З дому – пешшу, да дому -- на веласіпедзе!

На плошчы Свабоды адбыўся розыгрыш прызоў рэкламнай гульні  “Дзянніца: падпішыся і выйграй”. Тры веласіпеды знайшлі сваіх гаспадароў. Удзел у гульні прынялі 168 падпісчыкаў. Два купоны, на жаль не змаглі сыграць, бо былі парушаны правілы.

На розыгрыш сабралася больш за паўсотні людзей. Настрой задавалі святу баяніст Генадзь Паноў і Воўк, у якога ўдала пераўвасобіўся Сяргей Сідаровіч.

Роўна ў 13.15 усе купоны былі пагружаны ў лататрон. Фартуна ўсміхнулася Таццяне Антонаўне Тарас з аграгарадка Турья (купон №59), Вользе Паўлаўне Рогавай са Шчучына (купон №150) і яшчэ адной шчучынцы Аліне Станіславаўне Цімашэнкавай (купон №140). Жанчына ўжо даўно выпісвае нашу газету, аднак паўдзельнічаць у гульні і прыйсці на розыгрыш вырашыла ўпершыню і не прагадала!

 -- Я не верыла ў сваю ўдачу, аднак пажартавала, што на розыгрыш пайду пешшу, а дамоў вярнуся на веласіпедзе!, -- прызналася Аліна Станіславаўна.

Так і здарылася.

А вось Вольга Паўлаўна Рогава ўжо прымала ўдзел у адным з нашых розыгрышаў і схапіла ўдачу за хвост -- выйграла блендар.

 -- Гэты месяц лета пачаўся для мяне вельмі цудоўна: я пайшла ў водпуск, у госці прыехалі дзеці з Германіі і пашанцавала ў рэкламнай гульні, -- радуецца шчаслівая ўладальніца веласіпеда. – Заўсёды афармляю падпіску на “раёнку” на паўгода. І вось ён -- вынік! Нават з колерам падарунка рэдакцыя ўгадала. Фіялетавы – мой любімы! Цяпер буду ездзіць на новенькай “дамачцы” на дачу ў Догі і заўсёды ўспамінаць “Дзяннічку”.

Вольга Паўлаўна адразу ж апрабавала веласіпед і засталася задаволена новым транспартным сродкам. З цікавасцю на бабулін падарунак паглядаў і унук Алекс.

За сваім прызам прыйшла і яшчэ адна наша адданая чытачка -- Таццяна Антонаўна Тарас з аграгарадка Тур’я.

 -- Я заўсёды чытаю раённую газету, шукаю карысныя парады для гаспадыні, цікаўлюся раённымі навінамі, -- гаворыць Таццяна Антонаўна. – У гэтым годзе вырашыла паўдзельнічаць у гульні і вельмі задаволена. Мы жывём у аграгарадку, і веласіпед будзе дарэчы.

Усе прызы разыграны, шчасліўцы забралі свае падарункі. Наперадзе – новыя сустрэчы з чытачамі і цікавыя праекты.

Верце ў сваю ўдачу, паважаныя чытачы, і заставайцеся з намі!

Ганна КАСПЕР.

Фота аўтара, Сяргея КАСПЕРЧУКА і Аляксандра КАСПЕРЧУКА.

 

Добавить комментарий

CAPTCHA
Этот вопрос задается для того, чтобы выяснить, являетесь ли Вы человеком или представляете из себя автоматическую спам-рассылку.
Fill in the blank.