Яблыкі, вырашчаныя ў ААТ “Васілішкі” спажыўцы цэняць за высокі таварны выгляд і выдатныя смакавыя ўласцівасці. Як іх захоўваюць?

Садавіна і гародніна адыгрываюць важную ролю ў рацыёне чалавека. Не дзіва, што паліцы магазінаў перапоўнены гэтай прадукцыяй. Сярод пакупнікоў асаблівай папулярнасцю карыстаюцца яблыкі, вырашчаныя ў ААТ “Васілішкі”: спажыўцы цэняць іх за высокі таварны выгляд і выдатныя смакавыя ўласцівасці.

 

– Бягучы сезон яблычным не назавеш, – прызнае загадчыца фруктасховішча ААТ “Васілішкі” Наталля Антонаўна Жолік. – Аднак, нягледзячы на неспрыяльныя ўмовы надвор’я, мы вырасцілі дастойны ўраджай: заклалі на захоўванне 300 тон яблыкаў. Плады складзены ў спецыяльныя скрыні і змешчаны ў секцыі, дзе падтрымліваецца тэмпература +1-2 градусы. Пры такіх умовах ураджай без праблем даляжыць да пачатку лета. Масава рэалізоўваць тавар плануем у пачатку наступнага года.

 

Каб фруктасховішча змяшчальнасцю 3000 тон не пуставала, васілішкаўскія аграрыі захоўваюць тут і агародніну: 855 тон морквы, 600 тон капусты і 110 тон цыбулі. І ў кожнай з секцый усталяваны асобы мікраклімат – аптымальны для кожнай з гэтых культур. Пры неабходнасці тут гатовы задзейнічаць бескіслародную сістэму захоўвання.

 

– Мы паспяхова рэалізуем нашу прадукцыю на рынках у Шчучыне, Лідзе і Гродна, – зазначае Наталля Антонаўна. – Але большую частку вырашчанага ўраджаю экспартуем у Расію, дзе заўсёды ёсць попыт на свежую садавіну і гародніну. Паколькі выкарыстоўваем еўрапейскія сарты, то па якасці прадукцыі пераўзыходзім многіх канкурэнтаў. Тавар расфасоўваем у мяшкі ды скрыні, што вельмі зручна. На кожную ўпакоўку наклейваем стыкер з данымі ААТ “Васілішкі” – няхай спажыўцы ведаюць, за якую гаспадарку “галасуюць” рублём!

 

Аляксандр КАСПЯРЧУК.
Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!