Веларуху ў Шчучыне – зялёнае святло! У Шчучыне прайшла сустрэча, прысвечаная тэме развіцця веларуху ў нашым горадзе

Па ініцыятыве намесніка старшыні райвыканкама Алены Васільеўны Пасюты ў Шчучыне прайшла сустрэча, прысвечаная тэме развіцця веларуху ў нашым горадзе. За сталом перагавораў сабраліся прадстаўнікі раённай улады, вучні гарадской гімназіі і актывісты абласнога аб’яднання веласіпедыстаў “ВелаГродна”.

Сваім меркаваннем наконт пытання з чаго пачаць развіццё веларуху ў Шчучыне з удзельнікамі сустрэчы падзялілася кіраўнік ААВ “ВелаГродна” Юлія Каляда:

-- Безумоўна, усе веласіпедысты мараць аб веладарожках, якія ім не прыйдзецца дзяліць з пешаходамі і аўтамабілістамі. Каб паспяхова папулярызаваць веларух сярод гараджан, трэба забяспечыць дастойныя ўмовы для катання: стварыць безбар’ернае асяроддзе, пабудаваць веластаянкі.

Веларух у невялікіх гарадах, такіх як Шчучын, мае сваю спецыфіку. У нашым райцэнтры налічваецца ўсяго два светлафоры, некаторыя вуліцы ў прыватным сектары не абсталяваны тратуарамі. Большая частка гарадскіх веласіпедыстаў – гэта дачнікі, а гэта звычайна дарослыя і пажылыя людзі. Усе гэтыя нюансы трэба улічваць пры распрацоўцы плана веларуху.

-- Дадаткова неабходна забяспечыць бяспечнае перасячэнне праезжай часткі пры адсутнасці пешаходнага пераходу або ў выпадку абмежаванай абзорнасці з-за гарадскіх будынкаў, -- дабавіў старшыня Орлеўскага сельвыканкама Андрэй Георгіевіч Шэршань. – Акрамя таго, трэба патлумачыць веласіпедыстам правілы дарожнага руху, якія яны павінны строга выконваць.

Намеснік старшыні райвыканкама А.В Пасюта прапанавала стварыць спецыяльны савет па развіцці веларуху ў Шчучыне, у склад якога ўвайдуць прадстаўнікі мясцовай улады і самі гараджане.

-- У бліжэйшы час неабходна сабраць інфармацыю аб нязручнасцях, з якімі сутыкаюцца нашы веласіпедысты, катаючыся па горадзе, -- падвяла вынік сустрэчы Алена Васільеўна. – У гэтым нам згадзіліся дапамагчы вучні гарадской гімназіі, якія зараз знаходзяцца на летніх канікулах і маюць шмат вольнага часу. Выяўленыя праблемы мы прааналізуем і аператыўна выправім.

Аляксандр КАСПЯРЧУК. Фота аўтара.

Добавить комментарий

CAPTCHA
Этот вопрос задается для того, чтобы выяснить, являетесь ли Вы человеком или представляете из себя автоматическую спам-рассылку.
Fill in the blank.