З думкай аб будучыні

Мне, журналісту раённай газеты “Дзянніца”, выпаў гонар браць удзел у ХІV Беларускім міжнародным медыяфоруме, які ў гэтыя дні сабраў у Брэсце больш за 250 прадстаўнікоў СМІ і экспертаў з 25 краін свету. Галоўнымі тэмамі дыскусій сталі -- “Роля СМІ ў міждзяржаўным развіцці”, а таксама  “Умацаванне агульнагуманітарных каштоўнасцей”. Надзвычай важна, што асобая ўвага на форуме ўдзяляецца сучасным фарматам работы сродкаў масавай інфармацыі.

Як падкрэсліў Міністр інфармацыі Рэспублікі Беларусь Аляксандр Карлюкевіч, сёння мы абмяркоўваем тое, як зрабіць гэты свет лепшым, што значыць наша прафесія ў сучасным грамадстве. Сама стылістыка выступленняў на форуме і запрошаныя эксперты – гэта магчымасць зазірнуць у заўтрашні дзень. Не выпадкова, што дэвіз форума – “Партнёрства ў імя будучыні” – нязменны з года ў год.

Прыемна, што ў нас ёсць магчымасць прыняць удзел у майстар-класах калег з іншых краін. Сярод такіх профі – генеральны дырэктар расійскай радыёстанцыі  “Говорит Москва” Уладзімір Мамантаў, а таксама журналіст  тэлеканала  “ТВ Центр” Раман Бабаян. На пасяджэнні “круглага стала” “Саюзная дзяржава: 20 год у медыяпрасторы. Вынікі і перспектывы” удзельнічаюць кіраўнікі саюзных СМІ, а эксперты ацэньваюць уклад медыясферы ў будаўніцтва Саюзнай дзяржавы.

Увогуле форум праходзіць у вельмі ўрачыстай і добразычлівай атмасферы. Калегі з іншых краін высока ацэньваюць узровень беларускай журналістыкі. Па ўсім бачна, што ім падабаецца наша Беларусь, гасцінны Брэст з ягонай гераічнай гісторыяй. І ўсё гэта не можа не выклікаць пачуццё гонару, як і адчуванне таго, што ты належыш да гэтай бурлівай, шматнацыянальнай журналісцкай супольнасці. Медыяфорум – гэта новыя ідэі і новы імпульс натхнення для іх ператварэння ў жыццё, адлюстравання ў новых публікацыях.

Таццяна ПАЛУБЯТКА.  

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!