Вадзіцель, стоп! Не забывай пра пераход

З 27 студзеня па 31 сакавіка на тэрыторыі нашага раёна праводзіцца комплекс прафілактычных мер, накіраваных на папярэджанне дарожна-транспартных здарэнняў, звязаных з парушэннем вадзіцелямі правілаў праезду пешаходных пераходаў.

 

Наколькі паважаюць адзін аднаго пешаходы і вадзіцелі, перасякаючы пешаходны пераход, мы высвятлялі сумесна са старшым дзяржаўтаінспектарам аддзела ДАІ Шчучынскага РАУС Русланам Паўлавічам Маркевічам падчас нядаўняга рэйду ў цэнтры Шчучына. Дарожную сітуацыю зверху кантраляваў квадракоптар: ён фіксаваў усе дапушчаныя парушэнні, каб у выпадку ўзнікнення спрэчных пытанняў супрацоўнікі ДАІ маглі аперыраваць фактамі.

 

 

…Час абеду – і пешаходы, і вадзіцелі спяшаюцца па сваіх справах. Аўтамабільны рух па вуліцы Савецкай становіцца больш інтэнсіўным. Павялічваецца і колькасць пешаходаў. У такой сітуацыі трэба быць максімальна ўважлівым. На жаль, так адбываецца не заўсёды. Некалькі вадзіцеляў не палічылі патрэбным прапусціць пешаходаў, а адзін кіроўца і ўвогуле выруліў па суседняй паласе, не звяртаючы ўвагі на аўтамабіль, які ўжо спыніўся перад пераходам. Шчасце, што пешаходы толькі пачалі рухацца.
Трэба сказаць, што пераважная большасць удзельнікаў дарожнага руху ўсё ж выконвае патрабаванні ПДД, Тыя ж, хто іх парушыў падчас правядзення рэйду, былі прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці.

 

 

– Дарожна-транспартныя здарэнні адбываюцца і на пешаходных пераходах, – гаворыць начальнік аддзела ДАІ Шчучынскага РАУС Уладзімір Іванавіч Хільмончык. – За апошнія пяць год на тэрыторыі нашага раёна зарэгістраваны чатыры такія ДТЗ, калі вадзіцелі наехалі на пешаходаў менавіта на пешаходным пераходзе. Адзін падобны выпадак здарыўся ўжо у гэтым годзе на пераходзе ў раёне возера. Жанчына атрымала цяжкія цялесныя пашкоджанні. Згодна з правіламі дарожнага руху, пешаходы маюць пераважнае права перасячэння пешаходных пераходаў. Аднак ім трэба заўсёды помніць, што на дарозе важна быць узаемаветлівымі.

 

 

Як бы там не было, кожны чалавек, выходзячы на праезную частку, павінен помніць, што нават знаходжанне на пешаходным пераходзе не гарантуе яму поўную бяспеку. Не трэба забываць і пра флікер у цёмны час сутак.

 

– Сёлета ўжо 12 вадзіцеляў прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці за парушэнне правілаў праезду пешаходных пераходаў, – гаворыць старшы інспектар ДПС Руслан Паўлавіч Маркевіч. – Калі падобнае парушэнне ўчыняецца ўпершыню, штраф вагаецца ад адной да пяці базавых велічынь, калі паўторна – ад дзвюх да васьмі базавых велічынь.

 

 

Значная частка пешаходаў – гэта юныя ўдзельнікі дарожнага руху. Наколькі яны выконваюць патрабаванні правілаў дарожнага руху, мы вырашылі праверыць у раёне СШ №2 г. Шчучына. Трэба адзначыць, што школьнікі клапоцяцца пра сваю бяспеку. Напрыклад, да прыпынку гарадскога транспарту яны ўсе як адзін накіроўваліся па пешаходным пераходзе. Напэўна, гэта заслуга дарослых – бацькоў, настаўнікаў і супрацоўнікаў ДАІ, якія пастаянна праводзяць прафілактычная бяседы.

 

Дарога няўважлівасці не даруе. Помніце пра гэта і беражыце сваё жыццё.

 

Ганна РУДСКАЯ.
Фота з архіва АДАІ.

 
Подписывайтесь на нас в Яндекс.Дзен, Telegram и Viber!