

 

На сумесным пасяджэнні таксама абмяркоўваліся пытанні прафілактыкі вытворчага траўматызму (аналіз сітуацыі зрабілі ў РАСК), захавання заканадаўства аб ахове працы (прагучала прасцярога ад фармальнага падыходу), гібелі людзей ад суіцыду, пажараў і іншых знешніх прычын, бяспекі людзей у зонах адпачынку ля вадаёмаў.

 

Таццяна ПАЛУБЯТКА.
Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!