Выратаваць бусла дапамаглі энергетыкі

У рэдакцыю газеты “Дзянніца” патэлефанавалі ўсхваляваныя ўладальнікі дачных участкаў ля вёскі Догі і паведамілі аб птушынай трагедыі, якая разыгралася на іх вачах. У сям’і буслоў, якая гняздзіцца побач з дачнымі домікамі на адным з жалезабетонных слупоў, з гнязда выпала буслянё і, зачапіўшыся за галіну нагой, павісла ў паветры. Як ні трапяталася маладая птушка, аднак вырвацца са смяротнага палону ёй не ўдалося і яна загінула. Самае страшнае, што праз некалькі гадзін у тую ж самую пастку трапіла яшчэ адно буслянё, і яно працягвала адчаяна змагацца за сваё жыццё. Час ішоў на хвіліны…

Мы адразу звязаліся з начальнікам інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Сяргеем Генрыхавічам Шандрохам і выехалі на месца здарэння. Бедная птушка вісела пад сваім жа гняздом і спалохана біла крыламі. Дарослыя буслы бездапаможна кружылі вакол.

-- Учора вечарам я прыехаў на мясцовае возера на рыбалку, -- гаворыць жыхар вёскі Рагачы Мар’ян Браніслававіч Лях. – Тады і заўважыў маладога бусла, які трапіў у бяду. Спрабаваў самастойна выратаваць птушку, але лесвіца, якую выкарыстоўваў, аказалася закароткай.

Стала зразумела, што самім праблему нам не вырашыць, таму мы патэлефанавалі начальніку Шчучынскага РЭС Аляксандру Паўлавічу Асовіку. Ён уважліва выслухаў нас і тут жа накіраваў на дапамогу сваіх работнікаў, якія недалёка ад вёскі Догі мянялі лініі электраперадач. Пры дапамозе трактара са спецыяльнай вышкай яны хутка вызвалілі маладога бусла з палону. Птушка аказалася настолькі абяссіленай, што не змагла нават самастойна ўстаць на ногі.

-- Дзякуй за дапамогу і міласэрднасць! -- выказала цёплыя словы ў адрас выратавальнікаў дачніца Тамара Вячаславаўна Кумпан. – Мы з суседзямі зробім усё, каб паставіць гэтага бусла на ногі.

Аляксандр КАСПЯРЧУК.

Фота аўтара.

Добавить комментарий

CAPTCHA
Этот вопрос задается для того, чтобы выяснить, являетесь ли Вы человеком или представляете из себя автоматическую спам-рассылку.
Fill in the blank.