Як пранікам ручнік папрасаваць, пакажуць у музейным пакоі Васілішкаўскага цэнтра культуры

Задумка стварыць музейчык старадаўніх побытавых рэчаў у васілішкаўцаў з’явілася даўно, а нядаўна гэта ідэя ажыццявілася. У цэнтры культуры адвялі досыць вялікі пакой, які імгненна запоўніўся “фактурнымі” рэчамі, што акунаюць наведвальнікаў у часы, калі тутэйшы люд вёў натуральную гаспадарку, а мясцовыя майстры сваімі залатымі рукамі маглі вырабіць для ўжытку што заўгодна.

 

 – Непадробную зацікаўленасць у рэалізацыі гэтага праекта праявілі літаральна ўсе нашы работнікі, – гаворыць загадчыца ўстановы Алена Лысеня. – Многае ўжо было сабрана ў папярэднія гады, а тут новы імпульс да дзеяння. Мы перабралі ўласныя шафы, не палянаваліся зазірнуць на гарышчы і ў свірны. У выніку з Арцюшоў, Дварчан, Гурнофеля пераехалі да нас самабытныя вырабы і мэбля. Цікавыя экспанаты прапанавалі Валянціна Сяргей, Марыя Грэсь, Іван Багдзевіч. Нашы жанчыны не пашкадавалі прынесці рукатворныя дываны сваіх прабабуль-ткалляў, хтосьці знайшоў верацёны, прасы-жалязкі, збанкі – словам, усё, чым у паўсядзённым жыцці карысталіся нашы продкі. І цікаўнасць да ўсяго гэтага каласальная. Асабліва ў прыезджых.

 

Як расказала нам Алена Вацлаваўна, досыць часта ў Васілішкі наведваюцца госці з Ізраіля, якія імкнуцца адшукаць свае карані, даведацца пра лёсы сваякоў. Заходзячы ў цэнтр культуры, абавязкова знаёмяцца з гэтым этнаграфічным куточкам, дзе ім паказваюць, як можна карыстацца той або іншай прыладай – абсалютна незразумелай на першы погляд. Да прыкладу, турысты былі проста ў захапленні ад магчымасцей качалкі і праніка, прасілі дазволу самім папрасаваць ільняныя ручнікі. Увогуле тут можна пераапрануцца для фотасесіі ў народныя строі, прымераць лапці ці абіякі, сесці за калаўрот з верацяном. 

 

Інтэрактыўныя экскурсіі ды майстар-класы карыстаюцца папулярнасцю ў школьнікаў з Васілішак, Шчучына, іншых населеных пунктаў. У створаным музейным пакоі заўсёды рады гасцям і новым знаёмствам. 

 

Таццяна СТУПАКЕВІЧ.
Фота аўтара.