Вера, надзея і... Луіджы, або Калі давер пад сумненнем (+ВІДЭА)

Пра Аляксандраўку чула шмат, аднак за час працы мне так і не давялося пабываць у гэтай невялічкай вёсачцы Васілішкаўскага сельсавета, дзе вось ужо сёмы год існуе прытулак для бедных. 
Белы халат, белае сумленне?
Нядаўні выпадак, які здарыўся з яго заснавальнікам – Аляксеем Шчадровым, узрушыў грамадскасць. Малады чалавек пераапрануўся ва ўрачэбны халат, прымацаваў бэйдж, дзе значылася, што мужчына – фельчар, і ў такім выглядзе хадзіў па ЦРБ. У той жа дзень у бальніцы адбыўся крадзеж, Аляксей быў затрыманы супрацоўнікамі міліцыі, затым яго адпусцілі, і гэты факт таксама вызваў цікаваць шматлікіх СМІ.
Што падштурхнула чалавека на хлусню? Навошта ён пераапрануўся ў халат? Дзе праўда, а дзе вымысел? Мы паспрабавалі разабрацца ў гэтай сітуацыі і накіраваліся ў Аляксандраўку. 


Аляксандраўка прымае гасцей 
У вёсцы Аляксея добра ведаюць, толькі больш як брата Луіджы. Стараста Аляксандраўкі Андрэй Цеслюкевіч расказвае, што адносіны ў Аляксея з аднавяскоўцамі не самыя лепшыя. Пастаяльцы яго прытулку часта мяняюцца. Быў час, калі ў Луіджы жыло больш за 20 чалавек, з якіх 10 – судзімыя. Такому суседству далёка не ўсе былі рады. І не без падставы. Да прыкладу, адны з пастаяльцаў дапамагалі па гаспадарцы Андрэю Цеслюкевічу, а затым вылучылі хвіліну – улезлі ў хату, скралі грошы ды спіртныя напоі… Праўда, зараз сітуацыя крыху змянілася – пастаяльцаў усё менш і менш. 
На жаль, Аляксея Шчадрова дома не знайшлі, брат патлумачыў, што ён знаходзіцца ў райцэнтры.
А вось з маці Аляксея Шчадрова – Таццянай, мы пазнаёміліся. Пра сына і яго дзейнасць жанчына расказвае неахвотна, адмахваецца, маўляў, пра ўсё лепш спытайце ў Аляксея.
– З’ехала б, але з нагой праблемы, – тлумачыць сітуацыю Таццяна. – Я б гэтым не займалася. Але, можа, сын “фанат” сваёй веры. 


“Кліенты” (так называе гасцей маці Шчадрова) жывуць у драўлянай хаце праз дарогу. Таццяна таксама там жа, а не з сынам… З дазволу ідзём у госці да тых, хто часова знайшоў прытулак у Аляксандраўцы. 
Пад адным дахам – розныя лёсы 
У доме прыцемкі. Абстаноўка вельмі сціплая. Жанчына чытае кнігу. Убачыўшы гасцей, вітаецца. Тамара тут не першы раз. Жанчына патлумачыла, што з братам Луіджы яна знаёма вельмі даўно. У наступным пакойчыку досыць цёмна. На выгляд ён квадратаў 18-20, не болей. У памяшканні шэсць ложкаў. Пакуль тут жывуць тры мужчыны – Рыгор, Іван і Вячаслаў. 


