Васілішкі — радзіма сусветна вядомага музыканта Чэслава Немэна

Два мураваныя касцёлы велічна ўзвышаюцца над сядзібамі шчучынскіх Васілішак.
 

Паселішча ўпершыню пісьмова ўзгадваецца ў канцы ХІV века ў «Апісанні літоўскіх дарог» Тэўтонскага ордэна. На працягу двух стагоддзяў мястэчка было цэнтрам стараства Віленскага ваяводства Рэчы Паспалітай. Па загадзе польскага караля Казіміра Ягелончыка ў 1489 годзе Васілішкі ўпрыгожыў драўляны касцёл Апостала Пятра. Прастаяў ён амаль 150 гадоў. Быў спалены ў час войнаў Сярэднявечча.

 

 

У сярэдзіне ХVІ стагоддзя ў Васілішках жыў польскі кароль і вялікі князь літоўскі Жыгімонт І Стары. Спадчыну прыняў ва ўладанне нашчадак Жыгімонт ІІ Аўгуст. Тут быў заснаваны драўляны манастыр дамініканцаў. Зімою 1706 года ў час другой шведскай вайны ў ім спыняўся польскі кароль Станіслаў Ляшчынскі, а ў суседнім мястэчку Жалудок размяшчаўся на стаянцы шведскі кароль Карл ХІІ. 
 

У час уладання маёнткам Міхася Агінскага пачалося будаўніцтва каменнага касцёла Яна Хрысціцеля.

 

 

 

Пасля трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай у 1795 годзе Васілішкі — у Лідскім павеце Гродзенскай губерні Расійскай імперыі. Дзейнічалі праваслаўная царква, каталіцкі касцёл, сінагога, акружная сядзіба паліцыі, паштовая станцыя і народная школа.

 

 

Згодна з Рыжскім дагаворам 1921 года, мястэчка адышло да буржуазнай Польшчы. З 1940 да 1954 года Васілішкі — раённы цэнтр.

У нямецка-фашысцкую акупацыю гітлераўцы сагналі ў створанае гета звыш 2000 яўрэяў і расстралялі іх. Абеліскам ушанавана памяць ахвяр Вялікай Айчыннай вайны.

У пасляваенныя гады сяляне аб’ядналіся ў калгас, рэфармаваны ў ААТ «Васілішкі». Цэнтральная сядзіба гаспадаркі — вёска Васілішкі — адной з першых у Шчучынскім раёне атрымала статус аграгарадка.

На Гродзеншчыну з Мінска па новай аўтамагістралі значна хутчэй можна дабрацца. За тры гадзіны маршрутка дамчала ад сталічнага аўтавакзала да павароту на шчучынскія Васілішкі. Адсюль да аграгарадка меней дзесяці кіламетраў. На легкавіку, якім кіраваў Валерый Комар, узялі курс да аграгарадка. Па дарозе вадзіцель расказаў, што дзесяць гадоў таму пераехаў з сям’ёю са Шчучына ў вёску Галавічполле. Жонка працуе бухгалтарам у ААТ «Васілішкі». Ад гаспадаркі атрымалі дом, прыватызавалі яго. Дачка Ангеліна і сын Арцём падрастаюць. За дзесяць гадоў вясковага жыцця Валерый Генрыхавіч ні разу не пашкадаваў, што пакінуў горад.

Звілістая дарога, што вядзе ад аўтатрасы да Васілішак, перасякае некалькі вёсак. За аграгарадком Гурнофель з-за пагорка паказаліся васілішкаўскія сядзібы з белакаменным касцёлам. Праз поле, усланае рунню, віднеюцца крыжаваныя шпілі каталіцкага храма суседняй вёскі Старыя Васілішкі. 

 

Выконваючы абавязкі дырэктара ААТ «Васілішкі» Антон БУРНОС і галоўны спецыяліст Святлана Габіс. 

