Якасны сянаж – залог высокіх надояў

У ААТ “АграГЖС” касавіца набірае абароты: штодзень касіць травы ў поле выходзяць чатыры трактары з навяснымі агрэгатамі. Кіруюць жалезнымі волатамі вопытныя механізатары Баляслаў Францавіч Носевіч, Казімір Казіміравіч Маціевіч, Васілій Васільевіч Мікановіч і Юрый Антонавіч Шылка. Разам яны абкошваюць за працоўную змену да 120 гектараў.

– Сёлета нам прадстаіць скасіць травы на плошчы 3300 гектараў, першым укосам неабходна нарыхтаваць 28 тысяч тон сенажу, – гаворыць галоўны аграном ААТ “АграГЖС” Леанід Леанідавіч Ушкевіч. – Каб зрабіць гэта ў аптымальныя тэрміны, задзейнічалі каля 20 адзінак тэхнікі, у тым ліку чатыры кормаўборачныя камбайны, столькі ж грабель, варушылку. 
Падвяленую зялёную масу да сянажных траншэй аператыўна дастаўляюць восем грузавых аўто. “Флагманамі” на адвозцы з’яўляюцца вадзіцелі Аляксандр Станіслававіч Курыла, Павел Уладзіслававіч Мікша, Уладзімір Леанідавіч Цывінскі і Мар’ян Іосіфавіч Новік. На іх раўняюцца астатнія.
Трамбоўка сенажу ў гаспадарцы арганізавана ў дзве змены. Днём зялёную масу раўнамерна разраўноўваюць па сянажнай траншэі пры дапамозе магутных “Амкадораў” механізатары Іван Іванавіч Анюськевіч і Віктар Вітольдавіч Карповіч. Ноччу іх падмяняюць трактарысты Аляксей Пятровіч Серыкаў і Аляксей Аляксандравіч Габец, якія працуюць па чарзе. У суткі мясцовыя аграрыі закладваюць да 300 тон сенажу. 


– На працу ў ААТ “АграГЖС” я ўладкаваўся ў лістападзе мінулага года, – гаворыць Віктар Вітольдавіч Карповіч. – Гаспадарка адразу выдзеліла аднапакаёвую кватэру, куды мы з жонкай і пераехалі. Мне даверылі кіраваць “Амкадорам”, на якім спачатку грузіў арганіку, кармы, а сёння трамбую сянаж. Працаваць даводзіцца амаль увесь светлавы дзень. Гаспадарка паклапацілася, каб усе, хто заняты на нарыхтоўцы кармоў, былі забяспечаны двухразовым гарачым харчаваннем. Прычым, плацім мы за гэту паслугу толькі 50% ад рэальнага кошту, астатнія выдаткі бярэ на сябе сельгаспрадпрыемства.
Асаблівая ўвага ў ААТ “АграГЖС” надаецца строгаму выкананню ўсіх тэхналагічных патрабаванняў пры закладцы сенажу. Спецыялісты пільна сочаць за ўтрыманнем вільгаці ў зялёнай масе, замяраюць яе тэмпературу, дабаўляюць кансервант. Усе сянажныя траншэі тут накрываюць спецыяльнай плёнкай, каб не дапусціць намакання і гніення кармоў. 
Дарэчы, на 9 чэрвеня мясцовыя аграрыі ўжо заклалі 3600 тон сенажу, што складае 13% да плана. Калі надвор’е будзе спрыяць, першы ўкос у гаспадарцы завершаць да канца месяца. 
Аляксандр КАСПЯРЧУК.
Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!