Узрост мудрасці і душэўнага багацця

Першага красавіка работнікі аддзела культуры і вольнага часу “Навадворскі Дом культуры” віншавалі з 90-гадовым юбілеем цудоўную жанчыну з аграгарадка Новы Двор Францішку Адамаўну Скавінскую.
Яна нарадзілася ў 1929 годзе у маёнтку Міхалова, што каля вёскі Нарашы. Сёння Францішка Адамаўна ўспамінае:
– У мамы маёй было дзесяць дзяцей, толькі, на жаль, сямёра памерлі ў зусім малым узросце. Помню Вялікую Айчынную вайну, хоць мне было ўсяго дзесяць гадоў. Фашысты ўварваліся ў хату шукаць партызанаў. Мы, малыя, дрыжалі ад страху, што нас заб’юць. Але немцы нікога не знайшлі. Калі мне было трынаццаць – памёр тата. Цяжка было маме з дзецьмі. Але мы ўсё перажылі. Вельмі добра помню, як сустракалі савецкіх воінаў-вызваліцеляў: і дзеці, і дарослыя са слязьмі радасці на вачах, з кветкамі. 
Пасля вайны было таксама цяжка. Але тады стараліся сумленна працаваць. Я хадзіла ў калгас, дзе за працадзень плацілі зернем – 200 грамаў. Потым быў арганізаваны саўгас “Навадворскі”. Працавала паляводам. Выйшла замуж, нарадзіла сына і дачку. Усяго было: і сумнага, і вясёлага ў жыцці. Не стала мужа і сына. Дачка Галіна жыве са сваёй сям’ёй у Гродне. Ніколі не думала, што дажыву да такога сталага ўзросту, але, дзякуй Богу, дажыла, прычакала і праўнучка.
Мы віншуем Францішку Адамаўну з датай мудрасці, душэўнага багацця і прыгажосці. Жадаем ей сіл і добрага здароўя, радасных сямейных святаў, клопату блізкіх і цеплыні родных сэрцаў. 
Марына БЯЛОЦКАЯ,
бібліятэкар Навадворскага Дома культуры.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!