 

Чамусьці мае шля­хі-дарогі за амаль паўвекавую журналісцкую працу міналі гэты заходні куток Беларусі. Ведаю, што тут нарадзіўся і вырас вядомы польскі спявак Чэслаў Немэн. Сапраўднае прозвішча яго — Чэслаў Юліюш Выджыцкі. Музычную адукацыю ён пачынаў у пасляваенным Гродне. У 1958 годзе сям’я пераехала ў польскі горад Гданьск. Там юнак паступіў у вышэйшую музычную школу. Неўзабаве яго імя загучала на польскай эстрадзе. Пасля ўдалага канцэрта ў парыжскай «Алімпіі» ён узяў псеўданім Чэслаў Немэн у гонар роднай ракі. Да паўнаводнага Нёмана нясе крынічныя воды рэчка Лебяда, што абвівае Васілішкі. 
 

Пад’ехалі да бацькоўскага падворка спевака ў Старых Васілішках. Доўгі драўляны дом пераабсталяваны ў клуб-музей Чэслава Немэна. Знакаміты зямляк да апошніх дзён не забываў родныя мясціны.

 

Галоўны эканаміст ААТ «Васілішкі» Нэлі МАРКЕВІЧ.

Загадчык клуба-музея Ула­дзімір Сянюта памятае кожны яго прыезд. Поўныя залы збіраў спявак у Мінску, Гродне, Баранавічах, Пінску, Брэсце. Заўсёды выкройваў магчымасць завітаць у Старыя Васілішкі. Не стала Чэслава Немэна ў 2004 годзе. Дом пераабсталявалі ў магазін. Потым памяшканне некалькі гадоў пуставала. Рашэннем Шчучынскага райвыканкама ў будынку стварылі клуб-музей. Узначаліў яго Уладзімір Сянюта. Пасля заканчэння заафака Гродзенскага сельгасінстытута ён кіраваў васілішкаўскім саўгасам, потым — сельвыканкамам. 
 

Клуб-музей Чэслава Немэна стаў папулярным. Сёлета амаль 10 тысяч чалавек наведалі яго. Кіраўніцтва раёна выдзеліла сродкі на перакрыццё даху. Мурожны падворак аздоблены драўлянымі скульптурамі. Далей ад дома вуліца вядзе да гатычнага чырвонакаменнага касцёла. Уражвае архітэктура. Пабудаваны храм Пятра і Паўла стагоддзе таму. Унутры захаваліся ўнікальныя штучныя пячоры.

 

Трактарыст Станіслаў ВІНЧА.

За касцёльнай агароджай пачынаецца поле. Векавыя дрэвы акружаюць стромкі будынак. Святыня, як і суседні касцёл Яна Хрысціцеля ў Васілішках, узведзены на паўтара стагоддзя раней, вабіць турыстаў. 

Абодва гісторыка-культурныя помнікі адрэстаўрыраваны. У аграгарадку побач з касцёлам Хрысціцеля ўсталяваны помнік Яну Паўлу II. На вуліцы, што вядзе ад храма, захаваліся ўнікальныя помнікі гістарычнай забудовы — муры канца XIX стагоддзя, каменная сінагога. У цэнтры трапна ўпісаліся сучасны ансамбль Дома культуры, карпусы сярэдняй школы з плавальным басейнам, адміністрацыйны будынак. У ім пад адным дахам размешчаны сельвыканкам, дырэкцыя ААТ «Васілішкі», пошта, сацыяльныя службы. У розныя бакі разыхо­дзяцца забудаваныя катэджамі і шматкватэрнымі дамамі прасторныя вуліцы. 

 

Стараста аграгарадка Яніна СЯРГЕЙ, інспектары сельвыканкама Ганна МАРКЕВІЧ і Нэлі ВАЛЬШЧУК. 

 

Стараста аграгарадка Яніна Сяргей, з якой сустрэліся ў сельвыканкаме, па­цвердзіла, што адраджаюцца былыя традыцыі, з’яўляюцца новыя. Як і век таму, на пачатку лета сюды прыязджаюць госці на фэст Святога Яна. А ў канцы жніўня, пасля завяршэння ўборкі, музычных фанатаў збірае свята, прысвечанае слыннаму земляку Чэславу Немену. 

