Вяртанне да каранёў

-- Вось пабачыш, недалёкі той час, калі людзі зноў вернуцца ў вёскі, распрабуюць-такі смак гарманічнага жыцця на ўлонні прыроды, зразумеюць каштоўнасць зямлі, -- гаворыць мая суседка-спадарожніца, разглядаючы праз акно аўтобуса  вясковыя сядзібы ў мілай яблычнай глухамані. А дакладней -- у маленькай вёсачцы з ліку неперспектыўных.

І тут па ходзе руху аўтобуса ў агульную карціну дажываючых свой век падворкаў урываецца нечаканы кантраст -- свежаабшаляваны дамок-церамок з разнымі налічнікамі на новых вокнах, з высокім ганкам, аздобленым квітнеючымі вяргінямі, з плотам у выглядзе … рознакаляровых алоўкаў. Здаецца, і не штыкеціны зусім. Вось бяры ў рукі вялізны карандаш любога колеру і малюй сабе на нябесным палатне вясёлку! Што й казаць, хтосьці сапраўды ўдала рэалізаваў свае творчыя памкненні.

Людзей, якія з'язджаюць з шумнага горада і асядаюць у маляўнічых мясцінах, сёння, можа, і нямнога, але яны, безумоўна, ёсць. Некалькі год таму ў адной з маленькіх вёсачак Астрыншчыны, дзе ні крамы табе, ні ФАПа, ні аўтобуснага прыпынку побач, сям'я былога вайскоўца з буйнога расійскага горада купіла пустуючую хату. Не пад дачу, а для пастаяннага жыцця са сталай прапіскай.

Усе дзівіліся, а яны закасаўшы рукавы працавалі, ператвараючы ладную тэрыторыю ў прывабны аазіс, наводзілі ў доме марафет на свой лад, высаджвалі нейкія нетутэйшыя расліны і дрэвы. Атрымалася вельмі прыгожа: па-еўрапейску стыльна і ў той жа час па-беларуску гасцінна. Новыя жыхары вельмі хутка знайшлі агульную мову з мясцовымі, заўжды гатовы дапамагчы старэнькім суседзям, даць параду тым, хто ў гэтым мае патрэбу. Дый самі многаму навучыліся ў тутэйшых.

 Пра свой уклад кажуць: "Ну вось, нарэшце, можам дазволіць сабе пажыць у сваё задавальненне." А задавальненне тое, як бачна, не ў гультаяватым няспешным рытме бяздзейнага існавання, а ў стваральнай і дружнай працы з першымі промнямі сонца, у тым, што кожны дзень радуе новым вынікам.

"А ведаеш, калі вельмі рана ўстаць і позна легчы, ды на працягу дня даражыць кожнай хвілінкай, столькі-і-і  можна зрабіць на працягу дня!" -- прызнаўся неяк адзін з вяскоўцаў, калі я не пераставала шчыра здзіўляцца, маўляў, ну як вы ўсё паспяваеце?

Напэўна, так працавалі нашы продкі. Узгадваю свайго гаспадарлівага дзядулю, якога бачыла заўжды то за плугам, то з касой. Затое для рагулі Лялькі сена было назапашана ажно пад самую столь высокай пуні, а ў каморы з жорнамі ўсяго хапала! Мабыць, тая генетычная памяць, што перадалася нам па ланцужку радаводу ад продкаў-сялян, і сёння падкоркава жыве ў кожным з нас, хоць становімся мы і гараджанамі, і інтэлігенцыяй ні ў адным пакаленні.

Удзячна шчасліваму журналісцкаму лёсу, што аднойчы звёў з сям'ёй "гарадскіх" хутаран. Ушчэнт выматаныя сталічнай гонкай людзі, своечасова зразумеўшы, што знаходзяцца на мяжы нервовага зрыву, купілі хутар ля прыгожай ракі, завялі пародзістых коз і іншую жыўнасць, належным чынам наладзілі свой быт і … пазбавіліся вострых праблем са здароўем. "Вёска лечыць", -- казалі яны. Прычым пустэльнікамі сябе не адчувалі: дарослыя дзеці, сябры, знаёмыя ледзь не кожныя выхадныя з'язджаюцца ў іх сядзібу, каб адпачыць душой. А селекцыйнымі распрацоўкамі гэтых аматараў нават зацікавіліся навукоўцы аднаго з доследных інстытутаў.

Не, я не заклікаю адгароджвацца ад знешняга свету і грамадства за высокім плотам ці ўцякаць ад рэалій ляснымі сцежкамі. Але я за тое, каб часцей прыслухоўвацца да сябе, знайсці хвіліну і азірнуцца на пражытае -- падумаць, узважыць, узгадаць свае карані. І, можа, менавіта на дзядулінай старой сядзібе, адноўленай працавітымі рукамі ўнукаў і праўнукаў, можна знайсці страчаныя ці паўзабытыя духоўныя каштоўнасці, зноўку адкрыць сябе.

А вёска абавязкова будзе жыць. Правільна заўважыла мая спадарожніца. Бо ёсць людзі, якія ніколі не здрадзяць роднай зямлі, бо яны самыя -- і ёсць соль зямлі.

Ваша оценка: Нет Средняя: 3.9 (7 оценки)

Добавить комментарий

CAPTCHA
Этот вопрос задается для того, чтобы выяснить, являетесь ли Вы человеком или представляете из себя автоматическую спам-рассылку.
Введите ответ (Fill in the blank)