– А як вы сюды трапілі? – пытаем.
– Я думаў, тут нармальна будзе, а мне ў Гродне на Карскага было лепш, – адразу скардзіцца Рыгор. – Брат Луіджы забраў мяне адтуль. Пацяплее, і я з’еду. Я вадзіцелем раней працаваў і раён ваш добра ведаю. Сам родам з Чарнобыля. А на вуліцы апынуўся пасля разводу з жонкай. Сам сышоў… 
У кожнага свая сумная гісторыя. Прытулак для бяздомных стаў іх агульным домам. Абяздоленых людзей падбіраюць на вуліцы і прывозяць сюды, і яны ўдзячны брату Луіджы за “дах над галавой”, хай сабе і такі. 
З выгодаў у хаце – старэнькі тэлевізар ды цёплая печ. Вада толькі халодная, стаіць у вядры ў суседнім пакоі. Прыбіральня на вуліцы. Памыцца можна ў доме брата Луіджы, але трэба прасіць дазволу.
Прытулак у Аляксандраўцы – грамадская ініцыятыва. Афіцыйна ён не зарэгістраваны, ды і да касцёла ён не мае дачынення. Пасля гучных заяў Аляксея Шчадрова пра тое, што прытулак заўсёды пад пагрозай, напрошваецца пытанне: якая роля мясцовай улады ў гэтай справе? Вось толькі ад любой дапамогі той самай улады Аляксей наадрэз адмаўляецца, як і ад дапамогі Шчучынскай раённай арганізацыі Беларускага Таварыства Чырвонага Крыжа. Мужчына кажа, што ім дапамагаюць веруючыя і “Карытас“. Людзі, якія імкнуцца дапамагчы бліжнім, сапраўды ёсць. Нават адна мая калега некалькі гадоў таму наведвала прытулак кожны месяц, вядома ж, не з пустымі рукамі. Маці Аляксея расказала, што быў выпадак, калі адна жанчына прыехала і ахвяравала прытулку і брату Луіджы… свой аўтамабіль.
За размовай мы не заўважылі, што надышоў час абеду. Для пастаяльцаў гатуе маці Аляксея. Кухня знаходзіцца ў асобным памяшканні і абсталявана згодна з усімі санпатрабаваннямі. На абед – толькі суп…
На жыццё пастаяльцы Шчадрова не скардзіліся, аднак, калі ім прапанавалі іншае месца жыхарства – адразу згадзіліся з’ехаць. Праўда, высветлілася, што пашпарты некаторых знаходзяцца ў Луіджы. Яго брат шукаць дакументы адмовіўся, маўляў у доме Аляксея – усё пад замком. 


У выніку быў выдзелены транспарт для перавозкі людзей. Вось толькі чамусьці нашы героі раптам ехаць перадумалі. Толькі адзін мужчына накіраваўся ў Жалудоцкую бальніцу. Астатнія заверылі, што з’едуць у горад, як пацяплее. 
Пад надзейным крылом?
– Хваляванні ўсіх службаў не выпадковыя, – расказвае начальнік ўпраўлення па працы, занятасцi i сацыяльнай абароне райвыканкама А.І. Навіцкі. – У ходзе правядзення кантролю за бяспечнымі ўмовамі пражывання грамадзян у в. Аляксандраўка ў мінулым годзе былі ўстаноўлены факты, калі брат Луіджы пакідаў жыхароў адных без нагляду. Так, 9 красавіка 2018 гада, ён выехаў за мяжу, пры гэтым пакінуў сваіх гасцей у домаўладанні на апеку састарэлай маці.10 красавіка 2018 года Васілішкаўскім сельвыканкамам сумесна з тэрытарыяльным цэнтрам сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Шчучынскага раёна прыняты меры па размяшчэнні ў Дом Міласэрнасці аг. Каменка аднаго грамадзяніна. Другі быў накіраваны да сястры ў Гродзенскі раён, трэці выбыў па месцы рэгістрацыі ў г. Гродна. 


На працягу ўсяго часу існавання прытулку ўсімі суб’ектамі прафілактыкі кантралююцца ўмовы пражывання грамадзян і іх бяспека. Фактаў парушэння бяспечнага пражывання грамадзян у дадзеным домаўладанні ўстаноўлена не было. Дом, у якім пражываюць падапечныя Аляксея Шчадрова, абсталяваны АПА з вывадам на СЗУ, у доме № 34 усталяваны звычайны АПА. Пытанняў па аказанні дапамогі Аляксей Шчадроў не ставіў і не ставіць.


