А вы ведаеце зорак Галівуда з беларускімі каранямі? Інтэлектуальны клуб "Мудры шчупак" адзначыў сваё дзесяцігоддзе

На юбілейны Х адкрыты раённы турнір па інтэлектуальных гульнях сярод школьнікаў "Кубак Шчупака – 2019", які адбыўся ў Шчучынскім раённым цэнтры культуры і народнай творчасці і быў прысвечаны нашай роднай Беларусі, з'ехаліся 28 каманд не толькі з устаноў адукацыі нашага раёна, але і прадстаўнікі з Гродна.

Вітаючы ўдзельнікаў, бяззменная вядучая клуба – настаўніца англійскай мовы СШ №1 г. Шчучына Таццяна Чаславаўна Бадзюкова, з задавальненнем адзначыла, што інтэлектуальны рух на Шчучыншчыне з кожным годам толькі мацнее, а колькасць каманд не змяншаецца. За пастаянную падтрымку і дапамогу ў арганізацыі гульняў яна падзякавала натхняльніцы клуба – намесніку начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму Шчучынскага райвыканкама Жанне Іванаўне Мецько.

Гульня складалася з трох тураў: медыя-шкатулкі, "Сваёй гульні" і "Што? Дзе? Калі?". Рабяты актыўна абмяркоўвалі пытанні, шукаючы правільны варыянт. За сваіх падапечных хваляваліся іх трэнеры. Юныя інтэлектуалы павінны былі добра ведаць беларускіх чэмпіёнаў спорту і мастакоў, музычныя інструменты, храмы Шчучынскай зямлі, раслінны і жывёльны свет, карысныя выкапні, гандлёвыя маркі і многае-многае іншае. Тэмы і заданні для "Сваёй гульні" падрыхтаваў наш зямляк, актыўны ўдзельнік інтэлектуальных гульняў, які працуе ў адной з мінскіх гімназій, Сяргей Дубялевіч. Дарэчы, ён даслаў і відэа-прывітанне для школьнікаў.

Па выніках гульні пераможцамі ў групе малодшых ювеналаў стала каманда "Бонсцікі" Шчучынскага палаца творчасці дзяцей і моладзі. Другое месца заняла каманда "Пазітыў" СШ №1 г. Шчучына і трэцімі сталі гімназісты з каманды "Надзея".

У групе старэйшых ювеналаў дыплом 1 ступені і пераходны кубак заваявала каманда "Дынаміт" СШ №1 г. Шчучына. Другою стала каманда "Перазагрузка" гімназіі г. Шчучына, а трэцяй – каманда "Мафія" СШ №1 г. Шчучына.

Першае і другое месцы ў групе юніёраў занялі каманды Гродзенскага абласнога палаца творчасці дзяцей і моладзі – "Крэатыўная кампанія" і "Альфатросы". Адразу дзве ўзнагароды атрымала каманда "Адэптус механікус" гімназіі г. Шчучына: дыплом за трэцяе месца і грамату – як лепшая рэгіянальная каманда.

– Заўсёды з задавальненнем прыязджаю на турніры ў Шчучын, – гаворыць капітан каманды "Крэатыўная кампанія" Дзмітрый Краеўскі. – Хоць цяпер жыву ў Гродне, менавіта тут я нарадзіўся. Сёння наша зборная каманда – Павел Ханевіч, Андрэй Наварыч, Раман Галубовіч і Аляксей Лаўрэнчук – выступіла выдатна.

Добрую гульню паказалі і каманды гімназіі г. Шчучына: у кожнай узроставай групе ёсць прызёры гэтай навучальнай установы.

Уручаючы кубкі, дыпломы, сувеніры і падарункі, Ж.І. Мецько павіншавала інтэлектуалаў з юбілейным турнірам і падзякавала ўсім за добрую гульню.

– Сёння мы перагарнулі яшчэ адну старонку гісторыі нашага клуба, – гаворыць Таццяна Чаславаўна. – Кожны раз з вялікім хваляваннем іду на гульню. Для мяне гэта стала сур'ёзным хобі, якое захапіла цалкам. Вельмі прыемна, што школьнікі хочуць гуляць, ім гэта цікава. Значыць, яны імкнуцца многа ведаць і быць інтэлектуальна развітымі людзьмі.           

Ганна РУДСКАЯ.    
Фота аўтара.