Юбілейныя медалі "75 год вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў" уручаны жыхарам раёна

Юбілейныя медалі "75 год вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў", устаноўленыя прэзідэнцкім указам, уручаны жыхарам раёна, якія маюць статус былых вязняў фашысцкіх канцлагераў і іншых месцаў прымусовага ўтрымання.

Лідзіі Сцяпанаўне Саўчук ідзе 95 год. Жыве яна разам з сынам Уладзімірам і нявесткай Лідзіяй у вёсцы Гірдзеўка, акружаная клопатам  родных і блізкіх. Дарэчы, у біяграфіі гэтай жанчыны з такім зайдросным даўгалеццем ёсць адна асаблівая старонка – у гады Вялікай Айчыннай вайны яна была вывезена гітлераўцамі на прымусовыя работы ў Германію. У далечыні ад Радзімы, на чужой зямлі працавала на бауэра, за тры гады спазнала ўсяго… А сёння, седзячы ў сваім утульным пакойчыку, прыхарошаная з дапамогай нявесткі, Лідзія Сцяпанаўна сустракала гасцей. З пачэснай місіяй – уручыць юбілейны медаль "75 год вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў" – прыехалі начальнік групы тэрытарыяльнай абароны ваеннага камісарыята Шчучынскага раёна капітан П.Ч. Мазуркевіч, старшыня Ражанкаўскага сельвыканкама В.В. Бурдзей і загадчык аддзялення ТЦСАН Т.У. Панова. Павел Часлававіч Мазуркевіч павіншаваў жанчыну з надыходзячым вялікім святам і прышпіліў да яе квяцістай блузкі медаль.

Падчас вайны фашысты вывезлі на чужыну, прымусілі працаваць на патрэбы рэйха і Юлію Рыгораўну Шапялевіч з г.п. Жалудок. 90-гадовая жанчына да гэтага часу памятае, як малалетнім дзяўчом вымушана была стаяць ля заводскага канвеера. Кажа, старэйшым выпадала больш цяжкая праца, не ўсе выжывалі. Сваімі ўспамінамі яна падзялілася з вышэй узгаданымі службовымі асобамі і старшынёй Жалудоцкага сельвыканкама Г.І. Цывінскім, які далучыўся да віншаванняў з нагоды ўручэння ўзнагароды. "Жадаю ўсім міру", -- ціхенька прамовіла ў адказ гаспадыня дома.

Сум і жальба напоўнілі сэрцы ўсіх, хто чуў расказ Аляксандра Пятровіча Галаватага з вёскі Зара Камунізму. Ён – былы малалетні вязень канцлагера Асвенцым, куды яго цяжарную маму кінулі фашысты. Тут, за калючым дротам, дзіця і з'явілася на свет. Зрэшты, яго гісторыя дастойная асобнага аповеду. "Пасля вайны мама часта ўспамінала пра часы выпрабаванняў і заўсёды ўсклікала: "Не разумею, як ты выжыў!", -- падзяліўся мужчына, стоячы ў акружэнні прыціхлых ад пачутага візіцёраў, сярод якіх былі і дзяўчаткі-школьніцы, і С.М. Куцкель -- намеснік дырэктара па ідэалагічнай і кадравай рабоце філіяла "Жалудоцкі агракомплекс". Дарэчы, у гэтай гаспадарцы Аляксандр Пятровіч 25 год працаваў газаэлектразваршчыкам, і сёння адміністрацыя не забывае ветэрана.

Напярэдадні 75-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў юбілейныя медалі будуць уручаны і іншым 16 жыхарам раёна, якія маюць статус былых вязняў фашысцкіх канцлагераў, турмаў, гета і іншых месцаў прымусовага ўтрымання, створаных фашыстамі і іх саюзнікамі ў гады Другой сусветнай вайны.

Таццяна ПАЛУБЯТКА.

Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!