Як самастойна сабраць трактар з нуля падзяліўся васілішкаўскі ўмелец Леанід Бярдоўскі

Хадавая частка ад “Нівы”, рухавік ад “Жыгулёў”, лабавое шкло ад “Масквіча”, бакавыя дзверкі ад “Т-40” – усё гэта састаўныя часткі паўнапрываднога трактара “Комбі”, які самастойна сканструяваў і сабраў васілішкаўскі ўмелец Леанід Адамавіч Бярдоўскі.

 

– За сваё прафесійнае жыццё кім я толькі не працаваў! – усміхаецца Леанід Адамавіч. – Быў кінамеханікам, аграномам участка ў калгасе, вадзіцелем аўтамабіля хуткай дапамогі ў Васілішкаўскай участковай бальніцы, нават спрабаваў сябе ў прадпрымальніцтве і фермерстве. Аднак мяне заўсёды цягнула да тэхнікі. Ідэю сабраць сваімі рукамі трактар выношваў даўно. А пачалося ўсё з таго, што ўбачыў у знаёмага мотаблок, які той самастойна аснасціў “перадком” і дадатковымі коламі, каб не хадзіць за агрэгатам, як за канём, а камфортна ездзіць. Я вырашыў пайсці яшчэ далей і сканструяваць машыну з нуля!

 

Некалькі цікавых ідэй Леанід Адамавіч Бярдоўскі падгледзеў у інтэрнэце, астатняе дадумаў сам. Паколькі хацеў, каб трактар быў паўнапрывадным – за аснову ўзяў хадавую частку ад аўтамабіля “Ніва”.
– Большасць дэталей я знайшоў на аўтабарахолцы або ў пункце здачы металалому, – гаворыць васілішкаўскі майстар. – Так, выкупіў у аднаго аднасяльчаніна рухавік ад “Жыгулёў”, які адрозніваецца ад “ніваўскага” толькі раздатачным механізмам. Самастойна зварыў раму. Больш за ўсё намучыўся з кабінай, якую збіраў з розных частак: бакавыя сценкі ўзяў ад УАЗа, у якасці лабавога шкла выкарыстаў шкло ад задняй дзверкі “Масквіча” комбі, дзверкі паставіў ад трактара “Т-40”, прычым яны былі абедзьве левыя, таму давялося ўключыць кулібіна. Каб было камфортна ездзіць, устанавіў унутры печку і магнітолу.

 

Усе работы Леанід Адамавіч праводзіў у сваім гаражы, дзе ёсць усе неабходныя інструменты: пілы, зварка, дрэль, кампрэсар і іншыя. Часам працаваў ноччу, калі прыходзіла натхненне.
– Я не адразу зразумела, навошта мой муж прывёз у гараж столькі розных дэталяў і некалькі старых халадзільнікаў, – прызнаецца жонка канструктара Тэрэза Станіславаўна. – Як высветлілася, апошнія яму былі патрэбны, каб зрабіць капот. З задавальненнем назірала за рабочым працэсам і ні на хвіліну не сумнявалася, што Леанід давядзе задуманае да канца: у яго сапраўды залатыя рукі!
Хутка аднасяльчане даведаліся, над чым Л.А. Бярдоўскі так рупліва працуе ў сваім гаражы, і пачалі прыходзіць у госці, прыводзіць дзетак, якія з інтарэсам разглядалі тэхніку. Справа спорылася, і ўжо праз год трактар “Комбі” быў гатовы. Акурат да яго майстар Леанід Адамавіч сабраў аднавосевы прычэп: на заводскую раму паставіў ступіцы ад “Масквіча”, дабавіў пружыны ад “Жыгулёў”, а кузаў зрабіў з былых электрычных шафаў. І вось настаў час першага тэст-драйва!

 

 

– Уставіў ключ у замок запальвання, павярнуў, і трактар ажыў, – з агеньчыкам у вачах успамінае наш суразмоўца. – Паехаў на ім на рынак, які дзейнічае ў цэнтры Васілішак. Мой “Комбі” адразу выклікаў інтарэс у аднасяльчан: многія рабілі сэлфі, распытвалі, як мне ўдалося сабраць такую прыгажосць.
Трактар васілішкаўскага майстра высока ацанілі і супрацоўнікі Лідскага ДАІ, якія спецыяльна спынілі Леаніда Адамавіча, каб бліжэй пазнаёміцца з яго цуда-машынай. Аказалася, тэхніка адпавядае ўсім патрабаванням: пазначана маячком, габарыты працуюць, няспраўнасцей няма. Пасля кароткай фотасесіі з “Комбі” праваахоўнікі пажадалі гаспадару шчаслівай дарогі!

 

 

– У планах сканструяваць яшчэ адзін трактар: шырынёй 70 сантыметраў, без кабіны, з заднім прывадам, – дзеліцца Леанід Адамавіч. – Амаль усе неабходныя дэталі я ўжо знайшоў. Яшчэ даўно мару купіць “Запарожац” ЗАЗ-965 і самастойна адрэстаўраваць яго. А пакуль збіраю тры прычапныя агрэгаты: акучнік для нарэзкі барознаў, плуг і культыватар з прымацаванымі баронамі, каб за адзін праход рабіць роўную градку шырынёй 1,4 метра. У мяне ля хаты ў карыстанні 5 сотак зямлі, таму ўся гэтая тэхніка вясной спатрэбіцца!

 

Аляксандр КАСПЯРЧУК.
Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Яндекс.Дзен, Telegram и Viber!