З чыстага ліста…

Пачаўся новы год, і мы з чыстага ліста (у поўным сэнсе гэтага слова) пачынаем сваю стваральную працу. Заўважыў, што стол, дзе красаваліся нумары абласных і рэспубліканскіх выданняў, апусцеў. Зайшоў у кабінет, узяў у рукі важкую гадавую падшыўку “Дзянніцы”. Ведалі б вы, колькі карпатлівай працы ўкладзена ў кожны нумар! Паміж радкоў – бяссонныя ночы, хваляванні і старанні ўсяго рэдакцыйнага калектыву! 

Многія па старой звычцы блытаюць нашу рэдакцыю з друкарняй. Аднак ужо даўно змоўклі друкарскія станкі. Зараз наша «Дзянніца» друкуецца ў Гродне. Тыраж гатовы ўжо ўвечары напярэдадні таго дня, калі газета пападае ў кіёскі і паштовыя скрыні падпісчыкаў. У калектыву рэдакцыі ёсць усяго некалькі дзён на падрыхтоўку свежага нумара. За гэты кароткі час карэспандэнтам неабходна сабраць і прааналізаваць інфармацыю, прадумаць і напісаць матэрыял, адказнаму сакратару – прасачыць за тым, каб кожны выканаў свае абавязкі якасна і ў тэрмін, загадчыку аддзела рэкламы прыняць і апрацаваць мноства аб’яў і віншаванняў, галоўнаму рэдактару – прачытаць кожны тэкст і аб’яву, рэдактару літаратурна-стылістычнаму – вычытаць і адрэдагаваць тэксты, загадчыку аддзела электронных тэхналогій і рэдактару тэхнічнаму – стварыць электронны варыянт газеты. Забяспечвае такі працаёмкі працэс падрыхтоўкі газеты да друку наш невялікі, але дружны калектыў. 
 Нельга не падзякаваць за падтрымку няштатным аўтарам, якія дзеляцца з намі цікавымі мясцовымі навінамі, неабыякавым людзям, якія паднімаюць на старонках газеты вострыя пытанні. Згуртаванай камандай мы, нягледзячы ні на якія складанасці, робім усё для таго, каб “Дзянніца” своечасова трапіла да чытача і была сапраўднай крыніцай інфармацыі.
Ад шматтыражнай прэсы раённая газета адрозніваецца не толькі тэматычнай спецыфікай і асаблівым стылем перадачы інфармацыі, але і тым, што карэспандэнты, якія працуюць у рэдакцыі, могуць у любы момант апынуцца ў цэнтры падзей. У магазіне, у аўтобусе ці проста на лесвічнай пляцоўцы мы сустракаемся з героямі сваіх публікацый. Таму вельмі адказна ставімся да кожнага, нават самага невялікага матэрыялу. Мы ведаем, што нам давяраюць, і стараемся апраўдаць гэты давер.
Мы вельмі рады, што ў нашай “Дзянніцы” шмат сяброў: тыраж газеты складае больш за 6700 экзэмпляраў, ахвотна раскупляюцца нумары “раёнкі” ў кіёсках. Значыць, мы здольны зацікавіць вас, шаноўныя чытачы, прапанаваць запатрабаваны і якасны інфармацыйны прадукт. Своечасова данесці інфармацыю да нашых чытачоў дапамагае і адноўлены сайт. Наша аўдыторыя ў сацыяльных сетках складае амаль 4500 падпісчыкаў. Разумеючы, што любая навіна “жыве” некалькі гадзін, мы дапамагаем нашым карыстальнікам выбіраць з вялікай колькасці інфармацыі толькі тую, што сапраўды будзе цікавай і карыснай. Адчуванне пастаяннай сувязі са сваёй аўдыторыяй з’яўляецца дадатковай матывацыяй да самаразвіцця кожнага супрацоўніка нашага выдання, для з’яўлення новых смелых ідэй. Дзякуй усім нашым чытачам, што вы з намі! 
Асаблівыя словы ўдзячнасці хочацца выказаць усім супрацоўнікам рэдакцыі нашай раённай газеты за прафесіяналізм, аператыўнасць, пастаянны пошук, новыя ідэі і праекты. 
Шлях да сэрца чытача ляжыць праз паштальёна. Дзякуй вам, паважаныя, за тое, што заходзіце ў кожны дом з “Дзянніцай”. Упэўнены, што наша цеснае супрацоўніцтва са спецыялістамі раённага вузла паштовай сувязі абавязкова прадоўжыцца ў будучым.
Усіх віншую з Новым годам і Раством Хрыстовым. Няхай 2018 год стане годам новых дасягненняў і перамог. Няхай збудуцца ўсе вашы мары і задумкі. Няхай у кожным доме заўсёды пануюць радасць і любоў. Шчыра жадаю міру, згоды і ўзаемаразумення, асабістага шчасця і цудоўнага святочнага настрою! 
Пачаўся новы год. Першы нумар нашай “Дзянніцы” зноў у вашых руках. Мы, журналісты раённай газеты, гатовы і далей рабіць усё, каб “раёнка” была цікавай і карыснай, каб зваротная сувязь з вамі, нашы паважаныя чытачы, толькі мацнела. Наперадзе – многа новых праектаў, сюрпрызаў і падзей. Заставайцеся з намі!

Добавить комментарий

CAPTCHA
Этот вопрос задается для того, чтобы выяснить, являетесь ли Вы человеком или представляете из себя автоматическую спам-рассылку.
Fill in the blank.