За званком “з банка” можа хавацца махляр

Зноў і зноў папярэджваем нашых чытачоў: калі на ваш мабільны тэлефануюць незнаёмцы, прадстаўляюцца супрацоўнікамі банка і, назваўшы любую прычыну, спрабуюць выведаць канфідэнцыяльныя даныя вашай плацежнай карты, ні ў якім разе не адклікайцеся на такія просьбы, як бы пераканаўча яны ні гучалі. Інакш страціце свае грошы.

 

Не той даверылася

 

Вось што расказала следчы Шчучынскага раённага аддзела Следчага камітэта старшы лейтэнант юстыцыі Святлана Пятроўна Запаснік:
– Нядаўна ў пастку, лоўка расстаўленую тэлефоннай махляркай, патрапіла жыхарка Гродна, якая прыехала на Шчучыншчыну ў госці. А было вось як. У нейкі момант падаў голас мабільнік, і маладзіца адказала на званок. Асоба, якая тэлефанавала, назвалася супрацоўніцай банка, дзе была аформлена плацежная картка жанчыны. Паведаміла: “З вашага карт-рахунку некарэктна праведзена аперацыя, грошы памылкова пераведзены на іншы карт-рахунак”. На тэлефоне пацярпелай было ўстаноўлена СМС-апавяшчэнне, але ніякіх паведамленняў аб зняцці грошай яна не атрымлівала. Аб гэтым яна і сказала “супрацоўніцы банка”. Тая запэўніла: усё роўна трэба тэрмінова праверыць сістэму – перазагрузіць яе. І для гэтага ўладальніца карткі павінна прадыктаваць нумар свайго “пластыку”. Што даверлівая жанчына і зрабіла. Пасля гэтага ёй на тэлефон пачалі прыходзіць коды, якія яна таксама паведамляла махлярцы. А праз нейкай паўгадзіны прыйшла СМС, што з карт-рахунку знята больш за 400 рублёў. Толькі тады жанчына дадумалася набраць нумар банка, указаны на плацежнай картцы. Там пацвердзілі: яе кроўныя ўжо ў руках махляроў.

 

“Выйгрыш” з пройгрышам

 

Ёсць і іншыя спосабы крадзяжу грошай з карт-рахункаў. Пры дапамозе аднаго з іх віртуальныя зламыснікі “злавілі” ў свае сеткі жыхарку аднаго з аграгарадкоў. “Пасадзейнічала” гэтаму, сама таго не хочучы, дачка жанчыны. Дзяўчына сядзела ў інтэрнэце і ў нейкі момант аб’явіла родным, што на сайце выйграла больш за 100 тысяч расійскіх рублёў. Маці засумнявалася, маўляў, гэта падман. Аднак дачка запэўніла, ёсць водгукі – людзі грошы атрымалі. Дык чаму і ёй не паспрабаваць. Але рэквізіты карткі дзяўчыны чамусьці не былі прыняты. Тады яна папрасіла маці назваць нумар яе “пластыку”. Са свайго тэлефона ўвяла гэтыя даныя. Пачалі прыходзіць коды ўжо на тэлефон пацярпелай. Дачка ўводзіла і іх. Дарэчы, коды суправаджаліся тэкстам на замежнай мове: абанента папярэджвалі, што магчымы крадзеж грошай, калі паведаміце іншым людзям сакрэтны пароль. Хутка на тэлефон прыйшло пацвярджэнне: аперацыя праведзена паспяхова. Але на душы ў вяскоўкі было неспакойна, і на наступны дзень яна вырашыла праверыць картачку. Тады і высветліла, што з карт-рахунку зніклі больш за 300 рублёў. Вось такі “выйгрыш” атрымаўся…

 

Дарэчы, следчы РАСК, па яе словах, аднойчы і сама магла патрапіць у сетку аферыстаў. На яе старонку ў сацыяльнай сетцы прыйшло паведамленне як быццам бы ад знаёмага, які прасіў пераслаць даныя яе карткі – каб правесці нейкія грашовыя аперацыі… Святлана Пятроўна проста пакінула гэты запіс без увагі. Менавіта так – асцярожна і абачліва – раім паводзіць сябе ўсім, калі невядомыя спрабуюць даведацца ў вас любыя канфідэнцыяльныя звесткі. І запомніце: супрацоўнікі банка ніколі не пазвоняць, каб спытаць рэквізіты вашай плацежнай карткі, пашпартныя ці іншыя асабістыя даныя. Яны і так валодаюць усёй неабходнай інфармацыяй аб кліентах.

 

Таццяна ПАЛУБЯТКА.