Узгадала стараста аграгарадка, як грамадой пісалі зварот да тагачаснага старшыні Нацыянальнага банка Беларусі Пятра Пракаповіча дапамагчы адрамантаваць будынак участковай бальніцы. Адказу чакаць доўга не давялося. Аднавілі бальнічныя пабудовы і аснасцілі новым медыцынскім абсталяваннем. Васілішкаўская бальніца — адна з лепшых аднатыпных у вобласці. Усе 25 стацыянарных месцаў пастаянна заняты. Працуюць тут тры ўрачы і больш дзесяці медсясцёр і санітарак.

 

Ляснічы Гурнофельскага лясніцтва Раман ТАЛОЧКА і памочнік ляснічага Катажына САВІЦКАЯ.

 

Прырастае аграгарадок новымі сядзібамі. Інспектары сельвыканкама Ганна Маркевіч і Нэлі Вальшчук наперабой расказвалі пра станоўчыя перамены. За апошнія гады пабудавана звыш 300 кватэр. Тыпавымі катэджамі забудавана новая вуліца Юбілейная. Пад дванаццацікватэрны жылы дом будзе пераабсталяваны былы дзіцячы садзік. Выхаванцы яго пераехалі ў новы будынак. Цудоўныя ўмовы створаны і для школьнікаў. Акрамя вучэбных класаў, спартыўнай і актавай залаў, сталовай ёсць і два басейны: неглыбокі для пачынаючых вучыцца плаваць і дваццаціпяціметровы. Апроч школьнікаў карыстаюцца басейнам і іх бацькі. Прафкам гаспадаркі штомесячна закупляе 60 абанементаў на восем наведванняў для працаўнікоў. 
 

Намесніка дырэктара сярэдняй школы Наталлю Талочка радуе, што не змяншаецца колькасць вучняў. Зараз іх звыш трох соцень. 30 першакласнікаў папоўнілі вучнёўскі калектыў. Спецыяльныя аўтобусы прывозяць на заняткі школьнікаў з суседніх вёсак. Два гады таму адноўлены профільныя аграрны і педагагічны класы. Выкладаюць у іх педагогі Алена Ляпеша і Алена Басько.

 

Завуч сярэдняй школы Наталля ТАЛОЧКА з выхаванцамі.

З гонарам расказвала намеснік дырэктара пра выпускнікоў, што засталіся працаваць на зямлі. Чалавекам года ў раёне прызнаны выхаванец школы Віктар Юшкевіч. Летам на зернеўборачным камбайне ён ўбіраў збажыну. З дыпломам інжынера вярнуўся ў гаспадарку Чэслаў Тарасевіч. На палях і фермах сельгаспрадпрыемства працуюць Альфрэд Багдзевіч, Ежы Мухляда, Валерый Батура, Антон Валюкевіч, Віктар Вількевіч, Рамуальд Габіс. 
 

З галоўным спецыялістам ААТ «Васілішкі» Святланай Габіс завіталі на машынна-трактарны двор. Магутнымі самазваламі, энерганасычанымі трактарамі, іншай тэхнікай застаўлены прасторны заасфальтаваны двор. Працоўны дзень завяршаўся. Зіма — час перадыху хлебаробаў. Але ў начальніка гаража Уладзіслава Дамбоўскага клопатаў не паменшыла. У гаспадарцы больш за паўтары сотні трактароў і амаль столькі ж аўтамашын, амаль сорак самых сучасных камбайнаў для ўборкі збожжа, бульбы, буракоў, кармоў і шмат іншай сельгастэхнікі. Захоўваецца яна ў чатырох машынна-трактарных парках. Галоўны — на цэнтральнай сядзібе.

 

Начальнік гаража Уладзіслаў ДАМБОЎСКІ, вадзіцель Ян ВАШЧЫЛА і інжынер па гаруча-змазачных матэрыялах Аляксандр МІСЮКЕВІЧ. 

