Вядомы на Шчучыншчыне музыкант Генадзь Паноў стаў лаўрэатам прэміі імя А.І. Дубко ў сферы культуры і мастацтва

На гэты традыцыйны штогадовы конкурс, заснаваны Гродзенскім аблвыканкамам, было заяўлена больш за паўсотні прэтэндэнтаў – дастойных, творчых людзей, кожны з якіх унёс свой важкі ўклад у развіццё культуры Прынеманскага краю, але ў пераможцы выйшлі ўсяго 14 чалавек – кожны ў сваёй намінацыі. Сярод іх Генадзь Аляксеевіч Паноў --  мастацкі кіраўнік народнага ансамбля беларускай песні “Медуніцы” Шчучынскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці.

 

22 студзеня ў абласным драматычным тэатры адбылася ўрачыстая цырымонія, дзе старшыня аблвыканкама Уладзімір Васільевіч Краўцоў і ўдава Героя Беларусі А.І. Дубко – Эма Нічыпараўна – уручалі пераможцам дыпломы лаўрэатаў конкурсу. На гэтым свяце таленту і прафесіяналізму прысутнічала і дэлегацыя шчучынскіх прадстаўнікоў культурнай сферы, якіх можна было смела назваць групай падтрымкі Г.А. Панова.

 --  Я ніколі не думаў, што маю працу, маю творчасць так высока ацэняць, таму сёння так моцна хвалююся, -- прызнаўся наш маэстра перад пачаткам мерапрыемства. -- Шчыра кажучы, ніколі не ганяўся за высокімі тытуламі, а вось да творчага самаўдасканалення, вядома ж, імкнуўся і заўжды жыў любімай работай. Прызнаюся, вельмі прыемна быць у шэрагу пераможцаў.

 

 Неўтаймаваныя журналісты бралі ў Генадзя Аляксеевіча інтэрв’ю, запісвалі на відэа, фатаграфавалі, а ён здзіўляў …  неверагоднай сціпласцю. І таму, магчыма, па-за кадрам засталося, што ён ужо больш паўстагоддзя аддана працуе на ніве культуры, што трыццаць год таму менавіта па яго ініцыятыве “нарадзіліся” знакамітыя “Медуніцы” і што для сваіх творчых калектываў маэстра не проста падбірае каларытны рэпертуар, а яшчэ і  нястомна піша цудоўныя песні як кампазітар, а выпушчаны ім уласны зборнік музычных твораў служыць добрым памочнікам для многіх работнікаў культуры. Шмат сіл і часу Г.А. Паноў аддае заняткам з хорам ветэранаў і народным хорам польскай песні “Промень”. Надзвычай важна, што гэты цудоўны чалавек, прафесіянал высокага кшталту ахвотна перадае свае вопыт і веды маладым паслядоўнікам.

Падчас уручэння лаўрэацкага дыплома губернатар Уладзімір Васільевіч Краўцоў моцна паціснуў руку нашаму земляку і выказаў словы ўдзячнасці за яго значны ўклад у адраджэнне і захаванне культуры, эстэтычнае і духоўнае выхаванне новага пакалення. Пажадала Генадзю Аляксеевічу і надалей так жа натхнёна ды плённа тварыць і Эма Нічыпараўна Дубко.

 

Трэба было бачыць вочы маэстра, калі ён, седзячы ў зале, пранікся і гонарам, і хваляваннем за свой гурт: удзельнікі народнага ансамбля беларускай песні “Медуніцы”  сваімі чыстымі, высокімі галасамі акапэльна выканалі неверагодна прыгожую фальклорную кампазіцыю ў апрацоўцы Г.А. Панова. Сімвалічна, што сярод вядучых салістаў ансамбля сын Генадзя Аляксеевіча – Дзмітрый Паноў, які не толькі пайшоў па слядах бацькі, але і стаў для яго надзейным саратнікам у рэалізацыі творчых праектаў.

Адразу пасля ўрачыстай імпрэзы ў драматычным тэатры свайго героя дня ад душы віншавалі начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Шчучынскага райвыканкама Таццяна Васільеўна Ганчарук, дырэктар раённага цэнтра культуры і народнай творчасці Святлана Паўлаўна Жвірбля, іншыя калегі. Наша “Дзянніца”, якой Генадзь Аляксеевіч не раз прысвячаў свае цудоўныя музычныя творы, таксама далучаецца да гэтых шчырых віншаванняў. Здароўя вам і асалоды ў творчасці, паважаны маэстра!

Таццяна СТУПАКЕВІЧ.

Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!