Брат ты мне ці не брат?
Прызнацца, вельмі хацелася сустрэцца з братам Луіджы, таму мы накіраваліся ў Шчучын. Вось толькі сустрэчы з намі, відавочна, былі не зусім рады. Аляксей скардзіўся, што змарыўся і хоча дадому. Да таго ж заявіў, што не давярае нам, журналістам. Аднак на некалькі пытанняў усё ж згадзіўся адказаць. 
Напрыклад, мы даведаліся, што імя Луіджы ён атрымаў падчас бежмавання ў касцёле, таму і карыстаецца ім зараз. 
Павер у сябе
Да веры мужчына прыйшоў не адразу. Аляксей судзімы 5 разоў. Апошні раз быў асуджаны ў 2009 годзе па арт.205 ч.2 КК Рэспублікі Беларусь (крадзеж, учынены паўторна, або групай асоб, або з пранікненнем у жыллё) і адбываў пакаранне ў ВК-13 г. Глыбокае Віцебскай вобласці. Знаходзячыся ў месцах пазбаўлення волі, ён захапіўся рэлігійнай літаратурай і вырашыў кардынальна змяніць сваё жыццё. З яго слоў, у 2010 годзе, пасля вызвалення, ён атрымаў блаславенне на стварэнне рэлігійнай абшчыны і дапамогу бяздомным. Узяў сабе духоўнае імя “брат Луіджы“, прыняў у Рыме манашаскі зарок. Аляксей сцвярджае, што яму дапамагае ў дзейнасці дабрачыннае каталіцкае таварыства “Карытас“ Гродзенскай дыяцэзіі Рымска-каталіцкага Касцёла ў Рэспубліцы Беларусь і вернікі “жывой веры”. Аднак, у адпаведнасці з размешчанай на сайце Гродзенскай дыяцэзіі Рымска-каталіцкага Касцёла ў Рэспубліцы Беларусь заявай, Аляксей не атрымаў ад Каталіцкай Царквы ніякай кананічнай місіі і не з’яўляецца місіянерам, а заснаваны ім прытулак не з’яўляецца арганізацыяй Каталіцкага Касцёла і мае характар выключна прыватнай ініцыятывы. 
У ліпені 2014 года Аляксей сапраўды наведваў Ватыкан, дзе, паводле яго слоў, быў прыняты сакратаром Папы Рымскага, які паабяцаў садзейнічанне Святога Прастола ў вырашэнні праблемы. Аднак, у афіцыйным паведамленні Апостальскай Нунцыятуры, гаворыцца пра тое, што Аляксей не быў прыняты на аўдыенцыю ні адным з сакратароў Папы Рымскага і ніякіх сустрэч з ім не планавалася. Акрамя таго, у Гродзенскай рымска-каталіцкай епархіі пацвердзілі, што Аляксей зараз не належыць ні да адной каталіцкай манаскай суполкі.
Навошта, брат, белы халат?
Спыталі мы і пра нашумеўшы выпадак з халатам. Аказалася, што Аляксей Шчадроў пасля заканчэння Полацкага медыцынскага вучылішча працаваў фельчарам хуткай медыцынскай дапамогі ў г. Наваполацку. У 2006 годзе быў упершыню асуджаны за крадзеж і збыт наркатычных сродкаў і больш па спецыяльнасці не працаваў. Аляксей увогуле нідзе не працуе. Чалавеку, які не мае пастаянных даходаў, цяжка забяспечыць самога сябе, а Аляксей смела бярэ адказнасць за іншых людзей. 
– Калі ты верыш і ў Бога, і ў людзей, то і ўсё будзе. Не галоўнае ў жыцці грошы, галоўнае – служыць Богу, любіць яго, тады з’явяцца і фінансы, і ежа. Калі справа Божая – яна будзе працаваць.
А вось сам Аляксей працаваць не збіраецца і далей.
– У паліклініцы мне не было каму ўзяць талончыкі, – апраўдвае свой нядаўні учынак Аляксей. – Я раней працаваў фельчарам, і мы ў Віцебск хворых без чаргі вазілі. Апрануў халат, а бэйдж застаўся з былой працы. Усё для таго, каб без чаргі прайсці ў бальніцу і вырваць зубы… 

<

Замест эпілога
Прызнацца, пасля сустрэчы з Аляксеем у мяне з’явілася шмат пытанняў. Дапамагаць людзям – справа добрая, аднак трэба разлічваць на свае ўласныя сілы, працаваць. Ці можа чалавек, які верыць у Бога, хлусіць? Як інакш можна назваць выкарыстанне медыцынскага халата ў сваіх мэтах? Мы прагледзелі матэрыялы з камер відэаназірання. Аляксей крочыць па калідорах паліклінікі ўпэўнена, як сапраўдны ўрач, без чаргі заходзіць у кабінеты…
Атрымліваецца, што ля кабінета сядзяць не тыя людзі, якіх трэба любіць, мы – не тыя журналісты, з якімі трэба размаўляць, улада – не тая інстанцыя, ад якой можна прымаць дапамогу. Дзіўна, што міласэрнасць Луіджы такі выбіральная. 
Ганна КАСПЕР.
Фота аўтара. 

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!