Уладзімір Бодак: “Выходзіш у поле і адчуваеш сябе гаспадаром”

Прасторная кабіна з шырокім і камфортным аглядам, наварочаны бартавы камп’ютар і навігацыйная сістэма, кліматкантроль і якасная шумаізаляцыя… І гутарка зараз ідзе зусім не пра сучасны авіялайнер ці маторную яхту, а пра беларускі зернеўборачны камбайн “Палессе”, на якім убірае хлеб малады камбайнер СВУ “Пратасаўшчына” Уладзімір Бодак. Прычым робіць гэта хутка і якасна, за што заслужана займае лідзіруючыя пазіцыі ў гаспадарцы: на рахунку хлебароба ўжо амаль 700 тон намалочанага зерня новага ўраджаю.

Перадавіка мы засталі на пшанічным полі, якое раскінулася на плошчы 30 гектараў ля вёскі Прудцы. Яго зернеўборачны камбайн нібы плыў па залатым моры спелых каласоў. Калі тэхніка параўнялася з намі, мы не ўтрымаліся і напрасіліся ўнутр.

Некалькі прыступак, і вось мы ўнутры. Як толькі закрылі дзверку, у кабіне стала незвычайна ціха, паветра напоўнілася прыемнай прахладай.

-- Ва ўсіх сучасных камбайнах зроблена якасная шумаізаляцыя і ўсталяваны кліматкантроль, што значна повышае камфорт працы, -- патлумачыў малады камбайнер Уладзімір Бодак. -- Бартавы кампьютар падлічвае страты зерня, якія не павінны перавышаць 0,2%, кантралюе ціск масла, абароты мотавіла і работу іншых вузлоў. Аднак немалаважную ролю адыгрывае і сам чалавек, які павінен уважліва сачыць за ўсім вытворчым працэсам. Мая левая рука ўвесь час знаходзіцца на штурвале, а правая зжымае джойстык. Пры дапамозе апошняга я рэгулюю вышыню і вугал нахілення жаткі. Аднак дастаткова націснуць адну кнопку, і ўключаецца “плаваючы” рэжым: кампьютар сам выстаўляе аптымальную вышыню жаткі і падтрымлівае яе, на хаду ўлічваючы ўсе няроўнасці поля.

І гэта далёка не ўсе навароты камбайна “Палессе”. Да прыкладу, як толькі васьмітонны бункер машыны запаўняецца свежаабмалочаным зернем, бартавы кампьютар падае камбайнеру адпаведны сігнал, і той пачынае выгрузку, якая займае менш за пяць хвілін. Побач у полі дзяжураць грузавыя аўтамабілі, якія аператыўна адвозяць залаты груз на зернесушыльны комплекс, які падчас жніва працуе без перапынку і дапрацоўвае 300 тон зерня ў суткі.

-- Нявопытнаму чалавеку можа падацца, што камбайны рухаюцца па полі хаатычна, аднак на самой справе гэта зусім не так, -- зазначае наш герой. – Тут усё падлічана да сантыметра. Бачыце белыя маркёры па абодвух баках жаткі? Яны павінны рухацца роўна па тэхнічнай каліі – тонкай палосцы зямлі, не засеенай зернем. Усё гэта для таго, каб аптымальна пралічыць колькасць праходаў, якія неабходна зрабіць камбайну. Усім гэтым тонкасцям мяне навучыў вопытны камбайнер Валерый Эдуардавіч Клімовіч.

Па ўсім відаць, што Уладзімір Бодак аказаўся здольным вучнем, бо ўжо абагнаў свайго настаўніка па намалотах. Аднак гэта не перашкаджае мужчынам падтрымліваць сяброўскія адносіны і дапамагаць адзін аднаму.

-- Падчас жніва важна падтрымліваць аптымальную хуткасць камбайна, каб забяспечыць максімальны намалот і мінімальныя страты, -- падкрэслівае малады камбайнер. – І яна не павінна перавышаць 3 кіламетры ў гадзіну. Безумоўна, можна і хутчэй, але тады важкая частка ўраджаю застанецца на полі. У канцы канцоў, галоўнае не аператыўна ўбраныя гектары, а колькасць намалочанага зерня. Калі надвор’е спрыяе, на сваім “Палессі” за працоўную змену ўбіраю прыкладна 15 гектараў, штодзень з бункера высыпаю да 120 тон зерня. Летась на ўборцы зерневых мне не хапіла ўсяго некалькі тон, каб стаць тысячнікам, аднак сёлета я намераны перавысіць гэты рубеж.

Якое ж было наша здзіўленне, калі мы даведаліся што Уладзімір – шматдзетны бацька. Разам з жонкай Вольгай, якая таксама працуе ў СВУ “Пратасаўшчына!”, яны выхоўваюць дачку і трох сыноў. Самаму малодшаму нядаўна споўнілася тры гады.

-- Зарплаты у нас дастойныя, таму дзеці забяспечаны ўсім неабходным, – гаворыць наш суразмоўца. – Гаспадарка выдзеліла прасторны дом, дык чаму б не жыць і працаваць з поўнай аддачай? Адзін мой знаёмы цікавіўся, чаму мы ўсёй сям’ёй не пераязджаем у горад, дзе быццам бы быльш магчымасцей? Ды цесна мне сярод гарадскіх вуліц, дзе ўсе спяшаюцца неведама куды. Гэта не маё. А на сяле прастора: выходзіш у поле, удыхаеш водар спелага хлеба і адчуваеш сябе гаспадаром. Глыбока перакананы, што з вёскі бягуць у асноўным тыя, хто лянуецца і шукае “лёгкіх грошай”. А хто не баіцца працы, той зарабляе!

З меркаваннем Уладзіміра Бодака цалкам згодны галоўны аграном СВУ “Пратасаўшчына” Андрэй Клімовіч.

– У нашай гаспадарцы ўсе працуюць на вынік, таму і вытворчыя паказчыкі высокія, -- дзеліцца сакрэтам поспеху Андрэй Клімовіч. -- Да прыкладу, сёлета ў параўнанні з мінулым годам мы павысілі ўраджайнасць зерневых на 20 цэнтнераў і цяпер яна складае звыш 70 цэнтнераў з гектара. Перавагу аддаём азімым культурам, пад якія ў гаспадарцы адведзена 655 гектараў, а пад яравыя – усяго 260 гектараў. Пры закладцы будучага ўраджаю падбіралі глебы з высокім утрыманнем вільгаці і і выкарыстоўвалі засухаўстойлівыя сорты. Дзякуючы гэтаму вырасцілі дастойны ўраджай і плануем намалаціць каля 6 тысяч тон зерня. На полі штодзень працуюць сем зернеўборачных камбайнаў айчыннай вытворчасці. Тэхніка падрыхтавана выдатна, таму не падводзіць. Нягледзечы на занятасць на жніве, паралельна манціруем новы зернесушыльны комплекс і заканчваем будаўніцтва зернесклада агульнай змяшчальнасцю 1000 тон. Як бачыце, развіваемся, а значыць – жывём!

Аляксандр КАСПЯРЧУК.

Фота аўтара.