“Залаты колас” – у валейбалістаў Шчучыншчыны

У Шчучыне на працягу двух дзён не сціхала спартыўная барацьба – тут адначасова на некалькіх пляцоўках праходзілі абласныя спаборніцтвы па валейболе “Залаты колас” сярод сельскіх жыхароў. Званне мацнейшых валейбалістаў Гродзеншчыны аспрэчвалі 14 зборных.

 

 

Спачатку каманды прайшлі групавы адбор. Шчучынская валейбольная дружына, у склад якой увайшлі спартсмены з Астрыны, Тапілішак, Жалудка і Дэмбрава, упэўнена перамагла сапернікаў з Бераставіцы, Ашмян і Смаргоні. Затым нашы валейбалісты ў паўфінале абыгралі апанентаў з Ашмян і выйшлі на каманду Мастоў. Рашаючы матч быў вельмі напружаным. Першую партыю шчучынская зборная выйграла з лікам 25:23, а другую – прайграла (15:25). У трэцяй партыі нашы валейбалісты здолелі перахапіць ініцыятыву і перамаглі мастаўчан з лікам 15:13. Прызёры былі ўзнагароджаны кубкамі і дыпломамі.

 

 

 

– Мы сур’ёзна рыхтаваліся да абласных спаборніцтваў “Залаты колас”: трэніраваліся тры разы на тыдзень, – зазначае капітан шчучынскай каманды Валянцін Галамбоўскі. – Выдатна праявілі сябе на полі нашы маладыя ігракі Максім Нагорны, Андрэй Шайпак, Аляксандр Кароль, Арцём Новік і Аляксандр Цыбульскі. Усе яны вельмі перспектыўныя спартсмены, за якімі валейбольная будучыня Шчучыншчыны. Упэўнены, яны гучна заявяць пра сябе на рэспубліканскім этапе спаборніцтваў па валейболе “Залаты колас” сярод сельскіх жыхароў, які плануецца правесці ў Мінску гэтай восенню.

 

 

Аляксандр КАСПЯРЧУК.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!