В.Ю. Дубіневіч: «У бізнесе трэба ўмець працаваць і зарабляць»

Высокая агароджа вакол тэрыторыі былога хлебазавода хавае за сваімі «плячыма» магазін «Строймаркет». Адчыніўшы дзверы, трапляеш у прасторнае і светлае памяшканне, дзе ад тавараў вочы разбягаюцца. За вітрынай і на паліцах – тое, што спатрэбіцца на этапе будаўніцтва, рамонту ці рэканструкцыі, абуладкавання кватэры і дома, офіса і вытворчага аб’екта...

– У продажы ёсць практычна ўсё – ад мініяцюрнага самарэза да сучаснай сантэхнікі, матэрыялаў для даху, – запэўнівае заснавальнік ТДА “ДиКСиТорг» Васіль Юзэфавіч Дубіневіч. – І асартымент увесь час пашыраем. Да таго ж па заказах пакупнікоў прывозім любы тавар, які пастаянным попытам не карыстаецца, але спатрэбіўся канкрэтнаму чалавеку.

Лета – сезон рамонтаў, а значыць, і для гандлю спрыяльны. Заўважыла: пакупнікі – усё больш мужчыны з іх прафесійным падыходам да выбару тавару. Аднак не толькі. Вось маладая асоба ўважліва агледзела вітрыну і папрасіла ў прадаўца патрэбны ёй тавар з нейкай мудрагелістай назвай. “Муж навучыў разбірацца», – усміхнулася яна.

Зрэшты, у гэты магазін можна смела заходзіць нават калі ты нічога не ведаеш пра сучасныя тэндэнцыі ў вытворчасці будаўнічых матэрыялаў і, так бы мовіць, не разбіраешся ў рамонтнай модзе. Дапаможа дырэктар Іна Станіславаўна Дубіневіч, як вы зразумелі, – жонка заснавальніка «ДиКСиТорга». У маладой жанчыны цудоўная адукацыя – МДТУ імя Баумана. Яна кампетэнтна адкажа на ўсе пытанні, сарыентуе ў выбары тавару. Асвоіла і бухгалтэрыю, і гандлёвы фэншуй. «Дырэктар павінен ведаць усё!» – прафесійнае крэда Іны Станіславаўны. Работнікі за прылаўкам – таксама профі. Дарэчы, не толькі ў гэтай краме, але і ў «Вітражы», які знаходзіцца на тэрыторыі цэнтральнага рынка.

Між іншым, з магазіна «Вітраж», які адчыніў дзверы ў 2000 годзе, і бярэ пачатак сямейны бізнес Дубіневічаў.

– А яшчэ праз чатыры гады была зарэгістравана фірма «ДиКСиТорг», арыентаваная на аптовы гандаль сантэхнікай, – расказвае В.Ю. Дубіневіч. – А з цягам часу прыйшлі да рознічнага гандлю сантэхнікай, будматэрыяламі і іншымі гаспадарчымі таварамі. За 18 год спазналі пад’ёмы і падзенні, сумленную і не вельмі канкурэнцыю. Дарэчы, цяпер яна надзвычай адчуваецца: будматэрыяламі ў горадзе гандлююць каля паўтара дзясяткаў магазінаў.

Два года таму Дубіневічы асэнсавана прынялі рашэнне аб набыцці будынкаў былога хлебазавода. Частку памяшканняў ужо рэканструявалі і адрамантавалі. Сам Васіль Юзэфавіч працаваў нароўні з работнікамі. «Два месяцы мінула, як скінуў рабочы камбінезон, – зазначае ён. – І прарабам быў, і грузчыкам, і вадзіцелем, і кансультантам... Таму і ідзе бізнес». Цяпер тут не толькі гандлёвыя плошчы, але і вытворчая база – гаражы для тэхнікі, склады. Усё кампактна і зручна. Трэба даставіць буйнагабарытную рэч па горадзе ці ў любы куток раёна – калі ласка, да паслуг адзін з чатырох аўтамабіляў фірмы.

– У бізнесе трэба ўмець працаваць і зарабляць, – дзеліцца Васіль Юзэфавіч. – Каб магло прадпрыемства развівацца.

У гэтых прадпрымальных людзей даўно свая гандлёвая стратэгія і тактыка. У аснове яе, па словах суразмоўцаў, – індывідуальны падыход да пакупніка. Здаецца, нічога новага, гэта класіка гандлю. Але для рэалізацыі такога правіла прымяняецца ўласны метад.

– Усё залежыць ад калектыву, – перакананы В.Ю. Дубіневіч. – Калі да мяне прыходзіць чалавек і заяўляе: «Я хачу ў вас працаваць!», то ў адказ чуе: «Я параюся з калектывам». І толькі калі атрымаю «дабро» людзей, якія сталі неад’емнай часткай нашай каманды, прыму навічка на працу. Мы вельмі даражым нашымі стараннымі і добрасумленнымі работнікамі. У прыватнасці, асабліва цэнім людзей з вопытам – таваразнаўца Аляксандра Іванавіча Садоўскага, прадаўцоў Іну Васільеўну Мыцко, Ганну Тадэвушаўну Гацэк, Наталлю Леанідаўну Гаранскую і іншых.

Васіль Юзэфавіч здзіўляе не толькі гэтай сваёй пазіцыяй. Але і прызнаннем, што да таго, як распачаць уласную справу, ён быў... мараком. Дарэчы, улюбёны ў мора і сын Кірыл, які цяпер па некалькі месяцаў нясе вахту на акіянскіх прасторах. Між іншым, хлопец з’явіўся на свет у Маскве, дзе маладая сям’я шчучынцаў Дубіневічаў жыла 10 год. Але лёс распарадзіўся так, каб працоўнае станаўленне сям’і адбылося ўсё ж на малой радзіме. І дзякуючы распачатай тут уласнай справе бізнесмены Дубіневічы цяпер маюць магчымасць падарожнічаць і пазнаваць іншыя краіны.

Таццяна ПАЛУБЯТКА.

Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!