Дзякуй за прафесіяналізм і адданасць сваёй справе!

Напярэдадні свайго прафесійнага свята медыцынскія работнікі Шчучыншчыны сабраліся ў раённым цэнтры культуры і народнай творчасці на ўрачыстае мерапрыемства

У зале панавала асаблівая атмасфера. Удзельнікі ўрачыстасці віншавалі адзін аднаго з надыходзячым святам, цёпла віталі ветэранаў працы і спяшаліся заняць месцы ў зале ў прадчуванні нечага прыемнага і незвычайнага. І яно сапраўды адбылося. Святочную праграму і музычны сюрпрыз для людзей у белых халатах, якія прысвяцілі сваё жыццё такой высакароднай справе, падрыхтавалі лепшыя калектывы і выканаўцы аматарскай творчасці Шчучынскага раёна.

На сцэне – галоўны ўрач Шчучынскай цэнтральнай раённай бальніцы С.Г. Амрушкевіч і галоўны санітарны ўрач раёна П.С. Волчак. Яны шчыра віншуюць сваіх калег з прафесійным святам. 
– У трэцюю нядзелю чэрвеня па добрай традыцыі мы ўшаноўваем тых людзей, якія суправаджаюць нас усё жыццё і стараюцца зрабіць яго лепшым, больш радасным, здаровым і доўгім, – звярнуўся да віноўнікаў урачыстасці Станіслаў Георгіевіч. – І гэта не толькі ўрачы, але і іншыя работнікі сферы аховы здароўя: медыцынскія сёстры, санітары, лабаранты і інш. Прафесія ўрача нездарма лічыцца адной з самых паважаных і вельмі складаных. Медыкі выбралі для сябе адказную сцяжыну, па якой нельга крочыць спецыялісту неадукаванаму, безадказнаму і нядобразычліваму. Няхай у вас заўсёды будзе моцным здароўе, ніколі не пакідае аптымізм. Яркіх уражанняў у жыцці і дабрабыту!

Многа шчырых віншаванняў прымалі ў гэты дзень медыцынскія работнікі. Самыя цёплыя словы ўдзячнасці за нялёгкую працу, за прафесіяналізм і адданасць сваёй справе выказалі ім старшыня Шчучынскага раённага выканаўчага камітэта С.В. Ложэчнік і старшыня раённага Савета дэпутатаў І. Ю. Сакалоўскі. Яны ўручылі Ганаровыя граматы, Падзячныя пісьмы і грашовыя прэміі. 
Напярэдадні прафесійнага свята заслужаныя ўзнагароды за бездакорную працу атрымалі дзясяткі прафесіяналаў у белых халатах. Адзін за адным паднімаліся на сцэну ўрачы, медыцынскія сёстры, спецыялісты санітарнай службы. Для кожнага знаходзілі асаблівыя словы галоўны ўрач Шчучынскай ЦРБ С.Г. Амбрушкевіч і галоўная медыцынская сястра бальніцы М.В. Аксціловіч, галоўны санітарны ўрач раёна П.С. Волчак і ўрач-гігіеніст Т.М. Івашка. 
Ганаровай граматай упраўлення аховы здароўя Гродзенскага аблвыканкама ўзнагароджаны ўрач-псіхіятр-нарколаг Л.Я. Чудоўская, медыцынская сястра аперацыйная І.Л. Паўлавец, а Падзяку начальніка ўпраўлення аховы здароўя Гродзенскага аблвыканкама атрымалі ўрач-хірург А.В. Будрэвіч, медыцынская сястра-рэгістратар М.Л. Паўловіч і рэнтгеналабарант Т.У. Шышла. Ганаровай граматай Гродзенскага абласнога цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага харчавання адзначана памочнік урача-эпідэміёлага Г.І. Вішняк і фельчар-лабарант мікрабіялагічнай лабараторыі С.І. Станкевіч, а Падзякі аб’яўлены памочнікам урача-гігіеніста Л.І. Варац і М.У. Вількевіч. 
Як у такі дзень не ўшанаваць ветэранаў працы, якія многія гады стаялі на варце аховы здароўя людзей? 
– Пачуцці мяне проста перапаўняюць, – прызналася ветэран санітарнай службы, якая многія гады працавала ўрачом-лабарантам Шчучынскага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі, а зараз знаходзіцца на заслужаным адпачынку, Ніна Аляксандраўна Шумік. – Я так рада быць сёння сярод людзей, якія сваё жыццё прысвяцілі служэнню іншым людзям. Я працавала якраз у той час, калі ў санітарным аддзяленні раённай бальніцы (так раней называўся цэнтр гігіены і эпідэміялогіі) пачала стварацца лабараторыя. У сельскай гаспадарцы прымянялася шмат пестыцыдаў, і мы павінны былі кантраляваць колькасць гэтых рэчываў у прадуктах. На той час у нашым аддзяленні было чатыры пакоі, а таксама конік з павозкай, на якім наш дэзінфектар з вялікім пульверызатарам ездзіла па вёсках і хларыравала ваду ў калодзежах. Нядаўна я пабывала на экскурсіі ў сённяшнім цэнтры гігіены і эпідэміялогіі і была вельмі ўражана тым, як усё змянілася, і як усё развіваецца. Сучаснае абсталяванне, выдатныя ўмовы працы... Ад душы жадаю вам быць лепшымі ў сваёй прафесіі!
Кветкі, падарункі і апладысменты сталі для ветэранаў медыцынскай і санітарнай службы прыемным знакам павагі. 
На жаль, многіх медыцынскіх работнікаў Шчучыншчыны няма ўжо сёння на гэтым свеце, завяршыўся іх зямны шлях. Аднак калегі помняць пра іх. Мінутай маўчання ўшанавалі памяць усіх, хто пайшоў з жыцця, удзельнікі мерапрыемства. 
Час не стаіць на месцы, і на змену сваім старэйшым калегам прыходзіць моладзь. Цёпла павітала маладых спецыялістаў, якія робяць свае першыя крокі ў прафесію на нашай Шчучынскай зямлі, старшыня прафкама Шчучынскай ЦРБ А.С. Падзялінская і ўручыла ім кветкі і падарункі. 

Больше фото здесь

Больше фото здесь

Цудоўным падарункам для ўдзельнікаў свята сталі песні ў выкананні ансамбля “Васільковая раніца”, народнага ансамбля народнай песні “Сябрына”, салістаў Ілоны Тонкевіч, Аксаны Атарык, Юрыя Барысевіча, Дзмітрыя Паваргі, Алёны Касатавай, Марыны Мадаян, Дзмітрыя Панова, Галіны Будзько, Таццяны Ціцяк.
Ганна РУДСКАЯ.
Фота аўтара. 

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!