В.Б. Лісоўскі: “Хачу прабегчы 40 000 кіламетраў, роўных даўжыні экватара”

Настаўнік фізкультуры гімназіі г. Шчучына Віктар Барысавіч Лісоўскі заняў трэцяе месца ў міжнародным ультрамарафоне аматараў-бегуноў на 200 кіламетраў

Доўгім бегам Віктар Барысавіч заняўся некалькі год таму, і з кожным разам кіламетраж, які ён пераадольвае, павялічваецца. Нават даўжыня марафону ў 42 кіламетры ўжо не лічыцца для яго нечым незвычайным, паспрабаваць свае сілы Віктару Барысавічу цікава на больш доўгіх і раней не апрабаваных дыстанцыях.

– Існуе такі рух – матч “Клубаў аматараў бегу”, што аб’ядноўвае заўзятых бегуноў з Беларусі, Расіі і Украіны, – расказвае Віктар Барысавіч. – Яго цэнтр знаходзіцца ў Санкт-Пецярбургу. Паміж клубамі праводзяцца спаборніцтвы. Кожны бягун у залежнасці ад сваіх вынікаў і ўзроставай групы атрымлівае ачкі. Я са сваёй дачкой Наталляй з’яўляюся членам клуба аматараў бегу “Аматар” у г. Мінску і на сённяшні дзень уваходжу ў лік пяцідзесяці мацнейшых бегуноў-аматараў з трох тысяч па колькасці пераадоленых кіламетраў.
Гэты год, як лічыць сам Віктар Барысавіч, для яго складваецца даволі паспяхова. Яшчэ ў студзені пад Мінскам праходзіла гонка на сто кіламетраў, у якой В.Б. Лісоўскі прымаў удзел разам са шчучынцам Антонам Акрамешка, дзе яны занялі трэцяе месца. Якраз у тыя дні, калі ладзіліся спа­борніцтвы, па­даў моцны снег. Прыходзілася не толь­кі бегчы, але і арыентавацца на мясцовасці. Як рас­­­казаў Вік­тар Ба­рысавіч, пе­ра­­адо­ле­лі яны гэты кі­ла­мет­раж за 17 га­дзін, пры­чым практычна не спыняліся і толькі ў самых заснежаных месцах рухаліся пешшу. 
Трэцяе месца ў сваёй узроставай групе заняў Віктар Барысавіч і ў 100-кіламетровым марафоне “Налібокі-2017”, які праходзіў у канцы мая непадалёку ад Мінска. Дарэчы, да гэтага ён тройчы станавіўся пераможцам. Падчас марафону Віктар Барысавіч даведаўся аб тым, што ў Расіі, у Валагодскай вобласці, каля горада Белаазёрск, вакол Белага возера будзе праходзіць 201-кіламетровы марафон. 
– Марафон быў разлічаны на тры дні, – расказвае В.Б. Лісоўскі. – Усё наша абмундзіраванне перавозілі за намі арганізатары. Бегуноў-аматараў, якія вырашылі пераадолець такую дыстанцыю,  было толькі сямёра, і толькі я адзін – з Беларусі. Пэўны адрэзак нашага маршруту мы пераадольвалі на пароме, паколькі прабрацца сваім ходам па тых мясцінах было немагчыма. На ўсім шляху нашага руху былі арганізаваны кропкі для харчавання. Што мяне вельмі парадавала, мой арганізм справіўся з каласальнай нагрузкай. Увогуле, каб пераадольваць такія адлегласці, трэба рэгулярна трэніравацца, кожны дзень бегаць, а раз-два ў месяц – па 30-40 кіламетраў.

За апошнія гады Віктар Барысавіч абегаў усё наваколле Шчучына, таму што падчас трэніровак не любіць займацца на стадыёне. Ён ведае, колькі кіламетраў да самых розных аб’ектаў, для гэтага нават гадзіннік сабе спецыяльны набыў, які паказвае кіламетраж. Калі падлічыць, колькі ён прабягае за год, а Віктар Барысавіч фіксуе ўсе кіламетры, атрымліваецца тры тысячы. І гэта без уліку хадзьбы на лыжах. 
– Для мяне бег – гэта ўжо фізічная неабходнасць для арганізма, – гаворыць Віктар Барысавіч. – І я стараюся не рабіць перапынкі ў занятках, у рэдкіх выпадках магу прапусціць толькі дзень.
Ёсць у майго суразмоўцы адна вялікая мара: прабегчы адлегласць, роўную даўжыні экватара – 40 000 км, а затым правесці прабег, прысвечаны гэтай падзеі, напрыклад, даўжынёй у 40 кіламетраў.  Па меркаванні Віктара Барысавіча, калі дазволіць здароўе, яго мара ажыццявіцца акурат перад выхадам на заслужаны адпачынак. Дарэчы, на сённяшні дзень адлегласць, роўную палове даўжыні экватара, ён ужо пераадолеў. І гэта пры тым, што падлікі пачаў весці толькі восем гадоў таму.
– Канечне, такія нагрузкі на ногі здароўя не дабаўляюць, асабліва калі ўлічыць, што адзінаццаць год таму перанёс траўму, – удакладняе мой суразмоўца. – Але ж хіба можна думаць пра гэта, калі вяртаешся са спаборніцтваў з асаблівым пачуццём задаволенасці і яшчэ некаторы час перажываеш тыя эмоцыі, успамінаеш цікавыя імгненні. А калі бяжыш, нават нейкім чынам заспакойваешся, адчуваеш душэўную раўнавагу. Не бегаць я ўжо не магу.  Тым больш, што падчас такіх мерапрыемстваў сустракаеш сваіх аднадумцаў, такіх жа заўзятых бегуноў. Напрыклад, у 200-кіламетровым забегу перамог 26-гадовы масквіч, які працуе праграмістам тры-чатыры гадзіны ў дзень, каб астатні час прысвяціць трэніроўкам. Адзіная жанчына, якая ўдзельнічала ў прабегу, прыехала з Архангельскай вобласці. Яна выхоўвае траіх дзяцей, жыве на хутары і займаецца развядзеннем коз. У той жа час спартсменка атрымала вышэйшую адукацыю, выдатна валодае англійскай мовай і нават на падставе архіўных даных выдала работу, у якой даследавала радаслоўныя сваіх знаёмых. 
…Ужо заўтра Віктар Барысавіч накіруецца на чарговыя спаборніцтвы, якія пройдуць у Раўбічах, каб прабегчы 21 км. Асаблівасць гэтага марафону ў тым, што бегунам прыйдзецца пастаянна пераадольваць горкі, на якіх 11 спускаў і 11 пад’ёмаў. У сярэдзіне жніўня ён плануе бегаць 12 гадзін па стадыёне ў Маладзечна, у канцы жніўня – прыняць удзел у марафоне… 
Са свайго боку скажу, што такія апантаныя, адданыя свайму любімаму захапленню людзі дастойныя павагі. За свае перамогі і выдатныя выступленні Віктар Барысавіч не атрымлівае суперузнагарод, а яшчэ сам, як і ўсе астатнія, выплачвае патрэбныя  ўзносы для ўдзелу ў марафонах. У яго ёсць любімы занятак і мара, якая абавязкова спраўдзіцца.
Ганна РУДСКАЯ.
Фота з асабістага архіва В.Б. Лісоўскага.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!