З родным словам ды з беларускай душою сустрэлі супрацоўнікі Шчучынскай раённай бібліятэкі імя Цёткі пісьменнікаў Прынёманскага краю

На літаратурную сустрэчу “З родным словам ды з беларускай душою”, якая прайшла ў рамках тэматычнага семінара “Шчучыншчына – наш родны край: да 500-годдзя з першага ўпамінання горада Шчучына”, завіталі не толькі члены Гродзенскага абласнога аддзялення ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі”, мясцовыя паэты, але і многія дапытлівыя шчучынцы.

З роляй вядучых цудоўна справіліся бібліятэкар І.В. Гудач і загадчыца аддзела бібліятэчнага маркетынгу Т.І. Сосна. Асаблівы святочны настрой задавалі музычныя кампазіцыі народнага ансамбля народнай песні “Медуніцы”. 


…На экране адзін за другім з’яўляюцца рарытэтныя фотаздымкі Шчучына, якімі па-сяброўску падзяліліся з бібліятэкай гараджане і рэдакцыя нашай раённай газеты. Віртуальнае падарожжа ў мінулае і сучаснасць нашага райцэнтра ўсім прыйшлося па душы. Дарэчы, зараз у бібліятэцы дзейнічаюць ажно некалькі цікавых экспазіцый: рэтра-фотаздымкаў горада «Шчучын, якога мы не бачылі» і выстава кніг землякоў-паэтаў «Радкі, прысвечаныя Шчучыну». Думаю, яны абавязкова знойдуць сваіх прыхільнікаў. 
З захапленнем на літаратурнай сустрэчы слухалі расказ Ніны Аляксандраўны Шумік. Яна пазнаёмілася са Шчучынам у далёкім-блізкім 1956 годзе і з таго часу з горадам не развітваецца. Ніна Аляксандраўна расказала, як выглядаў наш райцэнтр у гады яе маладосці, якія шыкоўныя канцэрты ладзіліся ў Доме афіцэраў. Жанчына зазначыла, што дзякуючы агульным намаганням сёння Шчучын вельмі змяніўся і стаў сучасным, прыгожым і камфортным для пражывання горадам. 


Шмат добрых слоў пра нашу радзіму выказала і старшыня Гродзенскага абласнога аддзялення ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі” Людміла Кебіч. Яна яшчэ раз нагадала, што наша шчучынская зямля багата на таленты. Мы ганарымся сваімі сучаснымі паэтамі і пісьменнікамі: Марыяй Шаўчонак, Ганнай Скаржынскай-Савіцкай, Галінай Самойла, Іванам Пяшко, Гвідонам Ждановічам, Рычардам Бялячыцам, Уладзімірам Рулём, Наталляй Цвірко, Ганнай Сцяпанчанка, Галінай Бяляўскай і многімі іншымі. 
Паэты і пісьменнікі таксама расказалі пра сябе і свае захапленні. А як хораша гучалі ў той дзень вершы ў выкананні аўтараў! Парадавалі прысутных сваімі літаратурнымі творамі Ганна Скаржынская-Савіцкая, Дзмітрый Радзівончык, Анатоль Апанасевіч, Наталля Цвірко, Ганна Сцяпанчанка, Галіна Бяляўская, Святлана Кірылава і іншыя. У кожным вершы і апавяданні адчувалася трапяткая любоў да роднага краю, замілаванне яго прыродай і людзьмі. Хто, як не паэт, можа знайсці такія словы, каб умясціліся ў іх і шэпат лесу, і ціхая плынь ракі, і бязмежжа неба, і цеплыня бацькоўскага дома… 


Прыемным сюрпрызам для ўсіх стала прэзентацыя новых кніг паэтаў Гродзеншчыны. 
На развітанне Людміла Кебіч падаравала бібліятэцы сваю новая кнігу “Рай адзіноты” і “Альманах” №5 Саюза пісьменнікаў Беларусі.
…Заключным акордам гучыць “Шчучынскі вальс”. Свята скончылася, але творчы дух па-ранейшаму лунае над Шчучынам. 
Ганна КАСПЕР. Фота аўтара. 

Средняя: 5 (1 оценка)

Добавить комментарий

CAPTCHA
Этот вопрос задается для того, чтобы выяснить, являетесь ли Вы человеком или представляете из себя автоматическую спам-рассылку.
Введите ответ (Fill in the blank)