Як жыць – дык жыць для Беларусі. 100-годдзе стварэння БССР адзначылі ў Шчучыне

Стагоддзе прайшло з таго моманту, калі беларускі народ сустрэў важную падзею ў сваім жыцці: першыя і ўпэўненыя крокі ў гісторыі рабіла створаная Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка. Мяняліся пакаленні і грамадскі лад, але гэта падзея назаўсёды застаецца ў летапісе роднай зямлі, таму што гэта наша вера, надзея, гісторыя.

У чацвер, у рамках святочных мерапрыемстваў, прысвечаных 100-годдзю ўтварэння Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі і Камуністычнай партыі Беларусі, у Шчучынскім раённым цэнтры культуры і народнай творчасці адбыўся ўрачысты сход. У фае ўдзельнікаў мерапрыемства сустракаў аркестр народных інструментаў і выстава, якая акунала ў пасляваенную гісторыю БССР.

У святочнай зале сабраліся людзі, якія ўнеслі значны ўклад у развіццё Шчучынскага раёна, чые заслугі былі адзначаны дзяржаўнымі ўзнагародамі. Разам з імі знакавую падзею ў жыцці беларускай дзяржавы адзначылі прадстаўнікі прадпрыемстваў, арганізацый і ўстаноў, грамадскіх аб'яднанняў, дэпутаты, моладзь.

Адкрываючы мерапрыемства, намеснік старшыні райвыканкама Алена Васільеўна Пасюта адзначыла, што ў лёсе нашай Радзімы ёсць даты, якія аб'ядноўваюць людзей самых розных поглядаў і меркаванняў, выклікаюць пачуццё гонару за бацькоў і дзядоў, напаўняюць сэрца верай, нязломнай сілай народнага духу. Адна з такіх дат - 1 студзеня 1919 года - Дзень утварэння БССР, што з'явілася пачаткам рэальнага станаўлення беларускай нацыянальнай дзяржавы. Сінявокая ўпершыню здабыла ўсе асноўныя атрыбуты дзяржаўнасці: тэрыторыю з выразнымі межамі, адміністрацыйны падзел, органы ўлады ў цэнтры і на месцах, уласную сістэму заканадаўства, міжнароднае прызнанне.

-- У далейшым пад уплывам ваеннай абстаноўкі маладая рэспубліка не раз мяняла межы, губляла і зноў набывала тэрыторыі, але на палітычнай карце яна заставалася самастойным суб'ектам, - падкрэсліла Алена Васільеўна. -- Беларускі народ заслужыў павагу ва ўсім свеце гераічным супраціўленнем нямецка-фашысцкім захопнікам у гады Вялікай Айчыннай вайны. Пасляваенныя пакаленні аднавілі рэспубліку з попелу. Безумоўна, гэтаму паспрыяла самаадданая праца жыхароў шчучынскага краю. Чатыры Герои Сацыялістычнай Працы і больш за трыста работнікаў, якія атрымалі найвышэйшыя ўзнагароды за добрасумленную працу, узгадавала шчучынская зямля.

За сто гадоў свайго існавання рэспубліка прайшла складаны шлях, Менавіта ў перыяд БССР быў створаны трывалы грамадска-палітычны, эканамічны і культурны падмурак беларускай нацыянальнай дзяржаўнасці. Ён прайшоў выпрабаванне часам, стварыў надзейную аснову для будаўніцтва сучаснай суверэннай Беларусі. Сёння рэспубліка ўпэўнена развіваецца, усе даброты ствараем мы самі. Стваральная праца, любоў да роднай зямлі, павага да старэйшага пакалення, да гісторыі і традыцый - вось чаго дамагліся людзі, якія жывуць у нашай краіне. Алена Васільеўна павіншавала ўсіх прысутных са святам і падзякавала за добрасумленную працу ў імя будучых пакаленняў. Яна пажадала суверэннай Рэспубліцы Беларусь працвітання, жыхарам Шчучыншчыны -- моцнага здароўя і ўпэўненасці ў заўтрашнім дні.

Пра гісторыю Беларусі за мінулыя 100 гадоў з дня ўтварэння БССР расказаў і святочны канцэрт, падмацаваны фота- і кінахронікай і вядомымі вершамі беларускіх паэтаў, якія прызнаваліся ў любові да нашай Радзімы - Беларусі. Урачыстае мерапрыемства дазволіла за гадзіну пражыць і прачуць векавую гісторыю БССР і яшчэ раз нагадала: калі лёс чалавека залежыць ад яго самаго, то лёс краіны залежыць ад кожнага з яе жыхароў. Разам мы можам зрабіць Беларусь яшчэ мацнейшай і больш прыгожай.

Сяргей КАСПЯРЧУК.

Фота Аляксандра КАСПЕРЧУКА.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!