За словам павінна быць справа

Суботнюю «прамую лінію» з жыхарамі раёна правёў старшыня Шчучынскага раённага Савета дэпутатаў І.Ю. Сакалоўскі.

Паступіла 8 зваротаў.  У дыялог з кіраўніком актыўна ўступалі жыхары Шчучына. Гараджане ўздымалі ў асноўным пытанні, якія датычаць кампетэнцыі жыллёва-камунальнай службы. У прыватнасці, жыхарка дома №1 па вуліцы Заводская рассказала, што ў іх нядаўна пабудаваным доме ўзнікла сітуацыя, якая пакрысе набывае абрысы праблемы. Справа ў тым, што падвал затапліваецца каналізацыйнымі адходамі. Ад гэтага не толькі нязручнасці (хадзіць даводзіцца па паддонах), але і пэўны дыскамфорт. Па словах заяўніцы, абяцанне вырашыць праблему прагучала на сходзе жыльцоў яшчэ ў пачатку года, аднак…

-- Калі надзеленыя службовымі паўнамоцтвамі асобы запэўніваюць людзей, што  вырашаць тое ці іншае пытанне, значыць, павінны стрымаць сваё слова. Сказалі – зрабіце, і зрабіце якасна! – агучыў сваю пазіцыю Іван Юльянавіч Сакалоўскі.

Відаць, пэўная неабавязковасць і неахайнасць у рабоце з боку камунальнікаў справакавала і іншыя сітуацыі, што былі агучаны падчас «прамой лініі». З іх разраду званок з дома №29 па вуліцы Астроўскага, жыльцы якога даўно просяць зрабіць пешаходную дарожку. А яшчэ, на думку жанчыны, варта было б знесці чатыры таполі і прыбраць нарэшце кучы з рэшткамі цвіцення гэтых дрэў…

Некалькі сігналаў для камунальнай службы паступілі і ад жыхаркі дома №31 з усё той жа вуліцы Астроўскага. Жанчына наракала, што падчас дажджу на першым паверсе ў пад’ездзе зацякаюць сцены. А яшчэ на месцы старых знесеных лавак ніяк не з’явяцца новыя. Пасля мінулагодняй пракладкі труб патрабуе добраўпарадкавання прыдамавая тэрыторыя.

У РУП ЖКГ будуць накіраваны  таксама зварот гараджанкі з вуліцы Зялёная, якая просіць зрабіць поручні ля прыступак, што вядуць у пад’езд, і слушная заўвага ўладальніцы сядзібы па вуліцы Гродзенская наконт неабкошанай тэрыторыі з боку аб’язной дарогі.

Свае пытанні агучылі падчас “прамой лініі” і вяскоўцы. Так, жыхар аграгарадка Каменка папрасіў падсыпаць кавалак дарогі ў бок вёскі Кісялі, а астрынчанін -- пасадзейнічаць у вырашэнні пытанняў, якія ўзніклі падчас прыватызацыі жылля.

Усе звароты будуць накіраваны на рэагаванне ў адпаведныя службы і арганізацыі.

Таццяна ПАЛУБЯТКА

Голосов пока нет

Добавить комментарий

CAPTCHA
Этот вопрос задается для того, чтобы выяснить, являетесь ли Вы человеком или представляете из себя автоматическую спам-рассылку.
Введите ответ (Fill in the blank)