Як па камандзе! Орлеўскі сельсавет па выніках работы ў мінулым годзе стаў лепшым на Шчучыншчыне

Андрэй Георгіевіч Шэршань два гады таму прыняў пад сваё камандаванне Орлеўскі сельсавет. А інакш і не скажаш, бо ў кабінет старшыні сельвыканкама гэты малады мужчына прыйшоў пасля службы ў органах унутраных спраў. Яму, афіцэру міліцыі, не трэба было тлумачыць, што такое дысцыпліна, бяспека, спакой і парадак. А без гэтага і ў цывільным жыцці нікуды, асабліва калі ў цябе такая “гаспадарка” – 36 населеных пунктаў, тэрыторыя плошчай 151 квадратны кіламетр і, галоўнае, адказнасць за 1845 чалавек.

 

На першым часе лёгкае хваляванне ў новага старшыні, відаць, прысутнічала. А сёння Андрэй Георгіевіч – упэўнены ў сваіх сілах, дасведчаны кіраўнік, які ведае ў сельсавеце, калі не ўсё, то многае. Вось і падчас размовы пра бяспеку пражывання і паводзін людзей ён без роздуму назваў прозвішчы жыхароў вёсачкі, дзе многа дамоў з занавешанымі фіранкамі. З непакоем расказвае, што адзін з мужчын, уладкаваны на працу, затрымаўся на ёй зусім мала, а другі за некалькі дзён пераводзіць на віно ўсю пенсію… Таму і аглядная камісія такіх асоб не абмінае, з імі часта і сур’ёзна размаўляюць на пасяджэннях савета ГПАП. Не менш увагі з боку ўлады і суб’ектаў прафілактыкі да адзінокіх, нямоглых, сем’яў з непаўналетнімі дзецьмі. Работа вядзецца пастаянна, у цэнтры яе – бяспека жыцця ў самых розных праявах. Ёсць і рэзультат, падкрэслівае А.Г. Шэршань: “Аглядная камісія летась абследавала 969 домаўладанняў, у асобныя дамы і кватэры наведалася па 2-3 разы. Было выяўлена 86 парушэнняў, 85 з іх ухілены. На тэрыторыі сельсавета знізілася агульная злачыннасць, не дапушчана фактаў гібелі людзей на пажарах. Безумоўна, зусім выкараніць тыя ж крадзяжы немагчыма, бо хат з замкамі на дзвярах шмат. Гэта сядзібы-дачы, дамы пажылых людзей, якія выязджаюць на зіму да дзяцей. А хто ж перапыніць злодзея, калі на вясковых вуліцах цішыня: у тых жа Філіпаўцах усяго адзін жыхар, і той віртуальны – толькі прапісаны тут”.

 

Сапраўды, апусцелыя сядзібы – гэта рэаліі і праблема, якую вырашаюць самымі рознымі і даступнымі спосабамі. Так, летась за бюджэтныя сродкі знеслі 7 безгаспадарных і закінутых будынкаў. Але сёння ёсць рух і ў іншы бок. Напрыклад, у даўно апусцелых Хільках з’явіўся… зруб новага дома: ураджэнец гэтых мясцін вырашыў пабудавацца на малой радзіме і заняцца фермерствам. Глядзіш – яшчэ нехта заахвоціцца…
А яшчэ орлеўскі рэгіён праславіўся на ўсю краіну дзякуючы перамогам юных хакеістаў з “Арлянят”. Са спортам дружаць і ракавіцкія школьнікі: тут у пашане шашкі, шахматы і тэніс. Гэта і іх заслуга, што сельсавет прызнаны лепшым у раёне па выніках спартыўна-аздараўленчай работы.

 

А.Г. Шэршань падкрэслівае: навядзенне парадку, сацыяльны камфорт, забеспячэнне належных і бяспечных умоў жыцця насельніцтва – гэта агульны клопат сельсавецкай улады, устаноў і арганізацый, якія тут працуюць. “Пастамент да помніка на брацкай магіле ў Зачэпічах адрамантавалі работнікі Шчучынскага лясгаса. Дзякуй і ім, і дырэктару Міхаілу Вітольдавічу Сушчэўскаму, дарэчы, дэпутату райсавета па Орлеўскай акрузе, – адзначае Андрэй Георгіевіч. – А ў добраўпарадкаванні тэрыторый і памятных мясцін, навядзенні парадку на зямлі пасадзейнічала ААТ “Орля”. Неаддзельныя ад агульных клопатаў і калектывы школ. Актыўную жыццёвую пазіцыю займаюць і нашы людзі. Так, стараста Ракавічаў Сяргей Міхайлавіч Валчкевіч – арганізатар суботнікаў па навядзенні чысціні, удзельнік рэйдаў бяспекі ў складзе агляднай камісіі. Трымае парадак ля музея-зямлянкі ляснічы Зачэпіцкага лясніцтва, дэпутат Аляксандр Яўгеньевіч Богдзель. Многія жыхары ахвотна наводзяць прыгажосць ля сваіх сядзіб. Каб зямля не “зарастала” сметнікамі, рупіцца РУП ЖКГ: летась былі заключаны дагаворы на вываз бытавых адходаў з жыхарамі 13 вёсак (усяго ахоплена паслугай 16). Будзем працягваць гэту работу, каб ліквідаваць міні-палігоны і прыступіць да рэкультывацыі зямель.

 

На тэрыторыі сельсавета ўстаноўлены прымальны парадак гандлёвага, паштовага, бытавога абслугоўвання. Сектар аховы здароўя прадстаўляюць амбулаторыя ў Орлі і ФАПы ў Ракавічах і Крупава. А нядаўна жыхары Ліпічна і Сарок станоўча ацанілі работу медыцынскага комплексу на колах. У рэгіёне, дзе 735 пенсіянераў, такая паслуга вельмі дарэчы.

 

Камандная работа і ўнутры органа ўлады. У адной суполцы са старшынёй даўно і плённа працуюць кіраўнік спраў Л.Л. Амельчанка, інспектары В.Я. Ладыга і Т.А. Тарас, бухгалтар Г.Я. Клышэвіч. Яны заўжды гатовы выслухаць, даць параду, дапамагчы вырашыць надзённае пытанне.

 

Таццяна ПАЛУБЯТКА.

Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!