У дыспетчарскую зайшоў вадзіцель Ян Вашчыла. У жніво на грузавіку ён перавозіў збажыну ад камбайнаў. І зімою машына задзейнічана. Да дыспетчарскай пад’ехаў трактар МТЗ. Механізатар Станіслаў Вінча вазіў гравій на палявую дарогу. Чатыры дзесяцігоддзі ён за рулём. Ад гаспадаркі атрымаў катэдж. З жонкай Марыяй Вітольдаўнай выхавалі пяцёра дзяцей. Дочкі Анжаліка і Ганна не здрадзілі вёсцы. Жывуць у Васілішках. 

Пасля заканчэння Гродзенскага дзяржпедуніверсітэта імя Янкі Купалы працуе інжынерам па гаруча-змазачных матэрыялах Аляксандр Місюкевіч. Штораніцы ездзіць на працу за 15 кіламетраў з вёскі Хадзілоні. Паскардзіўся халасцяк, што дзяўчат у аграгарадку малавата.
 

Па аб’ёме выпуску сельгас­прадукцыі ААТ «Васілішкі» няма роўных у раёне. Паўтара дзесяцігоддзя таму да гаспадаркі далучылі чатыры суседнія. Першы намеснік старшыні Шчучынскага райвыканкама Анатоль Тодрык перакананы, што эксперымент апраўдаў сябе. Узбуйненае сельгаспрадпрыемства шматпрофільнае. Асноўны прыбытак дае жывёлагадоўля. Дырэктар Уладзімір Серахан задаволены, што з пяці малочна-таварных комплексаў, дзе ўтрымліваецца 5400 дойных кароў, штодзённа рэалізуецца амаль 100 тон малака.

 

Настаўнік дзіцячай школы мастацтваў Наталля БАГДЗЕВІЧ і юная піяністка Надзея НАЗАРАВА.

Па падліках галоўнага эканаміста Нэлі Маркевіч, жывёлаводы набліжаюцца да сямітысячнага гадавога надою ад кожнай каровы. Паспяхова працуюць і земляробы. Хлебная ніва займае амаль 8000 гектараў. На круг намалочана па 45 цэнтнераў збожжа. Валавы збор зерня перавысіў 35 000 тон. Пагалоўе жывёлы поўнасцю забяспечана сваімі кармамі. 

На час чарговага водпуску кіраўніка гаспадаркі яго абавязкі выконвае кандыдат сельскагаспадарчых навук Антон Бурнос. Сваю навуковую працу ён рыхтаваў на аснове вытворчых паказчыкаў васілішкаўскага свінакомплексу. Антон Чэслававіч адзначыў, што дасягнутыя поспехі садзейнічаюць развіццю вытворчай і сацыяльнай сфер. Усе чатыры аграгарадкі гаспадаркі адпавядаюць неабходным стандартам. 
 

Ветэранам вытворчасці Людміле Вашчыла, Рэгіне Капіца, Віктару Кавальчуку і Віктару Навіцкаму і іншым перадавікам прысвоена званне «Заслужаны працаўнік». Кожны год яны атрымліваюць надбаўку да пенсіі па 10 базавых велічынь. 70 лепшых працаўнікоў паўтаратысячнага калектыву пастаянна заахвочваюцца падпіскай на «Сельскую газету».

 

 

Ведаюць і чытаюць наша выданне і ў Гурнофельскім лясніцтве, куды перад ад’ездам завіталі. Ляснічы Раман Талочка паўтара дзесяцігоддзя ўзначальваў інжынерную службу ў гаспадарцы. Атрымаў другую вышэйшую адукацыю ў сталічным універсітэце і памяняў прафесію. 8000 гектараў лесу абслугоўвае калектыў лясніцтва. Памочнік Рамана Янавіча — малады спецыяліст Катажына Савіцкая. У абавязкі яе ўваходзіць і догляд маладога саду, дэндрарыя. 

Гэты казачны куточак, як і ўвесь аграгарадок Васілішкі, зачароўвае прыгажосцю, працавітасцю жыхароў і багатай спадчынай. 

 

www.sb.by

 
Подписывайтесь на нас в Яндекс.Дзен, Telegram и Viber!